19.01.2017 5:14

Беларускім народным танцам вас навучаць нават на рабоце

У кожнага маладзечанца ёсць магчымасць бясплатна навучыцца беларускім народным танцам. Другі год у клубнай цэнтралізаванай сістэме раёна (былы Дом культуры чыгуначнікаў) два разы на месяц па серадах праводзяцца вячоркі..

Беларускім народным танцам вас навучаць нават на рабоце "Маладзечанская газета"

У мінулым сезоне прыязджалі з Мінска актывісты студэнцкага этнаграфічнага таварыства і праводзілі для маладзечанцаў майстар-класы. Яны згуртавалі аматараў беларушчыны з нашага горада, якія аб’ядналіся ў этнаграфічны клуб «Кола».

Яго ўдзельнікі не толькі танцуюць, але і развучваюць народныя песні, робяць касцюмы, ладзяць этнаграфічныя экспедыцыі і, што самае важнае, дзеляцца сваімі здабыткамі з усімі жадаючымі. Летам яны запрашалі маладзечанцаў танцаваць польку ў гарадскім парку. Кіруе клубам Вольга Трубач, яго актывісты Алена Мятлюк, Алег Чырыца, Аляксандра Парфянюк, Дзяніс Краўчонак, Ганна Клімашэўская, Зміцер Давыдаў, Наталля Чэрвонцава, Яўгенія Сцяцэнка.

На вячоркі могуць прыйсці маладзечанцы любога ўзросту. Многія найперш пытаюцца, колькі гэта каштуе, і вельмі здзіўляюцца, што ў наш прагматычны час  мерапрыемствы праводзяцца бясплатна. Уваходны білет – добры настрой і жаданне больш даведацца пра сваю Радзіму, адчуць сябе сапраўдным беларусам. Праўда, на апошнія вячоркі ўдзельнікі прыносілі печыва, пілі гарбату. А як інакш – пост скончыўся, час калядаваць.

Спявачкі з «Крынічанькі» Валянціна Данілевіч, Святлана Капуцкая, Ганна Шчыпанава, Тамара Троцкая, Ірына Ярук выканалі песні, якія гучалі раней у Раеўшчыне. Асобны паклон — музыкантам Уладзіміру Данілевічу і Настассі Шпілеўскай. Вясёлая моладзь паказала калядны абрад «Шчадроўкі». Вакол ёлкі танцавалі польку маладыя пары, бабулі-пенсіянеркі, дзеці, якія прыйшлі сюды разам з бацькамі. І ўсім было весела і хораша!

Вячоркі будуць працягвацца. З гэтага года «Кола» распачынае новы праект па навучанні традыцыйным беларускім танцам калектываў прадпрыемстваў, арганізацый. Маладыя энтузіясты гатовы даць майстар-клас у любой арганізацыі. Дарэчы, пра іх першы візіт у дзіцячы сад №8 мы расказвалі.

Будзем спадзявацца, што жадаючых будзе нямала і зімой на Лібава-Роменскую, а летам у гарадскі парк прыйдзе шмат пар, каб разам рэзнуць польку ды лявоніху, а яшчэ – «Карапет», «Верабейку», «Базар», «Грачанікі»…

Больш падрабязна -- у "Маладзечанскай газеце" за суботу, 14 студзеня.

Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.            

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/kultura/item/797-vyachorki-maladzechne-karysna-vesela-byasplatna.html#sigProId397a963044
Прочитано 2660 раз Последнее изменение 19.01.2017 5:14
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.