Новости Молодечно и Молодечненского района

У Ленкаўшчыну, да Юльяна Сергіевіча

  • 2022-07-14 06:20:02

Першае такое свята паэзіі, арганізаванае цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Максіма Багдановіча пры падтрымцы Маркаўскага сельвыканкама і многіх неабыякавых людзей, адбылося тры гады таму. І вось зноў сваякі і аднавяскоўцы паэта, бібліятэкары, настаўнікі, вучні, моладзь і пенсіянеры сабраліся непадалёк ад дома Сергіевіча, на якой размешчана мемарыяльная дошка.

Вядучы сустрэчы пісьменнік і краязнавец Міхась Казлоўскі прыгадаў, як шмат зрабіў Юльян Сергіевіч для захавання роднай мовы і культуры. І пры гэтым заўсёды заставаўся «чалавекам сумленнай душы», як пісаў пра яго ў свой час гісторык, краязнавец Генадзь Каханоўскі. З-за неспрыяльных жыццёвых абставін Юльян Іосіфавіч не змог поўнасцю рэалізаваць свой талент. Галоўная яго мара была аб тым, каб наш народ быў шчаслівым. У адным са сваіх вершаў, датаваным 1940 годам, ён пісаў:

«Я радзіўся і там гадаваўся
Сярод сонечных летніх пяшчот,
Дзе адразу з табою пазнаўся,
Дарагі беларускі народ…».

Ён меў аднадумцаў, сябраваў з пісьменнікамі Янкам Брылём, Пятром Бітэлем. Юльян Іосіфавіч працаваў настаўнікам у вёсцы Доўгі Лог. Там на Каляды ў 1927 годзе ў доме Тэклі Гулецкай ён адным з першых у Беларусі паставіў спектакль «Збянтэжаны Саўка».

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі ўнучка Пятра Бітэля Тамара Бярэзіна прачытала вершы, прысвечаныя Юльяну Сергіевічу і свайму дзеду. У сваім выступленні яна адзначыла, што нягледзячы на гістарычную несправядлівасць, на ганенні ў адносінах да заходнебеларускіх паэтаў, яны не зламаліся, не збочылі са шляху служэння Беларусі.

З вялікай увагай слухалі прысутныя выступленні паэтэс Лідзіі Гардынец, Тамары Аўсяннікавай, настаўніцы Маркаўскай СШ Ларысы Сапач. Вольга Капіца прыгадала, што ў газеце «Святло камунізму» ад 6 лістапада 1990 года былі змешчаны ўспаміны Пятра Бітэля пра Юльяна Сергіевіча. Вучні Маркаўскай школы прачыталі ўспаміны Юльяна Іосіфавіча пра яго дзяцінства і юнацтва. Свой каларыт у літаратурную сустрэчу ўнеслі ўдзельніцы народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля «Маркаўчанка». Адну з песень пад назвай «Чырвоная вішня» жанчыны спяваюць на працягу паўстагоддзя. Цёпла сустрэлі гледачы і выступленне юных музыкантаў братоў Антона і Івана Роўных.

На завяршэнне мерапрыемства выступіў пляменнік Юльяна Сергіевіча Аляксандр Канановіч. Ён расказаў, якім быў яго дзядзька, прачытаў верш, прысвечаны яму.

Аўтару гэтых радкоў таксама пашанцавала быць знаёмым з Юльянам Іосіфавічам і яго жонкай Агатай Канстанцінаўнай. Калі я працаваў у калгасе імя Леніна ў 1971 годзе, мяне пазнаёміў з імі іх сусед Іван Сергіевіч. Яны мне запомніліся як вельмі прыемныя людзі, цікавыя субяседнікі, якія размаўлялі на прыгожай беларускай мове. Абстаноўка ў іх доме была сціплай: самаробны стол, лаўкі… Час ад часу я іх наведваў, яны зацікаўлена распытвалі, як ідуць справы ў нашым калгасе.

Цяжкая хвароба падкасіла здароўе Юльяна Сергіевіча, ён пайшоў з жыцця 4 кастрычніка 1976 года. Усяго 66 гадоў было наканавана яму лёсам. Агата Канстанцінаўна пражыла 92 гады, памерла ў 2002-м.

Удзельнікі мерапрыемства наведалі мясцовыя могілкі, усклалі кветкі у магілу паэта і вернай спадарожніцы яго жыцця. Хацелася б адзначыць, што Маркаўскі сельвыканкам, яго старшыня Іван Мацэвіч сочаць за парадкам у гэтым святым месцы. Сёлета была пафарбавана агароджа на магіле паэта.

Мерапрыемства прайшло вельмі цёпла, па-дамашняму ўтульна. Прысутныя выказалі надзею, што такія паэтычныя сустрэчы будуць праходзіць у Ленкаўшчыне штогод. А значыць, светлае імя Юльяна Сергіевіча не будзе забыта.

Мікалай КОТ.
Фота: архіў ЦЭНТРАЛЬНАЙ РАЁННАЙ БІБЛІЯТЭКІ імя М. Багдановіча.