Юным творцам прапанавалася скласці казачныя ці павучальныя гісторыі пра сябе, школу, прыроду, пафантазіраваць пра будучыню ці паралельную рэальнасць.
— Прыемна, што адгукнуліся вучні вельмі многіх школ горада і раёна: Турэц-Баярскай, Аляхновіцкай, Маркаўскай, Чысцінскай, Красненскай сярэдніх школ, Дубраўскага і Радашковіцкага вучэбна-педагагічных комплексаў, а таксама з гімназіі №6, сярэдніх школ №4, 8, 9, — расказвае вядучы метадыст цэнтралізаванай клубнай сістэмы Вераніка Гарбачова. – Парадавалі нас таксама творчыя работы з Гомельшчыны і нават з Рэспублікі Комі.
Нядаўна ў клубнай сістэме павіншавалі пераможцаў, уручылі ім падарункі і дыпломы. Першае месца ва ўзроставай групе 8-11 гадоў заняў Данііл Кісель з гімназіі №6. У сваёй рабоце хлопчык узняў вельмі актуальную праблему залежнасці дзяцей ад гаджатаў.
— Адкласці свае тэлефоны і зляпіць снежную бабу аднойчы прапанавала нам настаўніца. І гэта рэальная, а не віртуальная гульня на свежым паветры аказалася больш цікавай і карыснай, згуртавала нас, — робіць выснову Данііл.
Дыплом за першае месца сярод вучняў 12-14 гадоў арганізатары конкурсу адправілі Уладзе Жытар у далёкую Рэспубліку Комі, у пасёлак Яснэг. Дзяўчынка паспрабавала знайсці спосаб, як сучаснаму чалавеку выратавацца ададзіноты. Для гэтага, на яе думку, трэба раскрыць сваё сэрца насустрач людзям, укласці ў адносіны, у любімую справу душу. Тады абавязкова ўсё атрымаецца і жыццё заззяе новымі фарбамі.
Сярод старэйшых вучняў, якім споўнілася 15-18 гадоў, перамог Аляксей Зайцаў з Радашковіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу. Яго фантазійны твор называецца «Казка аб лёсе, якога не было». У ім зноў жа закранаецца тэма адзіноты: далёкі Месяц перастаў сумаваць, калі на яго прыляцела Надзея…
Многія сачыненні кранулі журы шчырасцю, імкненнем аўтараў падзяліцца сваімі праблемамі і перажываннямі, расказаць аб самым патаемным. Яны ў чарговы раз прымусілі дарослых задумацца, што мы можам зрабіць, каб нашы дзеці былі шчаслівымі, не адчувалі адзіноты, менш сумавалі… Адметна, што журы конкурсу ўзначаліла дзіцячая пісьменніца Аляксандра Хамянок. У падарунак пераможцам і прызёрам яна перадала ўласныя кнігі, творы для дзяцей беларускіх пісьменнікаў.
Работы пераможцаў, а таксама прызёраў Дзіяны Варыкаш з Дубраўскага вучэбна-педагагічнага комплексу і Ангеліны Ветлавай з Маркаўскай СШ будуць надрукаваныя ў беларускім дзіцячым часопісе «Волшебный». І гэта таксама выдатны стымул для далейшай творчасці.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Сяргей АРУЦЮНЯН.