03.02.2017 14:57

Рэдкія і вядомыя экспанаты -- на выстаўцы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Маладзечне

Кераміка, ткацтва, салома- і лозапляценне, разьба па дрэве, вышыўка, лялькі ў народных строях, выцінанкі, іншыя вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прадстаўлены на выстаўцы ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі ў Маладзечне.


— Сёлета гэта наша першая маштабная выстаўка пераважна з уласных фондаў. Яна складаецца з творчых работ майстроў розных часоў — ад даваеннага да сучаснасці. У тым ліку ёсць вырабы мясцовых аўтараў, — заўважае намеснік дырэктара па навуковай рабоце абласнога краязнаўчага музея Наталля Палтавец. — Шэраг экспанатаў даволі працяглы час не прадстаўляўся шырокай публіцы.

На ўрачыстае адкрыццё выстаўкі прыйшлі аўтары работ, іх нашчадкі і тыя, хто цікавіцца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Наведвальнікі музея змаглі пазнаёміцца з майстрамі і з першых вуснаў даведацца пра іх творчы шлях, здабыткі, пра тое, як ствараюцца шэдэўры.

У зале прадстаўлены адмысловыя выцінанкі нашых зямлячак Аксаны Ралавец (дарэчы, яе работы з’явіліся ў музеі нядаўна) і Лізаветы Чырвонцавай. А таксама лялькі ў народных строях, якія ў свой час зрабіла маці Лізаветы Вікторыя. Цяпер дынастыю Чырвонцавых (на творчай ніве працуюць і дзеці, і ўнукі) ведаюць не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі.

Уражваюць і далікатныя пано (аплікацыя саломкай) маладзечанкі Людмілы Валковіч-Борыс, якая цяпер загадвае аддзяленнем дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Маладзечанскім музычным каледжы імя М.К. Агінскага.

Вылучаецца на выстаўцы керамічны сервіз для кавы і гарбаты мастака з Радашковіч Леаніда Грыцкова. Ён дэкарыраваў посуд рознакаляровымі эмалямі, што не характэрна для керамікі.

Цікавая разьба па дрэве знакамітага творцы, ці, як яшчэ яго называюць, дзівака з Івянца Апалінарыя Пупко. За сваё жыццё (а ён пражыў больш за 90 гадоў) ён пакінуў адметны след у мастацтве.

Таксама з фондаў музея прадстаўлены шэраг твораў іншых аўтараў сталічнага рэгіёна. Ёсць прадукцыя Маладзечанскай фабрыкі мастацкіх вырабаў, Радашковіцкага ААТ «Белмастацкераміка», Івянецкага завода мастацкай керамікі.

Упершыню тут дэманструюцца экспанаты з гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе». Як вядома, гэта ўстанова спецыялізуецца на складанні калекцыі беларускіх маляваных дываноў. Чатыры з іх прывезены ў Маладзечна. Два дываны распісаны вядомай мастачкай Аленай Кіш, пра якую гавораць, што яна нарадзілася не ў свой час. Аўтарам яшчэ аднаго з’яўляецца беларускі жывапісец, графік, скульптар, пісьменнік, фалькларыст, этнограф і археолаг Язэп Драздовіч. Аўтар чацвёртага дывана невядомы. Гэтыя работы ўнікальныя. Прывезці такія аб’ёмныя экспанаты было не проста. Каб не пашкодзіць фарбавае пакрыццё, для транспарціроўкі неабходны спецыяльныя ўмовы і кантэйнеры-тубы. Але намаганні супрацоўнікаў музея вартыя таго. Выстаўка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва будзе цікавая і дзецям, і дарослым.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/kultura/item/887-redkiya-i-vyadomyya-ekspanaty-na-vysta-tsy-dekaraty-na-prykladnoga-mastatstva.html#sigProId65e53fa0e2
Прочитано 2355 раз Последнее изменение 03.02.2017 14:57
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.