Новости Молодечно и Молодечненского района

Маляўнічы свет у дзіцячых работах

  • 2024-01-08 04:31:38
  • Людміла Цар

У ім прынялі ўдзел навучэнцы дзіцячых мастацкіх школ, школ мастацтваў, устаноў дадатковай адукацыі, студый выяўленчага мастацтва.

У наш горад прыехалі юныя таленты ва ўзросце ад дзевяці на шаснаццаці гадоў з пяці абласцей Беларусі. Усяго паступіла 145 заявак з 26 навучальных устаноў мастацтва. Маладзечанскі раён прадстаўлялі выхаванцы дзіцячай мастацкай школы мастацтваў, гімназіі-каледжа мастацтваў, Лебедзеўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Творчая ініцыятыва правядзення форума належыць дырэктару музычнага каледжа Дзмітрыю Раўбе. Ідэя ўзнікла невыпадкова. У каледжы каля трох дзесяцігоддзяў плённа працуе аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, падабраны высокапрафесійны калектыў выкладчыкаў, якім па сілах маштабныя пачынанні. Дарэчы, старшыня цыклавой камісіі «дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» народны майстар Беларусі Людміла Валковіч-Борыс уваходзіла ў арганізацыйны камітэт і была членам журы ў старэйшай узроставай катэгорыі.

-- Журы малодшай узроставай катэгорыі ўзначальваў Мікалай Цітоў, старэйшай -- Святлана Мацвейчык, якія працуюць старшымі выкладчыкамі кафедры «дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, -- расказвае Людміла Мікалаеўна. -- Работа журы была вельмі напружанай. З вялікай колькасці работ трэба было адабраць лепшыя. Канкурсанты прадстаўлялі дамашнюю работу па тэме «Беларускі народны каляндар» і выконвалі на месцы конкурсную работу на невядомую загадзя тэму. Канкурсанты ў адпаведнасці з узростам стваралі сюжэты на тэмы «Чараўніцтва зімы» і «Святое Нараджэнне Хрыстова». Для творчага працэсу былі задзейнічаны адзінаццаць аўдыторый, адведзена шэсць акадэмічных гадзін.

З мэтай падтрымаць рознабаковыя таленты ўмовамі конкурсу былі прадугледжаны шматлікія намінацыі. У іх ліку: за лепшую дамашнюю работу, за майстэрства выканання работы, арыгінальнасць кампазіцыйнага рашэння, лепшае каляровае і сюжэтнае рашэнне.

Арганізатары пастараліся стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для кожнага канкурсанта. Разам з дзецьмі ў Маладзечна прыехалі іх настаўнікі і бацькі. Навучэнцы музычнага каледжа аказвалі дапамогу ў вырашэнні арганізацыйных пытанняў, суправаджалі гасцей. Для ўсіх жадаючых была арганізавана экскурсія па каледжы. З вялікай цікавасцю яны наведалі мастацкую галерэю. Шмат пазітыўных уражанняў гледачы атрымалі ў час канцэртнай праграмы.

Конкурс «Маляўнічы свет» завершаны. Гран-пры ўдастоены Соф’я Свядыш (Чэрвеньская дзіцячая школа мастацтваў, малодшая група) і Сафія Фаміна (дзіцячая мастацкая школа з Віцебска, старэйшая група).

Усяго ў ліку ўзнагароджаных было 80 чалавек, з іх больш за 20 сталі лаўрэатамі. Пераможцы адзначаны ганаровымі дыпломамі, грашовымі прэміямі, каштоўнымі падарункамі, а таксама сувенірамі, якія спецыяльна вырабіў выкладчык каледжа Андрэй Гамолка. Не засталіся па-за ўвагай і выкладчыкі. Напрыклад, дырэктар Маладзечанскай дзіцячай мастацкай школы мастацтваў Наталля Трус атрымала падзяку за самую вялікую колькасць удзельнікаў конкурсу. Іх было трыццаць чатыры.

Кожнаму ўдзельніку арганізатары прадугледзелі сертыфікаты, памятныя буклеты і стылізаваныя магніты.

У дзяцей і дарослых засталіся самыя яркія ўражанні ад мерапрыемства. Мяркуючы па водгуках выкладчыкаў устаноў культуры і мастацтва, якія высока ацанілі ўзровень падрыхтоўкі і правядзення конкурсу, ён мае ўсе падставы стаць традыцыйным і прапісацца ў каледжы імя М.К. Агінскага, дзе музычнае і выяўленчае мастацтва ідуць поруч.

Людміла ЦАР.
Фота: архіў КАЛЕДЖА.