Новости Молодечно и Молодечненского района

Музыка народная, таму і родная

  • 2024-04-22 06:07:26
  • Татьяна КНЯЗЕВА

Народны ансамбль народнай музыкі «Сакавінка» Чысцінскага сельскага Дома культуры – гэта не толькі калектыў музыкантаў-аднадумцаў, чыя творчасць грунтуецца на нацыянальных традыцыях, але і ўдзельнік фестываляў, святочных мерапрыемстваў рознага ўзроўню.

– Для мяне наш ансамбль – шчаслівы падарунак лёсу. І той выпадак, калі любімая работа сама знайшла мяне, – эмацыянальна дзеліцца Вольга Драбышэўская, кіраўнік ансамбля і музыкант па класе цымбалаў.

Вольга Антонаўна родам з Заслаўя. У час каранавіруснай інфекцыі, калі многія ішлі на самаізаляцыю, яна з сям’ёй пераехала ў сельскую мясцовасць, далей ад шумнай сталіцы.

– Нечакана мяне запрасілі ў сельскі Дом культуры на гутарку, – расказвае Вольга. – На маё пытанне, хто падказаў і адкуль дазналіся пра адукацыю, дырэктар установы культуры з усмешкай прамовіў: маўляў, сарафаннае радыё спрацавала... І сёння не ведаю, хто мяне тады рэкамендаваў, але ніколькі не шкадую, што абставіны склаліся так.
Цяпер у ансамблі «малой формы» чацвёра ўдзельнікаў: Вольга Драбышэўская (цымбалы), Сяргей Якубель (бубен) і трэцякурсніцы Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага Валерыя Космач (скрыпка) і Марыя Судакова (баян). А вось рэпертуар «Сакавінкі» малым не назавеш: ён уключае ў сябе мелодыі многіх народаў свету. У 2022 годзе ансамбль пацвердзіў званне «народны».

– Жывая народная музыка павінна гучаць заўжды! – упэўнена Вольга Антонаўна. – Незразумела, чаму часта перакладаюць мелодыю на «электроніку» і лічаць гэта модным. А як жа нашы карані? Спакон вякоў на вёсцы музыкі ўжывую ігралі і на вяселлях, і на вячорках. На мой погляд, культура Бацькаўшчыны жыве, пакуль льецца беларуская песня і гучыць тутэйшая, местачковая музыка.

Таццяна КНЯЗЕВА