Новости Молодечно и Молодечненского района

У госці да мастачкі Ядвігі Раздзялоўскай

  • 2022-03-21 06:35:31
  • Людміла Цар

Мастакі, работнікі культуры, моладзь сабраліся ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі, каб у першы дзень вясны ўспомніць Ядвігу Іосіфаўну, лёс якой звязаны з нашым горадам. На доме, дзе яна жыла, на вуліцы Віленскай, устаноўлена мемарыяльная дошка.

Менавіта сюды прыходзілі мастакі, дзяліліся сваімі творчымі планамі, звярталіся па параду і проста гаварылі аб жыцці. Ветлівая, вельмі тактоўная гаспадыня з вялікай цеплынёй адносілася да іх. Таму і цяпер у сэрцах тых, хто асабіста ведаў Ядвігу Раздзялоўскую, жывуць успаміны. Імі падзяліўся сябар Саюза мастакоў Беларусі Мікалай Аўчыннікаў. У час сустрэчы прысутныя прыгадалі імёны Юрыя Герасіменкі-Жызнеўскага, Васіля Лазоўскага, Аляксандра Пашкевіча, Ірэны Ханеўскай…

Слова ўзяла кіраўнік народнай студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Палаца культуры Алена Кучко. Дарэчы, менавіта Ядвіга Раздзялоўская разам з вядомым маладзечанскім мастаком Кастусём Харашэвічам былі ініцыятарамі адкрыцця студыі.

Удзельнікі сустрэчы падкрэслілі вялікую значнасць захавання культурных традыцый, правядзення сустрэч, якія даюць магчымасць узбагаціцца душой.

Прысутныя з вялікай цікавасцю знаёміліся з мастацкімі работамі.

Ядвіга Раздзялоўская належыць да таленавітых людзей, дзякуючы якім папаўняецца скарбніца нацыянальнай культуры Беларусі. Яе работы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі. У Мінскім абласным краязнаўчым музеі знаходзяцца 12 работ Ядвігі Іосіфаўны. Першыя творы з’явіліся тут шэсцьдзясят гадоў таму.

Калекцыя папаўнялася рознымі шляхамі: у дар ад мастачкі, ад сяброў і знаёмых. Летась фонды папоўнілі 102 фотаздымкі з выявамі яе работ.

… І цяпер з вялікага фотаздымка на прысутных сваім цёплым, быццам сонечным позіркам глядзела мастачка. Непадалёк былі размешчаны дакументы, асабістыя рэчы Ядвігі Іосіфаўны. Гучалі лірычныя творы яе любімага кампазітара Фрыдэрыка Шапэна.

Тэкст і фота: Людміла ЦАР.