Сёлета Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча спаўняецца 80 гадоў. З гэтай нагоды ва ўстанове культуры адкрыта выстаўка-віншаванне «З юбілеем, бібліятэка!».
Як адзначыла метадыст Алена Зубрыцкая, на выстаўцы прадстаўлены віншавальныя паштоўкі, вырабленыя бібліятэкарамі і чытачамі, наведвальнікамі бібліятэк Маладзечаншчыны. Ёсць экспанаты ў розных тэхніках з розных матэрыялаў – маляваныя паштоўкі, вырабленыя ў тэхніцы дэкупажу, у стылі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і інш. Галоўныя тэмы работ – кнігі і сама бібліятэка.
– Аўтары ставілі мэту выказаць павагу да ўстановы, работы бібліятэкараў, падкрэсліць важнасць літаратуры ў выхаванні асобы, – акцэнтавала Алена Антонаўна. – Паштоўкі стваралі нашы землякі розных узростаў, у тым ліку школьнікі. Некаторыя «паштовыя адпраўленні» зроблены ў фармаце відэа. Разам атрымалася прыгожае калектыўнае віншаванне. Далучыцца да яго можа кожны жадаючы.
Субяседніца падкрэсліла, што аўтары лепшых паштовак будуць адзначаны. Адбудзецца гэта восенню. Найбольш крэатыўныя работы вызначыць журы. А пакуль наведвальнікі бібліятэкі могуць знаёміцца з работамі, больш даведвацца пра ўстанову.
У тэму. Гісторыя цэнтральнай раённай бібліятэкі пачалася ў красавіку 1945 года, калі ў наш горад з Вілейкі была пераведзена абласная бібліятэка. Месцазнаходжанне ўстановы некалькі разоў змянялася: размяшчалася бібліятэка на вуліцы Рэвалюцыйнай, потым – Прывакзальнай. У 1960 годзе яна пераехала па сучасным адрасе.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