05.01.2017 14:37

Калядуем! (фота)

«Прыйшла Каляда — адчыняй вароты!» Такімі словамі звычайна пачынаецца старажытны беларускі абрад калядавання…

Удзельнікі этнаграфічнага клуба "Кола" Удзельнікі этнаграфічнага клуба "Кола" "Маладзечанская газета"

Каляды ад клуба "Кола"

Жывуць традыцыі і на маладзечанскай зямлі: у горадзе і вёсках гэтымі днямі на вуліцах можна сустрэць асноўных персанажаў — Казу, Механошу, Мядзведзя ды іншых. У кагосьці з гурту ў руках абавязкова зорка — як сімвал зімовага сонцастаяння. З песнямі і віншаваннямі-пажаданнямі ходзяць калядоўшчыкі па хатах, а гаспадары адорваюць іх рознымі прысмакамі, лічаць прыход гасцей за гонар і звязваюць яго з паляпшэннем сямейнага дабрабыту.

Удзельнікі этнаграфічнага клуба «Кола» раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы ў дзіцячым садзе №8 разыгралі старадаўні абрад «Шчадроўкі». Прычым святочнае дзейства было падрыхтавана для работнікаў адукацыйнай установы.  Калядоўшчыкі прывялі вельмі таленавітую казу – яна і голас мае, і оперу спявае. Яе ролю трапна ўвасобіла Аляксандра Парфянюк (па адукацыі інжынер). А з Аленай Мятлюк (прафесійнай мастачкай) работнікі дашкольнай установы развучвалі старадаўнія беларускія танцы. Танцавалі, аж пакуль не змарыліся! Песні спявалі разам з Настассяй Шпілеўскай (яна выдатны рамеснік). А ў якасці гарманіста быў навучэнец музычнага каледжа імя М.К. Агінскага Клім Бельскі. (фота 1-9),

...Гумар, вясёлыя беларускія песні і танцы – усё было на «Шчадроўках» ад клуба «Кола». Для яго ўдзельнікаў адраджэнне старадаўніх традыцый — і захапленне, і сэнс жыцця. У гэтай суполцы з’ядналіся прадстаўнікі розных прафесій – педагогі і мастакі, інжынеры і рамеснікі… Клуб існуе другі год, кіруе ім Вольга Трубач (яна па адукацыі псіхолаг). Назва аб’яднання невыпадковая: удзельнікі арганізавалі першае свята, якое таксама прысвячалася Калядам, і далей усё закруцілася, нібы тое кола. Каб рэканструяваць той ці іншы абрад, яны плённа супрацоўнічаюць з музеямі, ладзяць этнаграфічныя экспедыцыі па ўсёй Беларусі. А адпаведныя строі шыюць па старадаўніх традыцыях і абавязкова ўручную.

Час з калядоўшчыкамі праляцеў незаўважна. «Будзьце здаровы, як рыжык баровы!» – жадалі яны на развітанне.

  • Сустрэчы з клубам «Кола» заўсёды ператвараюцца ў адметнае свята з нацыянальным каларытам. У новым годзе творчы калектыў прадоўжыць шукаць новыя падыходы пры падрыхтоўцы да мерапрыемстваў. «Колаўцы» будуць далей падымаць невядомыя пласты народнай культуры і старацца данесці яе да людзей. Прадоўжаць яны ладзіць вячоркі па серадах у будынку цэнтралізаванай клубнай сістэмы, якія палюбілі маладзечанцы рознага ўзросту і прафесій.

і ад Таццяны Каляда

— У Чысці мы з калегамі-культработнікамі хадзілі калядаваць. Калі спыняліся перад чарговым домам і выкрыквалі: «Каляда прыйшла!», гаспадары гасцінна адчынялі дзверы: «Заходзь, Таццяна, кліч сяброў!», — гаворыць мая гераіня з незвычайным і  прыгожым беларускім прозвішчам Каляда…
 
У Доме культуры створана беларуская хатка, гучаць родныя песні. Таццяна Каляда і яе калегі, аднадумцы, удзельнікі мастацкай самадзейнасці Таццяна Варнаўская, Паліна Мішурка, Аня Філістовіч, Галіна Крук. (фота 10-14)

— Што б вы пажадалі сваім блізкім, калегам на Каляды? – спытала ў Таццяны Каляда.
— Сваёй сям’і – заўсёды разумець і падтрымліваць адзін аднаго. Усім землякам жадаю пазітыўных думак, аптымізму і веры ў шчаслівую будучыню.

Тэкст: Ірына РАБУШКА, Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Больш падрабязна -- у "МГ" за пятніцу, 06.01.2017 г.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/kultura/item/758-kalyaduem-fota.html#sigProId1383aa25bf
Прочитано 3202 раз Последнее изменение 05.01.2017 14:37
Соб. инф.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.