12.01.2017 15:57

В Молодечно обсуждали, каких книг не хватает школьным библиотекам

Пра гэта вялі зацікаўленую размову ў бібліятэцы СШ №14 дырэктар  выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак і галоўны рэдактар Віктар Шніп.

В Молодечно обсуждали, каких книг не хватает школьным библиотекам В Молодечно обсуждали, каких книг не хватает школьным библиотекам "Маладзечанская газета"

У Маладзечна вядомыя пісьменнікі прыехалі з прыемнай місіяй – яны прывезлі 20 камплектаў кніг для школьных бібліятэк. Такі шыкоўны падарунак стаў магчымы дзякуючы Маладзечанскаму малочнаму камбінату, які выступіў спонсарам акцыі «Кнігі – школе». Яна праходзіць не першы год і будзе працягвацца.

«Мастацкая літаратура» выпускае новыя творы беларускіх пісьменнікаў, замежных аўтараў у перакладзе на родную мову, перавыдае класіку. Значны кірунак работы – кнігі для дзяцей і школьнікаў. Папулярныя серыі «Школьная бібліятэка» (ствараецца ў супрацоўніцтве з Міністэрствам адукацыі), «Пазакласнае чытанне», «Бібліятэка выбраных твораў» і іншыя.  Далучыць падрастаючае пакаленне да добрай літаратуры – задача, якая ставіцца на самым вышэйшым узроўні. Алесь Бадак прыгадаў словы Прэзідэнта краіны на сустрэчы з пісьменнікамі аб тым, што мы не павінны страціць кнігу. Па меркаванні выдаўцоў, у Беларусі сітуацыя з чытаннем не самая горшая. Аднак расслабляцца нельга, бо калі школьнікі не будуць цягнуцца да кнігі, заўтра яе проста не будзе.

Трэба аддаць належнае кіраўнікам выдавецтва, якія выязджаюць у розныя рэгіёны, знаходзяць магчымасці і спонсараў, каб папоўніць  бібліятэкі новымі кнігамі, з вялікай зацікаўленасцю вывучаюць попыт на іх. У бібліятэцы СШ №14 яны ўважліва выслухалі і занатавалі прапановы ўдзельнікаў сустрэчы, адказалі на шматлікія пытанні, папрасілі пакідаць свае пажаданні на сайце выдавецтва.

Праблема камплектавання школьных бібліятэк даволі вострая

«Нават Пушкіна не хапае!» -- гаварылі іх работнікі. Калі з рускай, беларускай класікай яшчэ больш-менш, хаця і яе на ўсіх вучняў нестае, то з цікавай літаратурай для пазакласнага чытання наогул цяжка. Кнігі Чукоўскага, Носава, Маршака, якія вельмі любяць вучні пачатковых класаў, бібліятэкары берагуць, як могуць, бо некаторыя выдадзены яшчэ ў мінулым стагоддзі. У кнігарнях іх шмат, але, на жаль, у навучальных установах не хапае сродкаў, каб іх набыць. У дэфіцыце літаратура для сярэдніх класаў. На думку бібліятэкараў, гэта ніша наогул слаба запоўнена. Падлеткам не вельмі цікавыя Гайдар і Касіль, якімі зачытваліся іх равеснікі ў мінулым стагоддзі, а сучасных твораў для гэтага ўзросту катастрафічна мала. Бібліятэкарам іншы раз проста няма чаго прапанаваць, і школьнікі страчваюць цікавасць да кніг, хаця ў малодшых класах яна была. Віктар Шніп заўважыў, што выдаюцца цікавыя творы, на якіх выхоўвалася старэйшае пакаленне : «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра, «Мы з Санькам у тыле ворага» Івана Сяркова, цудоўныя апавяданні Івана Шамякіна, Івана Навуменкі для дзяцей. Але гэтага недастаткова.

«Дзеці не хочуць чытаць «Принца и нищего», іншыя замежныя творы па-беларуску. Чаму яны не выдаюцца на рускай мове?» -- узнялі яшчэ адну актуальную праблему бібліятэкары. Аказваецца, у выдавецкай справе вельмі шмат нюансаў, якія тычацца выплаты аўтарскіх ганарараў. Калі з айчыннымі пісьменнікамі і іх спадчыннікамі прасцей звязацца і заключыць дагавор, то з замежнымі вельмі праблематычна.    

Адчуваецца таксама дэфіцыт невялікіх, кампактных і адначасова змястоўных і добра ілюстраваных кніг для малодшых, сярэдніх школьнікаў. Важкія і шэрыя без малюнкаў хрэстаматыі для іх сумныя: дзяцей трэба перш за ўсё зацікавіць. Асобная тэма – ілюстрацыі. На думку работнікаў бібліятэк, некаторыя сучасныя мастакі занадта арыгінальнічаюць, малюнкі ў іх абстрактныя і незразумелыя дзецям. Вавёркі і зайчыкі павінны быць падобныя на сапраўдных, малюнкі дапамагаюць вывучаць навакольны свет. Дарэчы, займальных кніг пра прыроду, жывёл і птушак у бібліятэках таксама не хапае.  

Цікава было даведацца і пра планы «Мастацкай літаратуры» на будучы год, якімі падзяліўся Віктар Шніп. Адметна, што 2017-ы пройдзе пад знакам 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, у сувязі з гэтым плануецца шэраг выданняў пра Францыска Скарыну. Прыемным падарункам падрастаючаму пакаленню стане «Забаўляльны каляндар школьніка», зроблены ў выглядзе атласа Беларусі з расповедам пра самыя знакавыя і цікавыя месцы. Будзе выходзіць серыя «Нашым дзеткам» -- невялікія па аб’ёме кнігі з вершамі, праверанымі часам. Павінна зацікавіць чытачоў новая серыя «100 вершаў», у якой будуць друкавацца лепшыя творы паэтаў, праілюстраваныя рэпрадукцыямі карцін вядомых мастакоў. Яны стануць добрай падмогай для настаўнікаў літаратуры, выяўленчага мастацтва. Рыхтуюцца таксама цікавыя выданні да юбілеяў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Пімена Панчанкі, Янкі Брыля, Міхася Стральцова.

Апошнім акордам сустрэчы сталі вершы, якія прачыталі слухачам выступоўцы. Віктару Шніпу і Алесю Бадаку ўдаецца спалучаць адказную і напружаную работу ў выдавецтве з творчасцю. Ім ёсць што сказаць людзям, і словы іх пачуты… А ўцехай за напружаную працу па папулярызацыі беларускай літаратуры няхай стануць юныя чытачы, якія ў бібліятэчнай цішы засяроджана схіляюцца над кнігай.

Фото Анжелика Крупенькова.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/kultura/item/783-v-molodechno-obsuzhdali-kakikh-knig-ne-khvataet-shkolnym-bibliotekam.html#sigProId49d6c51a8e
Прочитано 2165 раз Последнее изменение 12.01.2017 15:57
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.