23.12.2016 16:15

У чаканні распродажу, або Шопінг па-беларуску

Спажыўцоў можна ўмоўна падзяліць на дзве катэгорыі – тыя, хто ставіцца да скідак і распродажу з недаверам, і тыя, хто кідаецца ў шопінг, нібы ў вір з галавой.

Ці існуюць правілы арганізацыі распродажу? Як не трапіць на хітрыкі прадаўцоў? Чаму ў Беларусі, у тым ліку на Маладзечаншчыне, не праводзіцца татальны распродаж, як прынята ў многіх еўрапейскіх краінах? На гэтыя і іншыя пытанні напярэдадні Новага года адказала начальнік аддзела гандлю і паслуг райвыканкама Ірына КРУК.

— Скідкі, уцэнка, распродаж... Сутнасць гэтых гандлёвых мерапрыемстваў аднолькавая ці ў кожнага з іх канкрэтная мэта?
— Адразу заўважу, што «ўцэнка» паняцце абывацельскае. Прафесіяналы аперыруюць іншымі тэрмінамі. У адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, якое рэгулюе правілы гандлю, распродаж – гэта рэалізацыя таго ці іншага тавару па зніжаных цэнах. Самая галоўная яго мэта — вызваленне гандлёвых плошчаў і складоў для новых паступленняў. Арганізуюцца такія акцыі ў пэўныя дні — напрыклад, да свят, пачатку або заканчэння таго ці іншага сезона.

Існуе даволі шмат відаў скідак – ад агульнай пакупкі (паслугі), пры аплаце банкаўскай карткай, ад колькасці тавараў аднаго віду (групы, класа), для пэўнай катэгорыі грамадзян… Таксама скідкі могуць быць на тавары (паслугі) у вызначаныя гадзіны работы аб’екта  або дні, перыяды. Пры гэтым арганізатары такіх акцый павінны дакладна абвясціць тэрмін іх правядзення.

Спажыўцам абавязкова трэба даваць усе звесткі пра тавар або паслугу, на якія прадугледжана скідка. На цэнніку неабходна друкаваць поўны і скідачны кошт. Першапачатковая цана перакрэсліваецца. У касавым чэку павінна быць пазначана інфармацыя аб памеры скідкі на кожны тавар і агульная яе сума.

— Ці праводзіцца маніторынг або кантроль распродажу?
— Хіба толькі ў рамках агульных праверак або маніторынгу адпаведнага аб’екта. Акцыі па скідках наладжваюцца выключна па ініцыятыве і жаданні кіраўніцтва аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання або вытворцаў той ці іншай прадукцыі. Таксама кіраўніцтва адпаведных устаноў вызначае мінімальныя і максімальныя працэнты скідак (наша заканадаўства іх не рэгулюе) і афармляе пакет дакументаў аб правядзенні акцыі.

— Ці ёсць групы тавараў, якія нельга рэалізоўваць па скідках?
— Па сутнасці такіх няма. Але… Распродаж – гэта своеасаблівы заклік да пакупнікоў і рэклама прадукцыі, якая пастаўлена на акцыю. У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб рэкламе», арганізацыя і правядзенне рэкламных мерапрыемстваў (акцый) з мэтай стымулявання рэалізацыі піва, слабаалкагольных і алкагольных вырабаў забаронены. Такім чынам, калі на цэнніках на пералічаныя тавары будзе змешчана інфармацыя аб зніжэнні кошту, памеры скідкі або само слова «Акцыя! %», гэта будзе з’яўляцца рэкламай з мэтай стымулявання рэалізацыі адпаведнай прадукцыі і парушэннем закона.

— Як наогул не трапіць на хітрыкі аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання?
— А чаму вы думаеце, што спажыўцоў хочуць падмануць? Распродаж сапраўды выгадны як прадаўцам, так і пакупнікам. Іншая справа, што не трэба кідацца ў шопінг, нібы ў вір з галавой. Найчасцей на акцыю ставяць тавары, якія не карыстаюцца попытам, у тым ліку з-за несезоннасці на іх, а таксама ў якіх заканчваецца тэрмін годнасці, для апрабавання і прасоўвання «навінкі». Гэта можна аднесці і да паслуг грамхарчу. Таму перш чым адправіцца на шопінг, трэба дакладна разумець, што вам трэба. З іншага боку, прадаўцы не заўсёды сумленныя. Вядома, што ў магазінах карыстаюцца цэннікамі розных колераў для пазначэння акцыйнай прадукцыі. Будзьце ўважлівыя: адценні цэннікаў могуць быць падобныя, і адзін з тавараў будзе неакцыйным.

— Чаму ў Беларусі няма татальнага распродажу, як прынята ў многіх еўрапейскіх краінах?
— Напэўна, гэта немагчыма ў адпаведнасці з нормамі нашага заканадаўства. Тыя арганізацыі, якія імкнуцца павялічваць тавараабарот, ужо сарыентаваліся ва ўмовах сучаснай эканомікі і праводзяць татальны распродаж. Напрыклад, гэта тычыцца вытворцаў (і адпаведных буйных гандлёвых сетак) абутку і бытавой тэхнікі. Відавочна, што развіццё ў гэтым кірунку не такое актыўнае, як хацелася б. Але зрухі не заўважыць немагчыма. Сёлета, напрыклад, у нашай краіне чатыры разы праводзіліся адзіныя дні скідак да 25 працэнтаў.

Дарэчы, мода на распродажы прыйшла ў Еўропу з Захаду. Там трымаць на паліцах ці, яшчэ горш, на складах леташнюю калекцыю любых тавараў сорамна і не прэстыжна.

Што такое:

Аўтлет-цэнтр (outlet-center) — буйныя магазіны на ўскрайках або за горадам, у якіх прадстаўлены тавары вядучых марак з дысконтам 30-70 працэнтаў.

Контрэтыкетка (contra-label) — этыкетка, якая наклейваецца на зваротны (у адносінах да асноўнай этыкеткі) бок бутэлькі, слоіка. Звычайна на контрэтыкетцы змяшчаюць дадатковую інфармацыю аб прадукце, напітку.

Маркетынг (marketing) — арганізацыя вытворчасці і збыту прадукцыі, заснаваная на вывучэнні попыту рынку ў таварах і паслугах.

Поп-Ап Стор (Pop-Up Store) — часовыя магазіны (дакладна — «выскокваючыя» магазіны). Такія гандлёвыя аб’екты працуюць пэўны адрэзак часу і знікаюць.

Рытэйл (retail) — продаж тавараў канчатковаму спажыўцу. Пры гэтым зусім не важна, якім чынам і дзе менавіта рэалізуюцца тавары або паслугі.

Прочитано 1762 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.