Новости Молодечно и Молодечненского района

Мелодыя з першай ноты

  • 2024-11-03 12:19:22
  • Олег БЕГАНСКИЙ

Цымбалы для Вольгі ЕРМАКОВІЧ былі дзіцячым захапленнем. Прайшоў час, і вось ужо сама Вольга Уладзіміраўна вучыць ігры на гэтым самабытным народным інструменце юных вяскоўцаў.

– Выкладчыкам па класе цымбалаў Аляхновіцкай дзіцячай школы мастацтваў працую амаль 23 гады, – гаворыць субяседніца. – Пры гэтым авалодаць інструментам яшчэ ў дзяцінстве мяне натхніла сяброўка. Яна пасля дзіцячага сада паступіла ў музычную школу і аднойчы расказала, што іграе на цымбалах. Я вырашыла не адставаць ад яе.

Вольга Ермаковіч закончыла музычную школу, Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М.К. Агінскага. У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка атрымала спецыяльнасць «музыка і спевы». Вучыцца ў такога вопытнага педагога перспектыўна і ганарова.

– У цымбалаў вялікія магчымасці, – працягвае Вольга Уладзіміраўна. – Музыканты авалодваюць новымі спосабамі ігры на іх. Кампазітары пішуць сучасную музыку. Цымбалісты выступаюць у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, ездзяць на гастролі. Нацыянальная музыка цяпер запатрабаваная ва ўсім свеце.

Педагог адзначыла, што дзяцей у цымбалах прываблівае сама спецыфіка інструмента. Гучанне ў іх яркае. Здабываецца гук ударамі дзвюх драўляных палачак. Гэта нагадвае цікавую гульню. Да таго ж інструмент беларускі. Ён з’яўляецца часткай нацыянальнай культурнай традыцыі.

– Вельмі рада, калі мае выхаванцы перамагаюць у розных конкурсах, – адзначыла Вольга Ермаковіч. – Здараецца такое нярэдка. Гонар для педагога і калі вучні працягваюць яго справу. Так, мая былая выпускніца Анастасія Усік сёлета закончыла Маладзечанскі музычны каледж і цяпер сама вучыць дзетак.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