03.12.2019 13:00

Конкурс на лепшую прыпеўку пра «Маладзечанскую газету»

Дарагія чытачы! Напрыканцы 2019 года мы аб'явілі конкурс прыпевак пра любімае раённае выданне "Маладзечанскую газету". Адгукнулася больш за дзясятак чалавек. Усе прыпеўкі былі цудоўныя! Стала вядомае имя пераможцы творчага конкурсу.

Прыз пераможцы ў  конкурсе прыпевак уручылі Віктару Сыраквашу 

Як і абяцалі, вынікі конкурсу мы падвялі перад старым Новым годам. Па аднагалосным рашэнні журы, якое ўзначаліў галоўны рэдактар нашай газеты Віталій Крупянькоў, пераможцам прызнаны Віктар Сыракваш з вёскі Заскавічы. Ён першым адазваўся на наш конкурс, яго прыпеўкі былі самымі змястоўнымі, дасканалымі па рытме і рыфме, напоўненыя добрым гумарам.

Віктар Ільіч не навічок у паэзіі, музыцы. З маладых гадоў ён не расстаецца з акардэонам, а вершы пачаў пісаць яшчэ ў школе. Любімы яго жанр – байкі. З якой бы сцэны іх ні чытаў – слухачы ў захапленні. Друкаваліся яны ў нашай літаратурнай старонцы «Купалінка». Доўгі час Віктар Сыракваш адпрацаваў у сферы культуры, дзесяць гадоў быў дырэктарам Заскавіцкага дома культуры. Цяпер на пенсіі з’яўляецца акампаніятарам у Заскавіцкім і Маркаўскім дамах культуры. У яго творчай скарбонцы каля паўтара дзясятка песень, словы і музыку да якіх склаў сам. Любоў да Радзімы, каханне, сяброўства – тэмы, якія хвалююць і натхняюць.

Нам прыемна было ўручыць гэтаму творчаму чалавеку прыз ад «Маладзечанскай газеты» – электратостар. Спа-дзяёмся, ён будзе карысным для сям’і Сыракваш, якая выпісвае нашу газету шмат дзесяцігоддзяў.

Галоўны рэдактар «Маладзечанскай газеты» Віталій Крупянькоў уручыў прыз пераможцы конкурсу Віктару Сыраквашу.

 

А на завяршэнне конкурсу – яшчэ адна нізка прыпевак ад Віктара Сыракваша.
***
Хто шчыруе на палетках
Плённа, зладжана, з ахвотай,
Аб іх пішуць у газетах,
І мы бачым іх на фота.
***
Хацеў Клім купіць карову,
Аж тры вёскі абхадзіў.
Кажа жонка: «Бесталковы!
Па аб’явах паглядзі!».
***
Бабка кажа: «Люблю піццу,
Толькі цесная спадніца».
Дзед: «На ежу не ўлягай,
Лепш «раёнку» пачытай!
***
Спытаў бабу дзед: «Марфута,
Ці купіла цыгарэты?».
«Дым – атрута, лепш я, мілы,
Пайду выпішу газету!».
***
Калі ты гарыш да працы,
Лепш шчыруеш, чым усе,
Тады будзеш красавацца
На газетнай паласе!

Пазнаёмцеся з прыпеўкамі, якія дасылалі на конкурс жыхары горада і вёсак!

«Не шкадуй, браток, манету, падпішыся на газету!»

Віктар Сыракваш з Заскавіч піша цудоўныя вершы і песні, з ходу можа скласці цэлую нізку прыпевак. Што з поспехам і зрабіў па нашай просьбе.

Па сярэдах і суботах
Не рыбачыць дзед на рэчцы.
Ён чакае, каб з ахвотай
З «Маладзечанкай» сустрэцца.
***
Дзед бабулі даў даёнку,
Малачко не дачакае.
Паштальён прынёс «раёнку»,
Бабка села ды чытае.
***
Маеш лішні ўраджай?
Лепш па восені прадай.
А каб ведалі аб гэтым,
Дай аб’яву ў газету.
***
Калі ты шукаеш працу,
Трэба толькі пастарацца.
У газеце па суботах
Аб’яў многа пра работу.
***
Пра раённыя навіны
Ведаць кожны з нас павінны.
Не шкадуй, браток, манету,
Падпішыся на газету!

