19 верасня ў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча прайшла вечарына памяці класіка беларускай літаратуры Уладзіміра КАРАТКЕВІЧА «Быў. Ёсць. Буду». Была яна прымеркавана да 40-годдзя з дня яго смерці і 60-годдзя выхаду ў свет дэтэктыўнай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха».
Творчасць Уладзіміра Караткевіча – выключная з’ява ў беларускай літаратуры мінулага стагоддзя. Тым, што стварыў гэты пісьменнік, магла б ганарыцца любая высокаразвітая літаратура. Асаблівая заслуга Караткевіча – у напісанні выдатнай гістарычнай прозы, у якой пісьменнік змог паказаць беларусам, што ў іх ёсць свая гісторыя.
Гістарычны дэтэктыў «Дзікае паляванне караля Стаха» – адзін з найбольш папулярных твораў класіка. Народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў пісаў: «Створаная паводле выпрабаваных канонаў прыгодніцкай рамантыкі, гэта аповесць мае і нешта адметнае ў сваёй структуры, нейкую ўласцівую ёй таямніцу-загадку, якую нават цяжка растлумачыць з пазіцый фармальнай логікі, а можна хіба адчуць».
Натхняльнікам і вядучым мерапрыемства быў пісьменнік і краязнавец Міхась Казлоўскі. Ён пазнаёміў гасцей сустрэчы са старонкамі біяграфіі аўтара, гісторыяй аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха». Аповед ілюстравала электронная прэзентацыя. Да мерапрыемства была падрыхтавана кніжная выстава.
На вечарыну завіталі паэты з Маладзечна, Мінска, Валожына. На працягу мерапрыемства ў выступленнях удзельнікаў рэфрэнам гучала думка: каб лепш зразумець нашу гістарычную мінуўшчыну, каб адчуць непаўторнасць нашай Беларусі, трэба чытаць творы Уладзіміра Караткевіча – Пісьменніка і Грамадзяніна.
Алена ЗУБРЫЦКАЯ,
загадчык аддзела Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча