На працягу 50 гадоў тут ушаноўвалі перадавікоў, ладзілі калгасныя мерапрыемствы, сустрэчы з ветэранамі вайны, пісьменнікамі, вядомымі асобамі, паказвалі кіно, круцілі пласцінкі і, вядома, спявалі. Клуб (пасля Дом культуры) быў не проста культурна-адукацыйнай установай – менавіта тым месцам, што аб’ядноўвала людзей, землякоў.
Пасля свята, арганізаванага да юбілею, у гледачоў і гасцей яшчэ доўга гарэлі далоні: ні адзін нумар, ні адзін запрошаны на сцэну не засталіся без ашаламляльных апладысментаў. Успомнілі кожнага з былых дырэктараў установы, пачынаючы ад Леаніда Ермаліцкага, мастацкіх кіраўнікоў, калектывы і самадзейных артыстаў. Не забыліся і пра тых, хто адказваў за парадак у клубе, а пры неабходнасці з задавальненнем прымяраў ролю Снежнай Бабы ці нейкую іншую на дзіцячым ранішніку або навагодняй вечарыне.
Дарэчы, новы, 1976 год палачанская моладзь сустракала ў новым клубе. Танцы ладзіў вакальна-інструментальны ансамбль, які хлопцы называлі паміж сабой «Піларама». Удзельнікі таго ВІА і сёння жартуюць, што гурт «Лесоповал» знайшоў сваю назву дзякуючы ім. А зусім нядаўна рытм у танцах тут задавалі маладыя дыджэі, імёны якіх добра вядомыя нашым чытачам: Дзмітрый Шчуцкі, Міхаіл Дземеш, Аляксандр Рыльцоў і іншыя.
Тое, што юбілей адзначылі на сто працэнтаў з сотні, нават не абмяркоўваецца. Здзіўляе іншае: як паспелі падрыхтавацца, калі пасады загадчыка і культарганізатара Дома культуры Алена Тынкевіч і Людміла Кандратовіч займаюць усяго з 11 лістапада?
– Сцэнарый сапраўды рыхтаваўся да нас ініцыятыўнай групай, – пацвердзіла Алена Уладзіміраўна. – Мы толькі падключыліся да нашых актывістаў. Вельмі сельвыканкам дапамог. Таксама велізарную работу правялі пры падрыхтоўцы фотавыставы, дзе сабралі здымкі за паўстагоддзя!
– Трэба аддаць належнае, усе дружна падключыліся, ніхто не адмовіў, спаслаўшыся на занятасць ці нейкія асабістыя прычыны, – дапаўняе Людміла Кандратовіч. – Вялікі дзякуй Ніне Станевіч – натхняльніку і рухавіку многіх нашых мерапрыемстваў, галоўнаму арганізатару.
Што тычыцца музычных нумароў свята, сапраўдным яго ўпрыгажэннем стала вакальная група «Сустрэча». Карэспандэнт «МГ» падгледзела ўрывак рэпетыцыі, зняўшы кароткі, літаральна на хвіліну, відэаролік. За два дні ён набраў 17 тысяч праглядаў! Таленавітыя жанчыны Любоў Бажко, Ніна Кавалеўская, Алена Мішчанка, Ірына Бараноўская, Ала Аноп, Алена Тынкевіч і Людміла Кандратовіч разам з акампаніятарам Ганнай Сінько сталі сапраўднымі зоркамі.
Няхай і надалей спадарожнічаюць ім натхненне, поспех і прызнанне, а палачанскай зямлі шанцуе на таленавітых людзей!
Тэкст і фота: Марына ПУЦЭЙКА