Новости Молодечно и Молодечненского района

На мяжы рэальнасці

  • 2023-03-24 07:16:01
  • Людміла Цар

Персанальная выстава маладзечанскага мастака Рыгора Мяжуева адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Прымеркавана экспазіцыя да асабістай даты -- 65-годдзя Рыгора Васільевіча. Называецца яна «На мяжы рэальнасці».

-- У сваіх творах я найчасцей адлюстроўваю тую самую рэальнасць. Занатоўваю краявіды роднай зямлі, якія звязаны са знакамітымі людзьмі і адметнымі гістарычнымі падзеямі. Часта бываю на сваёй малой радзіме на Аршаншчыне. Штогод наведваю магілы бацькоў. Люблю пахадзіць па беразе Дняпра і паназіраць, як некуды спяшаюцца хвалі, нібы абганяюць няўмольны час. Пасядзець пад старымі вербамі. Успомніць дзяцінства, паразважаць.

Аршанская зямля славіцца сваімі людзьмі, гістарычнымі падзеямі, помнікамі даўніны, духоўнасцю. На мастацкіх палотнах Рыгора Мяжуева мы бачым Свята-Богаяўленскі Куцеінскі мужчынскі манастыр -- адно з любімых яго мясцін. У старажытным культавым збудаванні Оршы -- Свята-Ільінскай царкве -- знаходзіцца спіс іконы Божай маці Аршанскай, выкананай у XVIII стагоддзі ў Іверскім манастыры. За кожным сюжэтам -- глыбіня гісторыі, перакрыжаванні людскіх лёсаў, спроба зазірнуць у глыбіні ўласнай душы.

Сто эцюдаў за лета

Рыгор Мяжуеў нарадзіўся ў вёсцы Паддубцы, там прайшлі яго бесклапотныя дзіцячыя гады. У Оршы, куды пераехала сям’я, закончыў сярэднюю школу №8. Навучальная ўстанова адметная тым, што ў свой час у школе выкладаў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч. Маці з трэцяга класа запісала непаседлівага хлопчыка ў розныя аб’яднанні, у тым ліку фотагурток, секцыю па стральбе, студыю выяўленчага мастацтва.

-- Трэба было бачыць, як здзівіўся мой настаўнік Мікалай Кахановіч, калі ў класе сёмым пасля летніх канікул я прынёс у студыю каля сотні эцюдаў, -- успамінае Рыгор Васільевіч. -- Мы іх перагледзелі, адабралі лепшыя. Прызнаюся, напісанне такой колькасці эцюдаў я не лічыў нечым надзвычайным.

Без ваганняў ён выбраў сваю далейшую дзейнасць, якая стала прафесійнай. Вучыўся ў Аршанскім педагагічным вучылішчы. Пасля яго заканчэння працаваў на заводзе, праходзіў тэрміновую службу ў арміі. Пазней паступіў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Па размеркаванні прыехаў у Маладзечна. Пачынаў выкладчыкам выяўленчага мастацтва ў сярэдняй школе №5. Не адзін дзясятак гадоў Рыгор Васільевіч працуе ў гімназіі-каледжы мастацтваў. Выкладае малюнак і кампазіцыю. Перадае сакрэты майстэрства сваім вучням. Многія выпускнікі закончылі акадэмію мастацтваў, рэалізуюць сябе ў творчасці.

У свой час Рыгор Мяжуеў вучыўся ў такіх знакамітых беларускіх дзеячаў, як Алег Арлоў, Іван Сталяроў, Пётр Анашчанка. З 1996 года прымае ўдзел у мастацкіх выставах і зборных выставачных праектах. З 1999-га ў Беларускім саюзе мастакоў.

Наш зямляк прадстаўнік маладзечанскай творчай супольнасці, якая займае сваё месца ў гісторыі беларускага выяўленчага мастацтва XX-XXI стагоддзяў. Яе гісторыя звязана з імёнамі такіх майстроў, як Ядвіга Раздзялоўская, Кастусь Харашэвіч, Зміцер Крачкоўскі, Юрый Герасіменка-Жызнеўскі, Мікалай Аўчыннікаў, Аляксандр Пашкевіч, Аляксандр Грышкевіч, Уладзімір Тамашэвіч…

Творы Рыгора Мяжуева захоўваюцца ў фондах Мінскага абласнога краязнаўчага музея, прыватных калекцыях. Яго персанальныя выставы ладзіліся ў Маладзечне, Вілейцы, Мінску. У іх ліку «Выстава двух», «Акварэльныя вітражы», «Восень», «На скрыжаванні шляхоў», «Нашчадкам Міхала Падалінскага».

Шэраг сюжэтаў на адной экспазіцыі

Работы Рыгора Мяжуева і раней экспанаваліся ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Новая выстава прыцягвае ўвагу наведвальнікаў абстрактнымі кампазіцыямі, беларускімі краявідамі і класічнымі нацюрмортамі. Як адзначаецца ў анатацыі, «эксперымент і класіка -- два розныя амплуа, у якіх мастак працуе на працягу жыцця, здзіўляюць і зацікаўліваюць прыхільнікаў яго творчасці. Мастак усведамляе і сцвярджае такую падвоенасць творчага погляду і манеры, нярэдка карыстаючыся псеўданімам «Мяжа».

У ліку любімых сюжэтаў аўтара куточкі маладзечанскага краю, звязаныя з іменем Максіма Багдановіча (Ракуцёўшчына), Купалаўскія мясціны (Вязынка, Яхімоўшчына) і іншыя. І гэта паэзія быццам ажывае ў фарбах, набывае новае гучанне. Лірычныя ноткі гучаць у яго работах. Нездарма хочацца затрымацца перад кожнай з іх, адчуць філасофскі, задуменны настрой мастака і, магчыма, пераняць яго, нешта новае адкрыць для сябе. У чарговы раз атрымаць асалоду ад самабытнасці беларускага вясковага побыту і традыцый, захапіцца велічнасцю старажытных замкаў, замілавацца краявідамі роднай зямлі, на якой трывала трымаюць карані.

Нямала работ выканана ў абстрактнай манеры. Сваё ўяўленне аб Сусвеце мастак перадае мовай геаметрычных фігур, гармоніяй ліній паралеляў і перакрыжаванняў, колераў і адценняў. На гэты раз хочацца разгадаць, што менавіта схавана за знешнімі, відавочнымі з’явамі рэчаіснасці. І гэту магчымасць мае кожны, хто завітае ў галерэю «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Ва ўрачыстым адкрыцці выставы прынялі ўдзел генеральны дырэктар бібліятэкі Аксана Кніжнікава, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў, мастацтвазнавец Наталля Шаранговіч, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Васілій Касцючэнка. Раздзялілі радасць падзеі з Рыгорам Васільевічам намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі-каледжа мастацтваў г. Маладзечна Святлана Цар, член Беларускага саюза мастакоў загадчык мастацкага аддзялення гімназіі-каледжа мастацтваў Мікалай Аўчыннікаў. У адрас аўтара было выказана шмат добрых слоў і шчырых пажаданняў радасці ад жыцця ва ўсіх яго праявах, настрою, бязмежнай творчасці і натхнення.

Людміла ЦАР.
Фота: архіў Рыгора МЯЖУЕВА.