— Аркадзь Трафімавіч, пад гэтай прыгожай рознакаляровай вокладкай, якая адразу прыцягвае ўвагу, 13 казак. Па якім прынцыпе вы іх адбіралі?
— Гэта мае лепшыя казкі, якія былі вельмі прыязна сустрэты юнымі чытачамі часопісаў «Вясёлка», «Рюкзачок», а таксама слухачамі «Вячэрняй калыханкі» Беларускага радыё. Яны цікавыя і займальныя, разнастайнай тэматыкі: прысвечаныя незвычайным прыгодам свойскіх жывёл, клопатам і забавам лясных жыхароў. У іх шмат жывых сцэнак, у якіх удзельнічаюць самі дзеці. Яны вучаць дабрыні і мудрасці, таварыскасці і павазе да старэйшых, спагадзе да больш слабых, любові да Радзімы, роднага краю – усяго жывога на зямлі.
— Вашы творы лёгка чытаюцца, а вобразы надоўга застаюцца ў памяці: незвычайны конь, адважны верабейка, цікаўная жырафа, руплівы зайка, увішная вавёрачка, неўтаймоўны палявы цвыркун… Скажыце, адкуль вы чэрпалі сюжэты?
— Яны ўзяты як з майго ўласнага вопыту, з жыцця маёй сям’і, так і з назіранняў за прыроднымі з’явамі, жыццём насельнікаў зялёнай планеты. Многія казкі прыходзілі да мяне ў сне. Заставалася толькі запісваць. І ўсё ж пераважае фантазія, якая ператварае ў таямнічае і незвычайнае ўбачанае ў жыцці. Вось, напрыклад, прататыпам дзяўчынкі з загалоўнай казкі «Чароўныя словы» часткова стала мая ўнучачка. Яна была вяртлявым птушаняткам, якое сачыла за ўсім, але не слухалася бацькоў, рабіла ўсё наадварот. І толькі дзякуючы выхаванасці, цярпенню і суладдзю бацькоў зразумела, што такое дабро і зло. Дарэчы, цяпер мая ўнучка ведае не толькі гэту казку, але і ўсю маю кнігу на памяць і з непрыкрытай радасцю пераказвае змест сябрам-другакласнікам сваёй гімназіі.
— Гартаючы кнігу, заўважыла, што ў сюжэты казак арганічна ўпісаліся цікавыя факты, якія і для многіх дарослых будуць пазнавальнымі: пра ветрагенератарныя ўстаноўкі на мядзельскай зямлі і паўстанне нарачанскіх рыбакоў, легенду возера Нарач і хуткасць вераб’я ў паветры...
— Так, я перакананы, што цікаўнасць – вельмі добрая рыса як для дзяцей, так і для дарослых. Паспець ухапіць як мага больш карыснага, разумнага важна з першых гадоў жыцця. А яшчэ лічу, што менавіта казкі вучаць быць добрымі, адказнымі, шчырымі і разважлівымі, умець цаніць тое, што маеш, любіць і шанаваць сваё роднае, дараваць крыўды, радавацца за іншых, берагчы сяброўства. Вучаць жыццю, бо казка – яго міні-мадэль. Я пастараўся не проста расказаць, развесяліць дзяцей чароўнымі гісторыямі, але і закласці ў кожную казку самае галоўнае – духоўныя каштоўнасці і маральныя арыенціры. Нездарма ж Міністэрства аховы здароўя выкарыстоўвае мае казкі на сваіх інтэрнэт-парталах як дзейсны сродак ад стрэсаў, стомленасці, бо гэтыя творы напаўняюць чытальнікаў пазітыўнай энергіяй.
— Раскажыце, хто так прыгожа аформіў вашу новую кнігу?
— Сапраўды, мне вельмі падабаецца яе яркае і трапнае афармленне з мноствам цудоўных малюнкаў да кожнай казкі, якое выканала мастачка Алена Кучко. Прафесійныя ілюстрацыі робяць чароўны свет аб’ёмістым і блізкім для маленькага чытача, які менавіта з малюнкаў пачынае знаёміцца з кнігаю. Удзячны я і пісьменніку, лаўрэату шматлікіх літаратурных прэмій Міхаілу Пазнякову, які напісаў уступнае слова да кнігі.
— Нельга не адзначыць і інтэрактыўныя магчымасці выдання…
— На адваротным баку вокладкі пазначаны QR-код, які з дапамогай смартфона адашле прасунутага чытача на мой літаратурны інтэрнэт-блог, дзе акрамя казак можна прачытаць шмат чаго цікавага і пазнавальнага і для дарослага чытача.
Застаецца дадаць, што кніга «Чароўныя словы» выканана ў падарункавым варыянце, а значыць, невялікім накладам, і тым больш прыцягальная для прачытання. З гэтага вынікае і тое, што інвестыцыі ў дзіцячую літаратуру не менш важныя, чым укладанні ў іншыя віды дзейнасці. Тым больш гэта апраўдана і актуальна з прыняццем у Беларусі праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва, якое патрэбна пачынаць з нашых дзяцей.
Гутарыла Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў Аркадзя ЖУРАЎЛЁВА.