15.12.2020 12:26

На шляху да музычных адкрыццяў…

VI Міжнародны сімфанічны форум-конкурс кампазітараў краін СНД імя М.К. Агінскага прайшоў на базе Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага. Упершыню ў анлайн-фармаце.

На шляху да музычных адкрыццяў… Фота: архіў АРГКАМІТЭТА ФОРУМУ.

Кампазітарскі форум быў запланаваны яшчэ на красавік. Сёлета змяніліся час і фармат яго правядзення, але гэта не паўплывала на ўнікальнасць праекта.

Яго гісторыя налічвае пяць дзесяцідзённых візітаў кампазітараў, музыказнаўцаў, выканаўцаў з розных рэгіёнаў СНД, а таксама з Еўропы, што адбываліся на базе нашага музычнага каледжа. Менавіта тут арганізатары знайшлі паразуменне, гарачую падтрымку і сатворчасць у асобе дырэктара ўстановы і дырыжора сімфанічнага аркестра Рыгора Сарокі.

Правядзенне сімфанічнага форуму спрыяе набыццю вопыту кампазітарамі-пачаткоўцамі, рабоце з сімфанічнымі партытурамі і ўзаемадзеянню з дырыжорам і аркестрам.

— Гэта першы і адзіны сёння на постсавецкай тэрыторыі семінар для кампазітараў, дзе для іх работы прадстаўлены сімфанічны аркестр. Ні ў Маскве, ні ў Санкт-Пецярбургу, ні ў Мінску такога няма, і гэта велізарнае дасягненне! Калі зразумелі, што такая магчымасць рэалізуецца менавіта ў Маладзечнае, адразу адгукнуліся і Саюз кампазітараў Расіі, і Беларускае таварыства сучаснай музыкі, і вялікая колькасць музыкантаў, якія гэту справу падтрымалі, – адзначае ідэйны натхняльнік мерапрыемстваў Яраслаў Судзілоўскі, мастацкі кіраўнік Міжнародных творчых майстэрань, які ўзначальвае Міжнародную гільдыю маладых музыкантаў МіжнародМалАд» Расійскага музычнага саюза.

Разам з ім з маладымі аўтарамі працавалі кампазітары-прафесіяналы з Беларусі, Расіі, Чэхіі, Малдовы.

Сёлета на працягу 10 дзён адбываліся тэлемасты з Польшчай, Чэхіяй, Малдовай, Арменіяй, Беларуссю, рознымі рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі; прамыя ўключэнні з кампазітарамі і музыказнаўцамі, а таксама грамадскімі дзеячамі краін СНД і далёкага замежжа. У анлайн-рэжыме ладзіліся творчыя сустрэчы, майстар-класы, круглыя сталы, лекцыйныя цыклы, прэзентацыі аўтарскіх цыклаў і практыкумаў, якія аб’ядналі больш за 40 маладых кампазітараў, музыказнаўцаў і майстроў.

Важная роля належала стварэнню сімфанічных партытур і апрабацыі іх у рабоце з аркестравым калектывам і дырыжорам. Прэм’еры напісаных на форуме работ плануюцца да выканання ў красавіку 2021 года.

Яўгенія РУКЕВІЧ,
загадчык практыкі Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага.
Фота: архіў АРГКАМІТЭТА ФОРУМУ.

Прочитано 405 раз Последнее изменение 15.12.2020 12:26
Заимствованная инф.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.