Юбілейнае мерапрыемства стала падзеяй для ўсяго пасёлка. А як інакш, калі большасць жыхароў пастаянна ходзіць сюды на канцэрты, многія дарослыя і дзеці ўдзельнічаюць у розных студыях, гуртках, калектывах мастацкай самадзейнасці? У Доме культуры можна цікава і з карысцю правесці вольны час. Тут працуе выдатны калектыў на чале з дырэктарам Генадзіем Сушко. Адметна, што творчыя адносіны да работы ў некаторых супрацоўнікаў перараслі ў сямейныя -- Есмановічы, Ляговічы, Цар.
Тут працуюць калектывы, вядомыя не толькі ў сваёй мясцовасці, але і далёка за яе межамі. Легендарнай групе «Маладзечна» сёлета прысвоена ганарова званне «Народны калектыў Рэспублікі Беларусь». Дванаццаць гадоў існуе ў СДК народны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай песні «Забудова» пад кіраўніцтвам Генадзія Сушко. Першым званне «народны» атрымаў ансамбль народнай музыкі «Сакавінка», якім кіруе таленавіты музыкант, пераможца шматлікіх конкурсаў Валерый Сальнік.
Шмат цікавых калектываў, аб’яднанняў па інтарэсах створана для юных чысцінцаў. Гурток дэкаратыўна-прыкладной творчасці перад пачаткам свята правёў майстар-клас па саломапляценні, удзельнікі аматарскага аб’яднання «Надзея» разгарнулі экспазіцыю, клуб журналістыкі падрыхтаваў фотавыстаўку. Плённа працуюць дзіцячая тэатральная студыя, эстрадная студыя «Сонечны круг», харэаграфічны ансамбль «Ладачкі», якія таксама пазнаёмілі са сваёй творчасцю. Дзверы Дома культуры адчынены для ўсіх жадаючых, тут кожны знойдзе занятак па душы.
Самыя цікавыя падзеі мінулага года адлюстравалі відэафільмы. Гэта фестываль-конкурс «Чысць-2016» у рамках праекта «Міншчына сустракае джаз», які нарадзіўся ў выніку плённага супрацоўніцтва з Міхаілам Фінбергам. На высокім узроўні прайшлі канцэрт Алега Елісеенкава і зорак беларускай эстрады. Вядомы кампазітар і выканаўца наш зямляк Алег Елісеенкаў прыехаў павіншаваць чысцінцаў, падарыў ім свае песні. Прыгадалі на мерапрыемстве і знаёмства на «Залатым шлягеры» ўдзельнікаў групы «Маладзечна» з Міхаілам Шуфуцінскім, які падарыў калектыву сваю песню «Джаз».