Кожную вясну маладзечанскія мастакі ладзяць тэматычную экспазіцыю ў Палацы культуры і прысвячаюць яе адметнай даце ці знакамітай асобе. Добрая традыцыя мае працяг.
Сёлета выстаўка прысвечана 85-годдзю Маладзечанскага раёна, які славіцца сваёй гісторыяй, багаты на культурныя традыцыі і таленавітых людзей. На ёй прадстаўлена творчасць Аляксандра Пашкевіча, Міколы Аўчыннікава, Рыгора Мяжуева, Уладзіміра Тамашэвіча, Віктара Данілава. У дзясятцы творцаў мастакі маладога пакалення: Алена Кучко, Алена Владыка, Ягор і Аляксандр Арцюховы, Міхаіл Францкевіч.
Экспазіцыю складаюць работы, аб’яднаныя адной тэмай – прыгажосцю роднага краю. Аўтары падкрэсліваюць багацце і разнастайнасць беларускай прыроды. Краявіды нібы створаныя для таго, каб занатаваць іх на палатне. Наведвальнікі могуць адправіцца ў імправізаваныя вандроўкі, пабываць у Красным, Беніцы, Конавічах або ваколіцах Гарадка. Адчуць тое, што сучаснасць непарыўна звязана з гістарычным мінулым – там нашы вытокі, нашы карані.
З прывітальным словам да прысутных звярнулася галоўны спецыяліст аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама Аксана Курчына.
Слова ўзялі маладзечанскія мастакі.
Выстаўка будзе працаваць да 10 мая. Усе жадаючыя маюць магчымасць сустрэцца з творчасцю землякоў, натхніцца мастацтвам.
Людміла ЦАР
Фота: Аляксей ПЛАТКО