«У раённай у газеце прачытаеш усё на свеце…»

Першай даслала свае творы жыхарка Мінска Марыя Мучынская. Яна расказала, што нарадзілася ў вёсцы Дубіна Валожынскага раёна, але часта бывае ў Палачанах, дзе жыве яе брат Аляксандр. І таму з задавальненнем чытае «Маладзечанскую газету», цікавіцца мясцовымі навінамі. Цікава, што пасля педвучылішча Марыя Уладзіміраўна тры гады працавала ў рэспубліканскім піянерскім лагеры «Зубраня». Пасля гэта атрымала яшчэ дзве вышэйшыя адукацыі, працавала праграмістам у банку, галоўным эканамістам і галоўным бухгалтарам у камерцыйных структурах. А вершы стала пісаць толькі з жніўня гэтага года. І першы з іх, ажно на сямі лістах, прысвяціла роднай вёсцы Дубіна, пра якую мясцовыя энтузіясты вырашылі напісаць кнігу. Пасля былі і іншыя паэтычныя творы, іх ужо каля дзясятка.
Дзякуем Марыі Уладзіміраўне, што падтрымала наш конкурс!
***
У «Маладзечанскай газеце»,
Як нiдзе на белым свеце,
Праўда льецца ручайком,
Як чытаеш вечарком.
***
Мая бабка вось Матрона,
Градку поле ля балкона.
Ды чакае паштальёна
I газету iз раёна.
***
Як карову прадавала,
Мне «раёнка» памагала.
Я з рэдакцыi прыйшла,
А карову не знайшла.
***
У «раённай» у газеце,
Прачытаеш усё на свеце.
Пра свiней, i пра кароў,
I пакупку добрых дроў.
***
Начыталася такога
У «раёнцы» пра старога:
Самагонку ён рабiў,
Усю аколiцу труціў.
***
Я выходжу на свiтанку,
Плача дзед мой каля ганка.
На падпiску не паспеў,
Як сказалi — дык самлеў.
***
Дзякуй, мiлая газета,
Што паслухала куплеты.
Што ты пiшаш пра людзей
І даеш ім шмат надзей!

«Я скажу вам па сакрэту: «Трэба выпісаць газету!»

Прадстаўляем чарговага аўтара – Алену Байко з Маладзечна. Яна працуе тэхнікам па разліках Маладзечанскага філіяла «Энергазбыт» РУП «Мінскэнерга». Расказвае, што паэтам сябе не лічыць, але іншы раз рыфмуе радкі, каб павіншаваць знаёмых, сяброў. Нашу газету чытае даўно, цікавіцца раённымі навінамі, бывае, карыстаецца рэкламай. Убачыла ў суботнім нумары, што мы аб’явілі новы творчы конкурс, і загарэлася, вырашыла паўдзельнічаць, за што мы Алене вельмі ўдзячныя.

Вось субота надышла,
І «раёнка» нам прыйшла.
Цэлы дзень яе чытаю,
І навіны ўсе я знаю.
***
Пра палітыку раёна
І калгаснае жыццё,
Пра здароўе і паслугі
Нам «раёнка» скажа ўсё.
***
З нараджэннем нас
«паздравіць»,
За пакупкамі адправіць
І раскажа пра ўвесь свет
Нам не горш, чым інтэрнэт.

«Дык, спадарства, не зявайма – пра «раёначку» спявайма!»

Чарговая нізка прыпевак – ад маладзечанца Вячаслава КУРБАКІ.

Вячаслаў Іванавіч па адукацыі юрыст, працуе намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Беразінскае». Асабліва хацелася б адзначыць, што па выніках падпіскі на нашу газету за мінулы год менавіта гэта прадпрыемства выйшла на лідзіруючыя пазіцыі. Мы пісалі пра яго, дзякавалі яго работнікам за ўвагу да нашага выдання.
-- Сам газету даўно выпісваю, чытаю і іншым даю параду! -- гаворыць Вячаслаў, вершы якога друкаваліся на старонках «МГ».

Прымае ён удзел і ў пасяджэннях літаратурнага аб’яднання «Купалінка», якое шмат дзесяцігоддзяў дзейнічае пры газеце.

