09.04.2021 11:21

Іван Мележ зацікавіў — гэта «хвакт»!

Як зацікавіць маладых людзей чытаннем твораў беларускіх класікаў? Лепш за ўсё пачаць чытаць разам з імі.

Менавіта так зрабіла бібліятэкар Марыя Кароль з гарадскога філіяла №1 цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча, калі запрасіла першакурснікаў гімназіі-каледжа мастацтваў разам стварыць літаратурны партрэт класіка беларускай літаратуры Івана Мележа. Мерапрыемства пад назвай «Вялікі дар нашчадкам» было прымеркавана да 100-годдзя з дня нараджэння пісьменніка, якое адзначалася ў нашай краіне 8 лютага.

Будучыя мастакі прыйшлі ў бібліятэку разам з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Ларысай Яркевіч. У каледж яны паступілі пасля 9 класа, таму творы Мележа яшчэ не вывучалі. Бібліятэкар прапанавала ім паглядзець фільм аб жыцці і творчасці пісьменніка «Туманы над багнаю», абмеркаваць цікавыя моманты яго біяграфіі.

— Навучэнцы даведаліся, што ў школе Іван Мележ шмат маляваў. У дарослым жыцці выдатна ведаў сусветную гісторыю мастацтва, меў шмат альбомаў. Да слова, яго ўнук Іван Сямілетаў стаў мастаком, — расказвае Марыя Кароль.

З ахвотай адгукнуліся юнакі і дзяўчаты на запрашэнне бібліятэкара агучыць адзін з урыўкаў рамана «Людзі на балоце», першай часткі трылогіі «Палеская хроніка».

— Каб задзейнічаць больш чытальнікаў, я падабрала тэкст, у якім палешукі абмяркоўваюць зямельнае пытанне. У іх гутарцы шмат адметных слоў, характэрных для Палесся – радзімы Івана Мележа, — гаворыць Марыя Эдуардаўна. — Праўда, я крыху сумнявалася, ці ацэніць мой эксперымент моладзь, ці асіліць палескі дыялект. Але дарэмна — юнакі і дзяўчаты выдатна справіліся!

Навучэнцы з цікавасцю разгарнулі на ўказанай старонцы тоўстыя тамы рамана. Дзякуючы каларытнай мове герояў Мележа, яны на некалькі хвілін адчулі сябе сапраўднымі палешукамі, якія замест слова «факт» вымаўляюць «хвакт», кажуць не «быў», а «буў», не «масла», а «масло»… З усмешкай падхапілі яны і «грэц яго» — слова-паразіт, якім грашыў бацька галоўнай гераіні Ганны Чарнушкі…

Хочацца спадзявацца, пасля гэтай сустрэчы першакурснікі з піетэтам паставяцца да вывучэння літаратурнай спадчыны Івана Мележа, зацікавяцца творчасцю іншых беларускіх пісьменнікаў. Як сведчанне таму – адна з дзяўчат адразу ўзяла на абанеменце «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча.

Да слова, сярод чытачоў бібліятэкі ёсць тыя, якія глыбока цікавяцца беларускай літаратурай, чытаюць як класікаў, так і сучасных аўтараў. Самы актыўны сярод іх Міхаіл Шастоўскі.

А ў планах супрацоўнікаў філіяла №1 запрасіць моладзь на чарговую літаратурную сустрэчу, прысвечаную творчасці Кандрата Крапівы, 125-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца сёлета.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў БІБЛІЯТЭКІ-ФІЛІЯЛА №1.

Прочитано 193 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.