17.09.2020 8:00

Бібліятэкар – прафесія для душы

У гэтым перакананы Валянціна Асіповіч і яе дачка Наталля Меднікава. Іх звязвае не толькі кроўная роднасць, але і любоў да кнігі, гатоўнасць служыць ёй.

Бібліятэкары Валянціна Асіповіч і яе дачка Наталля Меднікава. Бібліятэкары Валянціна Асіповіч і яе дачка Наталля Меднікава. "Маладзечанская газета"

Сямейных дынастый сярод бібліятэкараў не так шмат. Таму мы надзвычай рады былі сустрэцца з гэтымі цікавымі і захопленымі жанчынамі напярэдадні Дня бібліятэк, які ў нашай краіне адзначаўся 15 верасня.

Кніга дзяцінства — «Цветик-семицветик»

Валянціна Анатольеўна — бібліятэкар сельскай інтэграванай бібліятэкі аграгарадка Заскавічы. Яе родная вёска Алянец – за тры кіламетры ад Заскавіч, але гэта ўжо Смаргонскі раён. Гаворыць, што чытаць любіла з дзяцінства. Асвоіла грамату ў пяць гадоў услед за старэйшым братам.

— Памятаю, з якім трапяткім пачуццём у маленстве хадзіла ў бібліятэку, да кніг дакраналася, нібы да скарбу. Для мяне яны і былі скарбам – у іх жа столькі цікавага! – вяртаецца ў мінулае мая субяседніца. – За добрую вучобу пасля першага класа мне падарылі цудоўна ілюстраваную казку Валянціна Катаева «Цветик-семицветик». Майму дзіцячаму шчасцю не было межаў! Калі бачу, як сённяшнія юныя чытачы іншы раз неакуратна гартаюць кнігі, становіцца прыкра: так хочацца, каб і для іх кніга была такім жа скарбам…

Любоў да літаратуры прывяла Валянціну ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, а першым яе месцам работы стала прасторная сельская бібліятэка ў знакавым месцы – вёсцы Залессе, з якой звязана імя вядомага кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага.

— Мой рабочы дзень заканчваўся ў восем гадзін вечара. З шасці да васьмі ў бібліятэцы быў аншлаг: прыходзіла рабочая моладзь. Нават чарга выстройвалася да кафедры, я толькі паспявала абанементы запаўняць, — прыгадвае Валянціна Анатольеўна пачатак 1970-х гадоў. – Кожныя два тыдні сельская бібліятэка атрымлівала новыя кнігі, што цікава, прысылалі іх па пошце.

Дарэчы, яе агульны працоўны стаж – 47 гадоў. Так склалася жыццё, што значны перыяд працавала выхавальнікам, памочнікам выхавальніка ў Заскавіцкім дзіцячым садзе. У гэту вёску выйшла замуж за механізатара Міхаіла Асіповіча, пабудавалі тут прасторны дом, завялі гаспадарку. І ўжо на заслужаным адпачынку Валянціна Анатольеўна прыйшла на работу ў мясцовую бібліятэку, якая неўзабаве злілася са школьнай і стала інтэграванай. Каб адпавядаць сучасным патрабаванням, быць на адной хвалі з калегамі, давялося асвоіць камп’ютар, электронную пошту, навучыцца карыстацца інтэрнэтам. Разам са школай, дзіцячым садам бібліятэкар праводзіць мерапрыемствы, прымеркаваныя да розных свят, падзей. Асабліва плённае супрацоўніцтва было ў мінулыя гады з педагогам-арганізатарам Ліліяй Гарэлік. Дзеці з бацькамі прымалі ўдзел у гутарцы «Усё пачынаецца з сям’і», на якую быў запрошаны айцец Мікалай, настаяцель Заскавіцкай царквы. Змястоўнай была сустрэча з краязнаўцам, пісьменнікам Міхасём Казлоўскім, прысвечаная Году малой радзімы.

Сярод самых актыўных чытачоў бібліятэкар называе сям’ю Зінаіды і Аляксандра Баўтрош, якія чытаюць часопісы, газеты. Маргарыта Шыман, Паліна Рагуновіч аддаюць перавагу рускай і замежнай класічнай літаратуры.

