Новости Молодечно и Молодечненского района

«Маркаўчанцы» -- 55!

  • 2023-12-27 04:31:54

Стваральнікам, нязменным і нястомным мастацкім кіраўніком калектыву была заслужаны настаўнік БССР Вера Зікунова. Тады, у 1968 годзе, Вера Мікітаўна ў мясцовым клубе арганізавала самадзейны гурток. Яго першымі ўдзельніцамі сталі Марыя Богуш, Вера Ермаковіч, Яўгенія Стрыга, якіх, на жаль, сёння няма з намі. Пазней да іх далучыліся Марыя Тонкавіч, Марыя Рагуновіч, Надзея Іванова, Софія Яблонская, Глафіра Залеская. Першым акампаніятарам быў Часлаў Шыдлоўскі. На той час ён працаваў загадчыкам Клочкаўскага сельскага клуба, кіраваў ансамблем народных інструментаў, жаночай вакальнай групай «Весялуха», дзіцячым танцавальным калектывам «Сонейка» і ансамблем народнай музыкі «Маркаўскія музыкі». Гэта быў самабытны, улюбёны ў музыку чалавек, які, на жаль, у кастрычніку пайшоў з жыцця. Часлава Шыдлоўскага ў «Маркаўчанцы» змяніў Міхаіл Суднік, затым Леанід Алейнік, які аддаў ансамблю больш за 20 гадоў.

Акампаніятарам калектыву быў самабытны паэт і музыкант Віктар Сыракваш (на жаль, яго не стала зусім нядаўна). Ён меў вялікія паэтычныя і музыкальныя здольнасці. Віктар Ільіч напісаў шмат баек, песень, вершаў і прыпевак. Яго песню пра Маркава «Маркаўчанка» спявала сёлета на раённых «Дажынках» у Чысці.

Сучасную назву калектыў атрымаў у 1983 годзе. Першымі песнямі, якія з’явіліся ў рэпертуары, былі «Чырвоная вішня», «Ой, там пры дарозе». Цяпер удзельнікі «Маркаўчанкі» спяваюць аўтарскія песні (іх больш за 180) Леаніда Алейніка, Віктара Сыракваша, а таксама іншых беларускіх аўтараў і кампазітараў. Калектыў жыве, працуе і радуе беларусаў не толькі песнямі, але і танцамі, абрадамі. Значнай падзеяй для яго стала адраджэнне карагода «Лука», які ў 2021 годзе быў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Нават Сталічнае тэлебачанне ў 2022 годзе паказала яго ў перадачы «Наперад у мінулае».

Калектыў не сядзіць на месцы. У гэтым годзе пабываў на «Дажынках» у Вілейскім раёне, прымаў удзел у віншаваннях з 90-, 95- і 100-годдзем жыхароў сельсавета. Ніводнае мерапрыемства не праходзіць у мясцовым Доме культуры без «Маркаўчанкі». Яна ўдзельнічае ў раённых, абласных і рэспубліканскіх святах, раней нават выходзіла на сцэны Масквы і Ленінграда.

У 1992 годзе ансамблю прысвоена званне «народны». Візіткай калектыву стала аўтарская песня «Маркаўчанка» на словы Таццяны Жукоўскай, мясцовай самабытнай паэтэсы, і музыку Леаніда Алейніка.

У розныя гады калектыў узначальвалі Ірына Карташэвіч, Людміла Асіповіч. Цяпер ім кіруе Марыя Баран, якая больш за 30 гадоў радуе гледачоў сваімі знакамітымі прыпеўкамі і песнямі. Яна з’яўляецца вядучай канцэртных праграм, абрадаў, рэжысёрам разнастайных мерапрыемстваў і свят з удзелам «Маркаўчанкі». Не без яе дапамогі створаны вясёлы, дружны калектыў. Сярод яго Марыя Хадзюнь, яе дачка Алена Страдаева, нявестка Ірына Карташэвіч, а таксама Таццяна Страдаева, Марына Чарняўская, Тамара Тукайла, Тамара Эгерт, Ганна Кулеш, Вольга Сапач, Любоў Яблонская, Ганна Тхагалегава.

На юбілей запрасілі і былых удзельніц калектыву. Гэта Ірына Семашкевіч, Людміла Мядзвецкая, Ганна Корсак, Ірына Сяргей, Галіна Стрыга, Вольга Капіца, Яніна Масціцкая, Лілія Слуцкая, Марыя Асіповіч, Тамара Скрыба, Лідзія Гарадовіч, Ніна Асіповіч, Софія Кісліцкая, Ванда Клаўсюк, Наталля Козел. Большасць удзельнікаў ансамбля -- ветэраны пярвічнай ветэранскай арганізацыі сельсавета.
Прыгожа аформленая сцэна Маркаўскага СДК, прыбраныя ўдзельніцы «Маркаўчанкі», поўная зала гледачоў і гасцей -- гэтым запомніцца ўсім юбілейны канцэрт, вяла які Анастасія Клаўсюк. Шмат гучала слоў віншаванняў. Галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама Аксана Курчына ўручыла грамату Марыі Баран, а таксама дырэктару Цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна Таццяне Калядзе-Замойскай. Яна аб’явіла падзяку і ўручыла кветкі і кубкі з лагатыпам юбілею «Маркаўчанкі» ўсім удзельніцам ансамбля за актыўны ўдзел у культурным жыцці раёна, асабісты ўклад у развіццё і папулярызацыю фальклорных традыцый і народнай творчасці. Вядучая ад імя пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі клубных работнікаў павіншавала калектыў са святам і ўручыла цудоўны букет, ад Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, спорту і турызму -- грашовую прэмію.

Старшыня Маркаўскага сельсавета Іван Мацэвіч, які заўсёды падтрымлівае і ганарыцца сваімі таленавітымі аднавяскоўцамі, падарыў віноўнікам урачыстасі вялікую карціну «Маркаўчанка».

З пакалення ў пакаленне перадаюць песні маркаўцы ад дзеда ўнуку, ад унука праўнуку. І ёсць у гэтых песнях глыбокая і праўдзівая навука, яны з глыбінь жыватворных. І які б узрост удзельніц ансамбля ні быў, якія б рытмы не былі ў модзе, а мілагучная песня з яе гаючай чароўнай сілай ніколі не страціць свайго хараства.

Жадаю калектыву яшчэ доўга радаваць людзей сваёй творчасцю, абуджаць у душах любоў да роднай песні, захоўваць і прымнажаць нашу багатую спадчыну.

Новых песень і творчага плёну!

Мікалай КОТ,
намеснік Маркаўскай пярвічнай ветэранскай арганізацыі.
Фота: архіў «МГ».