Выстава «Сусвет творчасці» адкрыта ў Палацы культуры Маладзечна. Экспазіцыя работ выкладчыкаў цыклавой камісіі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага прымеркавана да яе 30-годдзя.
Увазе наведвальнікаў прадстаўлены работы ў розных тэхніках: жывапіс, графіка, выцінанка, аплікацыя саломкай, а таксама фотаработы. Іх аўтары - старшыня камісіі Людміла Валковіч-Борыс, выкладчыкі Лізавета і Наталля Чырвонцавы, Наталля Вальковіч, Дзмітрый Сакалоўскі.
Цыклавая камісія аб’ядноўвае людзей, адданых выбранай справе. Яны прысвяцілі сваё жыццё не толькі творчасці, але і педагагічнай працы. За час існавання камісіі было падрыхтавана каля 320 навучэнцаў.
У каледжы створаны ўсе ўмовы для навучання і самарэалізацыі юнакоў і дзяўчат, пануе ўзнеслая атмасфера. Работы навучэнцаў і выкладчыкаў экспануюцца ў выставачнай зале і мастацкай галерэі каледжа. Адзін з напрамкаў дзейнасці камісіі - арганізацыя выстаў, удзел у мастацкіх конкурсах і правядзенне культурных мерапрыемстваў.
- Выставай «Сусвет творчасці» мы распачынаем цыкл юбілейных мерапрыемстваў, якія будуць праходзіць на працягу года, - адзначыла Людміла Валковіч-Борыс. – Юбілей цыклавой камісіі ўспрымаю як свой асабісты, таму што я навучэнка першага выпуску і больш за дваццаць гадоў выкладаю ў каледжы. Талентавітыя педагогі і мастакі на чале з Вікторыяй Чырвонцавай, Юрыем Герасіменка-Жызнеўскім заклалі моцныя асновы навучання. У сваю чаргу з калегамі мы імкнемся захаваць культурную спадчыну, перадаць свае веды і сакрэты майстэрства маладому пакаленню.
На ўрачыстасці сваімі ўспамінамі і разважаннямі падзяліліся аўтары работ. У іх адрас ад ганаровых гасцей прагучалі пажаданні творчага натхнення, поспехаў і дасягненняў.
Экспазіцыя будзе працаваць да 4 чэрвеня. І ўсе жадаючыя маюць магчымасць адкрыць для сябе сусвет творчасці – шматгранны, рамантычны, таямнічы…
Людміла ЦАР
Фота: Аляксей ПЛАТКО