Сёння ў філіяле Літаратурнага музея Максіма Багдановіча «Фальварак Ракуцёўшчына» праходзіць свята беларускай паэзіі і песні «Ракуцёўскае лета».
Па традыцыі шаноўных гасцей сустрэлі хлебам-соллю.
З прывітальным словам да прысутных звярнуліся намеснік дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Алеся Кузняцова, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Міхась Пазнякоў, старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос.
На галоўнай сцэне членскія білеты атрымалі літаратары, прынятыя ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, адбылося ўрачыстае ўзнагароджванне.
У Ракуцёўшчыне цікава пабываць людзям рознага ўзросту, завітаць на свята з сябрамі або ўсёй сям’ёй. Прыемна тут бачыць моладзь. Уражанняў заўсёды хапае на ўсіх. У мерапрыемстве бяруць удзел установы культуры і самабытныя калектывы мастацкай самадзейнасці Маладзечанскага раёна. У іх ліку Маладзечанскі раённы цэнтр культуры, дзіцячы цэнтр культуры «Расток», Маладзечанскі раённы цэнтр рамёстваў, цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча, Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка». Святочнай праграмай былі прадугледжаны экскурсіі па фальварку, канцэртная праграма, гульні, квэсты, а таксама майстар-класы і фотазоны.
Як не завітаць да Максімавай крынічкі, не зрабіць фотаздымкі на любімым месцы паэта? Здаецца, сама прырода тут натхняе на творчасць, настройвае на лірычны лад.
Тэкст і фота: Людміла ЦАР