Валянціна Анатольеўна не толькі падкажа чытачам, якую кнігу пачытаць, але і новым рэцэптам падзеліцца. Яна добрая кулінарка, смак яе фірменных рагалікаў даўно ацанілі сябры і знаёмыя.

Рамантыка юнацтва — «Унесённые ветром»

Наталля Меднікава працуе загадчыкам аддзела дзіцячай літаратуры цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча. Як і матуля, яна з дзяцінства любіла чытаць.

— Я рамантык, люблю раманы. У юнацтве мяне вельмі ўразіла кніга Маргарэт Мітчэл «Унесённые ветром», пазней перачытала і яе працяг, — расказвае Наталля Міхайлаўна.

Да таго як стала бібліятэкарам, яна атрымала прафесію прадаўца, нарадзіла двух сыноў. І ў 30 гадоў паступіла на завочнае аддзяленне ва ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Няпроста было сумяшчаць вучобу і клопат аб дзецях, але заўсёды дапамагалі бацькі, з якімі сям’я Наталлі жыве ў адным доме. На другім курсе яна прыйшла працаваць па спецыяльнасці ў філіял №3 цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча. Прызнаецца, што спачатку палохала статыстыка: трэба было кожны дзень весці падлік колькасці чытачоў, кнігавыдач. І сёння з удзячнасцю гаворыць аб тагачаснай загадчыцы філіяла №3 Святлане Сарока, аб Валянціне Федаровіч, якія цярпліва тлумачылі, вучылі, дапамагалі.

Цяпер аддзел дзіцячай літаратуры знаходзіцца ў гарадскім філіяле №1 па вуліцы Будаўнікоў. Акрамя загадчыцы ў ім працуюць Наталля Гарадзецкая і Кацярына Дударчык.

— Заўсёды прыемна назіраць, як па выхадных днях жыхары мікрараёна прыходзяць у бібліятэку ўсёй сям’ёй. Згадзіцеся, выдатная традыцыя, хочацца, каб у нас больш было такіх сем’яў, – разважае мая субяседніца і называе самых актыўных чытачоў сям’ю Фешчанкаў, Васілісу і Спартака Карнейчыкаў, Кацю і Аліну Монід.

Цеснае супрацоўніцтва склалася ў бібліятэкараў з педагогамі дзіцячага сада №32, які наведваюць дзеці з праблемамі зроку. Знайшлі да іх падыход, падбіраюць цікавыя кнігі, трэці год рэалізуюць сумесны праект «Почемучка-книголюб». Праводзяць тут агульныя мерапрыемствы з сярэднімі школамі №11, №12. У іх пастаянна ўдзельнічаюць і дзеці з інтэрната, у будынку якога знаходзіцца філіял №1. Большая цікавасць да кніг у пачаткоўцаў, а вось вучні старэйшых класаў, на жаль, нярэдка абмяжоўваюцца толькі рамкамі праграмнай літаратуры. Зацікавіць іх не так проста. Выстаўкі, квэсты, сучасныя праекты – чаго толькі не прыдумваюць бібліятэкары, каб дзецям захацелася даведацца нешта новае. Пасля многіх мерапрыемстваў праводзяцца майстар-класы. Дарэчы, Наталля і сама любіць маляванне, рукадзелле, у яе шмат хобі. Раней малявала карціны па нумарах. Асабліва ўдалася «Венецыя», выкананая ў чорна-шэрых тонах. У гэтым горадзе ёй давялося пабываць у час падарожжа з калегамі па Італіі. А цяпер захапілася вязаннем мяккіх цацак кручком з «плюшавых» нітак. Зайка, ільвяня, сабачка атрымаліся вельмі мілымі. Гэта выдатны рэлакс пасля напружаных працоўных будняў.

— Не шкадуеце, што ўслед за матуляй выбралі прафесію бібліятэкара? — спыталася ў субяседніцы.
— Ніколькі! Бо гэта прафесія — для душы…

Фота: Аляксей ПЛАТКО, архіў Наталлі МЕДНІКАВАЙ.

Прочитано 861 раз Последнее изменение 17.09.2020 8:00
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить