Новости Молодечно и Молодечненского района

Постаць Пятра Бітэля

  • 2022-06-17 09:40:56

Схіляю галаву перад постаццю гэтага чалавека, перад яго светлым розумам, яго непахіснай грамадзянскай пазіцыяй, пачуццём уласнай годнасці, павагі да ўсяго створанага чалавецтвам і шчырай, адданай любові да мовы, зямлі, якія далі жыццё і развіццё яго творчаму таленту. Прыходзяць на памяць радкі яго верша, адрасаванага ўнуку:

«… Шануй чужое аж да пакланення,
Сваё любі да самазабыцця».

Вось крыніца яго натхнення — у бязмежнай, бясконцай любові да ўсяго свайго: да неба над галавой, да прыгажосці роднай беларускай зямлі. Нагадаю яго верш:

Што сягоння пахне гэтак —
Вецер ранні, дождж іскрысты?
Гэта з бэзу шызых кветак
Льецца водар лёгкі, чысты.
А што звоніць гэтак шкляна
Серабрыста, як званочкі?
Гэта дробны дождж старанна
Мые травы і лісточкі.
А чаму ў зялёных водах
Хмары плаваюць сягоння?
Заганяе ветру подых
Іх у гэтыя бяздонні.
Вунь зірнула сонца з хмары,
Дожджык ход свой замарудзіў,
Пасвятлелі ніў абшары,
А далей скажы што будзе?

З малых гадоў Пятро імкнуўся да ведаў, хацеў стаць настаўнікам і здзейсніў сваю мару. Аб гэтым этапе свайго жыцця ён раскажа ў вершаванай паэме «Баруны». Там знаходзілася настаўніцкая семінарыя, якая рыхтавала настаўнікаў для вёскі. Сваіх настаўнікаў ён прыгадвае шчырым, добрым словам:

… Таўпуцца, лезуць успаміны,
Плывуць няспынна, як рака…
Гляджу на даўнія хвіліны
Ізноў вачыма юнака.
І далей:
Сумленна, чэсна, працавіта
Яны прайшлі жыццёвы шлях,
А так ахвярнасць іх забыта
Ужо сягоння на людзях.
Што часам можна дацца дзіву…
У іх гісторыі праўдзівай
Неверагоднае штокрок.
І хоць пакрыў былое змрок,
Скажу пра нашу школу смела,
Што многа нам яна дала,
І што выхоўваць для сяла
Яна настаўнікаў умела.
З Барунскай школы педагог
Умеў рабіць адзін за трох.

Ён любіў сваю настаўніцкую працу, але лёс (паводле выказвання самога Пятра Іванавіча) не быў прыхільны да яго і ставіў на жыццёвым шляху розныя перашкоды ў выглядзе беспрацоўя, зняволення, дрэннага стаўлення ўладных структур. Яго талент, працавітасць, адданасць творчасці нязменна знаходзілі выйсце. Так было і са стварэннем перакладу паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Гэты пераклад, па словах Максіма Танка, быў выкананы на высокім мастацкім узроўні ў 1953 годзе, у час зняволення, на мяшках ад цэменту зялёнкай. На жаль, ён быў надрукаваны ў 1992 годзе, пасля яго смерці. З існуючых, прачытаных мной перакладаў, лічу яго лепшым.

Верай у перамогу дабра прасякнута вершаваная казка «Зялёная царэўна». Нягледзячы на ўсе выпрабаванні лёсу, Пётр Іванавіч свята верыў у дабрыню і чалавечнасць, не страціў пяшчотнага стаўлення да блізкіх. Аб гэтым сведчыць яго верш, напісаны на свята жанчын 8 Сакавіка сваім дачцэ, унучцы, праўнучцы:

Баба Аля, мама Тома
І Надзюша, як вядома,
Вельмі мілыя жанчыны.
Дык вось з гэтае прычыны
Іх віншуюць у дзень свята:
Бабу Алю — мама й тата,
А за імі тут жа ўслед
Маму Тому — бабка й дзед,
А затым віншуюць Надзю
З днём жанчын прабабка й прадзед.
І ўсім зычаць з той нагоды
Быць бадзёрымі заўсёды,
Харашэць, душой расці,
Шчасце сталае знайсці,
Бед, хвароб не знаць ніколі
І пражыць сто год і болей.
А складалі вершык гэты
Не адзін, а тры паэты
Вельмі доўга і заўзята
Прадзядуля, дзед і тата.

Гэта вершаванае пасланне датуецца 8 сакавіком 1991 года, за некалькі месяцаў да смерці паэта 18 лістапада 1991 года ад чацвёртага інфаркту. Усё жыццё ён аддаваў цяпло сэрца і святло душы блізкім і народу Беларусі.

Тамара АЎСЯННІКАВА (ШЫПУЛЬ).
Фота: архіў Тамары БЯРЭЗІНАЙ.