30.12.2016 12:52

Пасля звароту на «прамую лінію» цяпло далі!

Пасля званка на «прамую лінію», якую праводзіў старшыня райвыканкама Аляксандр Яхнавец, у кватэры жыхароў дома №5а па вуліцы Усходняй у гарпасёлку Радашковічы прыйшло доўгачаканае цяпло.

Наталля і Віктар Крывых, іх унукі Ульяна і Яраслаў сустракаюць нас у майках. І мы з парога адчуваем: у кватэры цёпла.

— Наш 24-кватэрны дом здадзены ў 1989 годзе, — расказвае гаспадыня. — Я на той час працавала на ачышчальных збудаваннях цаглянага завода, атрымала двухпакаёвую кватэру. Якраз быў снежань, і мы адразу адчулі, які халодны наш дом. Тэмпература ў пакоях не паднімалася вышэй за 12-13 градусаў. Мы ўстанавілі большыя батарэі, але гэта нічога не дало. Сыны былі малыя, часта хварэлі. Звярталіся за гэтыя гады ў многія інстанцыі, прыходзілі спецыялісты, замяралі тэмпературу, нешта спрабавалі рабіць, ставілі помпу, ганялі ваду, аднак істотнага выніку не было. Мы ўвесь час мерзлі, зімой абкладвалі сябе на ноч бутэлькамі з гарачай вадой, уключалі абагравальнікі, плацілі вялікія сумы за электраэнергію. Некаторыя суседзі нават газай грэліся…

У верасні 2015 года Наталля Аляксандраўна прачытала ў перадачы мясцовага тэлебачання бягучы радок з паведамленнем аб тым, што старшыня райвыканкама будзе праводзіць тэлефонную «прамую лінію» з насельніцтвам раёна. Яна вырашыла звярнуцца з набалелым пытаннем. Дазваніцца ўдалося ў апошнія хвіліны пазначанага часу. Назвалася, спакойна расказала пра сваю праблему. Аляксандр Яхнавец уважліва выслухаў, задаў некалькі пытанняў і па-абяцаў, што ў 2016 годзе абавязкова дапаможа радашкоўцам.

«Я паверыла, расказала пра размову суседзям. Некаторыя аднесліся скептычна, маўляў шмат за гэты час атрымлівалі абяцанняў», — успамінае Наталля Аляксандраўна.

І вось у кастрычніку распачалі-ся работы па ўцяпленні чатырохпавярхоўкі. Яе ўцяплілі пенапластам, атынкавалі, у пад’ездзе замянілі вокны. І жыхары дома адразу адчулі, што тэмпература ў кватэрах стала вышэйшай. «Мы не можам нарадавацца, што пасля столькіх гадоў жыцця ў холадзе нарэшце можам расслабіцца і хадзіць па кватэрах у майках», — гавораць жыхары дома і просяць на старонках газеты падзякаваць старшыні райвыканкама за тое, што стрымаў сваё слова.

Удзячныя яны і работнікам гасразліковага рамонтна-будаўнічага ўчастка УП «Камунальнік» на чале з Іосіфам Страпко, ТАА «Сапітак» пад кіраўніцтвам прараба Дзмітрыя Харковіча, якія выканалі работы якасна і ў тэрмін.
З добрым настроем сям’я Крывых і іх суседзі сустракаюць Новы год. Свята адчуваецца ўжо ў пад’ездзе дома. На адной з лесвічных пляцовак стаіць прыгожая ёлачка, пашытая з тканіны, на сцяне – пано з зімовымі матывамі. Гэта вырабы рукадзельніцы Ірыны Пралат. Цудоўна, што людзі цэняць клопат і самі стараюцца ўпрыгожыць сваё жыллё, зрабіць яго яшчэ больш цёплым і светлым.

Прочитано 1390 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.