Новости Молодечно и Молодечненского района

Тэатральная сцэна -- для абмену вопытам

  • 2023-05-29 06:49:13
  • Ірына Рабушка

Для юных гледачоў яны «прывезлі» развіццёвую казку «Вясёлая ферма» маладога рэжысёра Валерыя Карышава. Гэта своеасаблівая гульня з простым зразумелым сюжэтам і інтэрактывам. У спектаклі разыграны розныя жыццёвыя сітуацыі аб узаемадапамозе і дружбе, якая, як і павінна быць у казцы, перамагае. У выніку на ферме ўсе зверы падружыліся, нават кот з курамі і мышамі.

Гродзенцы прыехалі ўсяго на дзень і свой спектакль паказалі двойчы. На абодвух паказах быў аншлаг.

-- У нашай краіне сем дзяржаўных тэатраў лялек, усе калектывы сябруюць паміж сабой, -- заўважае дырэктар «Батлейкі» Таццяна Чаеўская. -- Сустракаемся на фестывалях, якіх, на жаль, не так шмат, і на абменных гастролях. На сцэнічных пляцоўках акцёры дэманструюць свае лепшыя творчыя работы. Таму такія сустрэчы выдатная магчымасць абмяняцца вопытам, а таксама запрасіць на разавыя пастаноўкі рэжысёраў, кампазітараў, мастакоў.

-- Мы вельмі хваляваліся, калі ехалі ў Маладзечна, -- далучаецца да размовы актрыса, вядучы майстар сцэны Гродзенскага абласнога тэатра лялек Людміла Паўлоўская, якая аддала абранай прафесіі 40 гадоў. -- Ваш горад вельмі ўтульны, чысты, зялёны, як, зрэшты, і ўся наша Беларусь. Вельмі прыгожы з асаблівай архітэктурай будынак «Батлейкі». Бачна, што ў яго свая гісторыя. Хваляваліся мы і наконт выступлення перад новай для нас публікай.

Але перажыванні аказаліся дарэмнымі. Юныя гледачы лёгка адгукаліся на інтэрактыў гродзенцаў і гучна апладзіравалі ім. А акцёр Вячаслаў Амбрасевіч увогуле сарваў авацыі. На гастролі ў Маладзечна ён трапіў у дзень свайго 25-годдзя. Яму адрасавалі цёплыя віншаванні і падрылі кветкі.

Калектыў «Батлейкі» мяркуе ўмацаваць сяброўства і абменныя гастролі з тэатрамі краіны. Нядаўна маладзечанцы таксама пабывалі на гастролях у Гродзенскім абласным тэатры лялек, дзе з поспехам прайшоў спектакль «Конек-Горбунок» украінскага рэжысёра Міхаіла Урыцкага, які ў свой час быў запрошаны для яго пастаноўкі ў наш горад.

«Батлейкаўцы» пачалі ўжо рыхтавацца да летняга сезона, каб парадаваць творчасцю дзяцей і падлеткаў, якія будуць адпачываць у аздараўленчых лагерах. Па адпаведных установах гастролі запланаваны з ліпеня па сярэдзіну жніўня. А ў чэрвені яны па-ранейшаму запрашаюць усіх жадаючых завітаць у краіну мастацтва «на стацыянары» ў тэатры. У летнім рэпертуары неардынарная для тэатра лялек прэм’ера гэтага года «Помня героев Победы», разлічаная для гледачоў старэйшых за 12 гадоў, мінулагодняя прэм’ера музычная казка-гульня «Гусяня Дарафей», а таксама іншыя спектаклі і канцэртная праграма.

-- За гэты год нашы творчыя пастаноўкі ўбачылі больш за дзевяць тысяч гледачоў, -- працягвае дырэктар. -- Нядаўняя пандэмія каранавіруса ўнесла свае карэктывы і ў нашу работу, калі публіцы даводзілася ствараць адпаведныя ўмовы знаходжання ў тэатры з захаваннем сацыяльнага дыстанцыравання, з-за чаго запаўняць залу ў поўным аб’ёме было немагчыма. Відавочна, што гледачы засумавалі па мастацтве, таму з асаблівым задавальненнем прыходзяць да нас.

А ў бліжэйшых нашых планах -- выступленне ў рамках Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2023», што адбудзецца ў пачатку чэрвеня. На тэатральнай сцэне пройдуць два спектаклі: прэм’ера 2021 года -- экалагічная казка «История маленькой улитки» (рэжысёрская спроба акцёра гэтага тэатра Міхаіла Асановіча) і чароўная казка «Цудоўная дудка» ў пастаноўцы Мікалая Андрэева, які амаль 20 гадоў з’яўляўся галоўным рэжысёрам «Батлейкі».

Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА.
Таццяна Чаеўская (першая справа) і акцёры Гродзенскага абласнога тэатра лялек Наталля Дацэнка, Вольга Авасількі, Аляксей Кірмуць, Вячаслаў Амбрасевіч, Людміла Паўлоўская.