Новости Молодечно и Молодечненского района

Намаляваць любоў да Радзімы

  • 2024-09-12 07:30:00
  • Олег БЕГАНСКИЙ

Вядомыя беларуская мастакі нядаўна зноў прыязджалі ў Беразінскае, каб прадоўжыць маляваць знакавыя мясціны Маладзечанскага раёна. Вялікую дапамогу ў арганізацыі мастацкага пленэру аказаў прадпрымальнік, ураджэнец аграгарадка Генадзій ГАЎРЫС.

Мастакі ўжо стваралі ў Беразінскім свае работы напярэдадні ХХІІІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2024». Тады вынікам іх творчасці стала выстава «Маладзечанскія літаратурныя мясціны», якая экспанавалася ў рамках вышэйзгаданага рэспубліканскага творчага форуму.

На гэты раз удзельнікамі пленэру сталі Мікалай Аўчыннікаў, Рыгор Мяжуеў, Аляксандр Грышкевіч, Галіна Бяганская, Алег Іларыёнаў, Вера Каўзановіч, Таццяна Ласка, Вячаслаў Аўгісціновіч. Іх мэтай было адлюстраваць краявіды і гістарычную атмасферу, якая ахінала ў свой час Міхала Клеафаса Агінскага, Леанарда Ходзьку, Альбіну-Габрыэлу Пузыню, Янку Купалу, Максіма Багдановіча.

Пра жыццё нашых знакамітых землякоў нагадваюць старажытныя падмуркі, помнікі, велічныя паркі, пейзажы. І ўсё гэта пераносілася на мастацкія палотны. Натура знаходзілася ў Яхімоўшчыне, Груздаве, Палачанах, Аборку, іншых месцах.

Немалаважна і тое, што ў ролі дарадцаў, экскурсаводаў, краязнаўцаў выступалі мясцовыя жыхары. Яны найбольш ведаюць гісторыю сваіх мясцін, дбаюць, каб памяць пра слаўныя падзеі захоўвалася. Асабліва карысны такі падыход па ўвекавечанні гісторыі для маладога пакалення.

– Цікавасць маладзечанцаў да сваіх каранёў расце, – падкрэслілі ўдзельнікі пленэру. – Мы ўпэўнены, што займаемся карыснай справай. Тым больш што самі мастацкія работы стануць укладам у культурную спадчыну Маладзечаншчыны. Гледачы змогуць любавацца імі праз многія дзясяткі гадоў.

Алег БЯГАНСКІ
Фота: архіў Таццяны ЛАСКІ