Новости Молодечно и Молодечненского района

Нязгаснай зоркай ты ў небе Радзімы навекі

  • 2025-06-02 11:14:31

23 мая супрацоўнікі Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча запрасілі на мерапрыемства пісьменнікаў, краязнаўцаў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі – усіх, хто шчыра захапляецца лірыкай паэта. У час круглага стала пад назвай «Максім Багдановіч – аснова сучаснай беларускай літаратуры» паразважалі пра яго творчы і жыццёвы шлях, абмеркавалі ўплыў творчасці і яе значэнне для сучаснай беларускай культуры.



З прывітальным словам да гасцей звярнулася загадчык музея «Фальварак Ракуцёўшчына» Любоў Шчэрбач. Сумесна з беларускім краязнаўцам грамадскім дзеячам Міхасём Казлоўскім яны стварылі цёплую атмасферу для далейшага абмеркавання.

Запамінальнай была сустрэча з паэтамі і пісьменнікамі Тамарай Бярэзінай, Тамарай Аўсяннікавай, Лідзіяй Гардынец, Тамарай Бунта. Яны гаварылі аб жыцці паэта, чыталі вершы, дзяліліся пачуццямі і ўражаннямі.

Музычную інтэрлюдыю выканала ўдзельніца калектыву «Сакавінка» Чысцінскага СДК Вольга Драбышэўская.

Творчая сустрэча ў Ракуцёўшчыне падкрэсліла шматгранны талент Максіма Багдановіча і паказала, што яго мастацкі ўплыў бачны ў розных відах мастацтва. Спадчына паэта – гэта не толькі збор вершаў, але і сіла, што аб’ядноўвае розныя пакаленні, натхняе, вучыць любіць свае мову і культуру. Яго творчасць з’яўляецца асновай сучаснай беларускай літаратуры, а мерапрыемствы, прысвечаныя яго памяці, узмацняюць сувязі паміж мінулым, сучасным і будучыняй.
Ніна ВАРЛАМАВА, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦРБ
Фота: архіў БІБЛІЯТЭКІ