Выстава жывапісу Васілія Бурава пад назвай «Лабірынты творчасці» менавіта такая. Яна экспануецца ў выставачным фае Палаца культуры і мае ўсе падставы, каб выклікаць шэраг эмоцый у наведвальнікаў.
Па словах аўтара, часам для мастака нават не вельмі прыемны водгук можа значыць больш, чым хвалебная ода і шаблонныя выказванні. Вельмі важным аспектам была і застаецца менавіта шчырасць. Прычым не толькі ў творчасці, але і ў паўсядзённым жыцці.
У час адкрыцця экспазіцыі знаёмыя Васілія Фёдаравіча гаварылі аб яго ўменні сябраваць, прыйсці на дапамогу, адзначалі шматграннасць творчай натуры. Як аказалася, наш зямляк умела валодае не толькі пэндзлем, але і вязальнымі пруткамі, кручком, умее шыць на машынцы.
У свой час Васілій Бураў закончыў Маскоўскі ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «станковы жывапіс». Працаваў на вытворчасці, але і на любімы занятак часу хапала. Мастаком напісана больш за семсот карцін у розных жанрах: партрэт, нацюрморт, пейзаж, іканапіс. Перавагу ён аддае стылю філасофскай тэматыкі.

Яго работы знаходзяцца ў музеях нашай краіны, а таксама ў прыватных калекцыях за мяжой. Некалькі разоў мастак прымаў удзел у сумесных выставах у Нацыянальнай бібліятэцы. Арганізаваў і правёў сорак сем персанальных у розных беларускіх гарадах. І гэта, вядома, не мяжа.
Выдатным дапаўненнем да выяўленчага мастацтва ў той вечар стала музычнае. Песенны твор у выкананні народнага вакальнага ансамбля «Менестрэлі» Палаца культуры быў прысвечаны прыгажосці роднай Беларусі. Як і работы мастака.
Тэкст і фота: Людміла ЦАР