Нехта прыехаў з раёна, каб вырашыць кадравыя пытанні, нехта прынёс на подпіс тэрміновыя дакументы, а ў кабінеце супрацоўнікі гучна абмяркоўвалі новыя творчыя праекты. Цікава было даведацца пра іх, што называецца, з першых вуснаў.
— Як заўсёды, год будзе напружаным, цікавым на розныя падзеі, — зазначыла Ганна Іванаўна. — Запланавалі нямала мерапрыемстваў традыцыйных, «абкатаных» і зусім новых, якія яшчэ трэба распрацаваць. Сведчанне таму — важкая папка, у якой па днях распісаны фестывалі, прэзентацыі, конкурсы, вызначаны адказныя за іх правядзенне.
— Тое, што атрымалі сваё памяшканне, дало новыя магчымасці для работы. Канцэртную пляцоўку хутка ацанілі і шматлікія наведвальнікі, і калегі. Але сцэнай абмяжоўвацца мы не збіраемся, летам наогул выйдзем на лясную прастору, — усміхаецца субяседніца. – У Гарадоцкім лясніцтве запланавалі конкурс «Лепшы грыбнік». Да актыўнага ўдзелу ў ім запросім усіх аматараў ціхага палявання. Спадзяёмся, што дароў прыроды хопіць усім, а добры настрой мы гарантуем.
— Дарыць натхненне, разнастаіць вольны час, развіваць творчыя здольнасці людзей – гэта не ўсе задачы ўстановы культуры…
— Так. Сярод важных кірункаў работы – захаванне нацыянальнай спадчыны, пошук новых падыходаў да яе папулярызацыі. Сёлета на базе цэнтра традыцыйнай культуры і побыту вёскі Плябань упершыню пройдзе фальклорны фестываль вышыванкі «Беларускія ўзоры». Спадзяёмся, ён зацікавіць людзей розных узростаў, асабліва моладзь. Вышыванка не даніна модзе, гэта трывалая нітачка, якая звязвае сучаснае з мінулым.
— Як і раней, прыходзяць людзі на святы абрадавага цыкла, не забываюць беларускае слова і матчыну песню.
— Безумоўна, і гэта радуе. Здаецца, толькі нядаўна адкалядавалі, а неўзабаве будзем запрашаць на Масленіцу, якая пройдзе ў аграгарадку Маркава. Па традыцыі далучаемся да Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, святочных мерапрыемстваў у Вязынцы і Ракуцёўшчыне, а таксама фестывалю «Багач», які прыцягвае аўтэнтычнымі танцамі і вясковымі забавамі. Не абмінём увагай раённыя зажынкі і дажынкі. Абавязкова будзем ладзіць святы вёсак, якія вельмі палюбілі і дарослыя, і дзеці. Летась правялі іх дванаццаць. І сёлета менш не будзе.
Чытайце: "Маладзечанская газета" штомесяц размяшчае раённую афішу мерапрыемстваў і свят.
— На прыкладах з гісторыі нашай краіны выхоўваюцца патрыятызм, павага да людзей і родных мясцін…
— Да Дня Перамогі, Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь рыхтуемся з асаблівым, трапяткім пачуццём. Летась у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны прадстаўнікоў мясцовых улад, культурных, нацыянальных, адукацыйных і рэлігійных аб’яднанняў сабраў міжнародны адкрыты форум «Сябры Гарадка: гісторыя, культура, памяць аб трагедыі». У бліжэйшай перспектыве яшчэ адзін праект па патрыятычным выхаванні — квэст-гульня «Гарадок – падарожжа ў часе». Адметная музейная экспазіцыя, нядаўна знойдзеныя гістарычныя звесткі прыцягнуць увагу турыстаў. Чакаем гасцей з розных куточкаў Беларусі.
— Ведаю, што нямала мерапрыемстваў разлічана на маладзёжную аўдыторыю.
— Цяпер сумесна з актывістамі раённай арганізацыі БРСМ рыхтуем конкурсную праграму «Містар БРСМ», якая адбудзецца ў сакавіку. На ліпень запланаваны фотазлёт «У пошуках ракурсаў». А яшчэ ў планах шоу-праграмы двайнят «Шчасця многа не бывае», «Лепшы тата на зямлі», агляд-конкурс на арганізацыю работы з «цяжкімі» дзецьмі і падлеткамі, мерапрыемствы да Дня абароны дзяцей. Па традыцыі ў прыгожым танцы закружыць удзельнікаў фестываль харэаграфічных калектываў «Веснавы баль». На фестываль джазавай музыкі запросіць Чысцінскі СДК. З канцэртамі выступяць беларускія выканаўцы Сяргей Славянскі, Алёна Ланская, Насця Ціхановіч, а таксама дзяржаўны ансамбль народнай музыкі «Свята»…
— Каб трымаць руку на пульсе часу, работнікам культуры патрэбна і самім пастаянна ўдасканальвацца…
— Што мы і робім. Вясной творчыя калектывы чакае адказны экзамен на пацвярджэнне ганаровага звання «народны» і «ўзорны». Тэатр «Адлюстраванне» прадставіць на суд журы спектакль «Спатканне па серадах», лялечны тэатр рыхтуе пастаноўку «Гарачае халоднае сэрца», цыркавая студыя «Мара» зноў будзе здзіўляць новымі нумарамі. Сваё майстэрства прадэманструюць фальклорна-этнаграфічныя калектывы «Маркаўчанка» і «Крынічанька», а таксама студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Красненскага і Беразінскага СДК. Нашы калектывы запрашаюцца на рэспубліканскія і абласныя мерапрыемствы. А перад прафесійным святам работнікаў культуры запусцім новы праект пад назвай «Куратар і Ко». Па яго ўмовах творчыя каманды са сцэны прадэманструюць свае здольнасці і падзеляцца вопытам з калегамі. Пра ўсе кірункі работы расказаць немагчыма. Лепш адзін раз убачыць. Мне застаецца запрасіць жыхароў горада і раёна на мерапрыемствы і пажадаць прыемных эмоцый ад сустрэч з мастацкай творчасцю.
Цэнтралізаваная клубная сістэма раёна аб’ядноўвае 24 клубныя ўстановы раёна, у якіх працуе 277 клубных фарміраванняў (з іх 144 для дзяцей). 18 маюць ганаровыя званні «народны» і «ўзорны». Летась званні былі прысвоены студыі бальнага танца «Віртуоз» (кіраўнік Аляксей Елізавеценка), вакальнаму гурту «Асалода» (Наталля Вараўка) і вакальна-інструментальнаму гурту «Маладзечна» (Ігар Зяноўка).
Фота: архіў ЦЭНТРАЛІЗАВАНАЙ КЛУБНАЙ СІСТЭМЫ РАЁНА.