Пра сябе Вячаслаў расказвае, што вершы складае з 16 гадоў, захапляецца таксама прозай, публіцыстыкай, перакладамі з рускай мовы. Друкаваўся ў калектыўных зборніках. Прымаў удзел у Міжнародным маладзёжным фестывалі-конкурсе паэзіі і паэтычных перакладаў «Берагі сяброўства». Каля дзесяці твораў Вячаслава былі адабраны для публікацыі ў зборніках лепшых твораў, прадстаўленых на гэты фестываль-конкурс.

Ледзь я поўзаць навучыўся –
За «раёнку» ўхапіўся!
Колькі год ужо жыву --
Усё ніяк не адпушчу!
***
Грамату вучылі дзеткі
Усё па сшытках-букварах.
З «Маладзечанскай газеткі»
Усё спасціг ад А да Я.
***
Маці з татам навучылі
І працягваюць вучыць:
Каб пазнаць навінаў плыні –
Трэба, сын, «МГ» купіць!
***
Верш прыгожы прачытаю
І аб спорце тут знайду –
Вось за гэта я, васпане,
«Маладзечанку» люблю!
***
Кажа мне кахана Ганна:
Кінь сядзець ты ля экрана.
Сум адзін -- футбол-хакей,
А з «раёнкай» весялей!
***
К цешчы часта прыязджаю,
Усё «МГ» ізноў пытае.
І няважна, што яна
Ажно з града Кобрына.
***
Падпісаў сяброў, знаёмых,
Усіх калег і сваіх родных
(Мне, рабяты, не шкада!)
Ды суседскага ката.
***
Усюль «МГ» чытаюць людзі:
У калгасе, пры станку.
Я ж чытаць газету буду
Ля вакенца ў цягніку.
***
«Маладзечанскай газеце»
Усе куплеты мае спеты!
Дык, спадарства, не зявайма –
Пра «раёначку» спявайма!
Фота: архіў Вячаслава КУРБАКІ.


«У «Маладзечанскай газеце» ўсё, што хочаш, ёсць на свеце…»

На гэты раз мы атрымалі прывітанне з паэтычнага краю – аграгарадка Лебедзева. Нізку прыпевак склала яго 86-гадовая жыхарка Ганна Ельяшэвіч. 

Ганна Дзмітрыеўна ўсё жыццё працавала швачкай спачатку ў Маладзечне, затым у Лебе-дзеўскім камбінаце бытавога абслугоўвання. Цяга да рыфмавання слоў у яе была заўсёды. І гэта не дзіўна: яна родам з творчай сям’і Семашкевічаў: мастак Раман Семашкевіч – родны брат яе маці.

У 2012 годзе Ганна Ельяшэвіч удзельнічала ў праекце раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва: людзі залатога ўзросту складалі вершы, а дзеці іх ілюстравалі. У выніку выйшла кніга «Таленавітыя разам», якую Ганна Дзмітрыеўна захоўвае і іншы раз гартае. Друкаваліся яе вершы на старонках нашай газеты, быў і здымак, ды такі ўдалы, што сястра сказала, што Ганна на ім падобная на артыстку.

Нашу газету жанчына выпісвае шмат гадоў, чытае ад «А» да «Я», з нецярпеннем чакае кожнага нумара.
***
У «Маладзечанскай газеце»
Усё, што хочаш, ёсць на свеце:
Памяняй, купі, прадай…
Не лянуйся, пачытай!
***
Дзед газету ўсё шукаў:
Хто ж яе з канапы скраў?
Аказалася, «раёнку»
Унук забраў з сабой
у «прадлёнку».
Не ў смартфоне прападаў,
А сябрам услых чытаў.
***
Бабка Ганна не сумуе,
У клуб ідзе, нібыта піша.
Пра вячоркі расказала
Ёй раённая афіша.
***
У свае восемдзесят шэсць
Ведаць шмат чаго хачу.
Вось пагэтаму на пошту,
Як на крылах я лячу.

«Як газету пачытаю, на душы цяплей тады»

Нам вельмі прыемна было атрымаць нізку цудоўных прыпевак ад нашага земляка вядомага беларускага паэта-песенніка, падпалкоўніка міліцыі ў адстаўцы Кастуся Цыбульскага. Кастусь Пятровіч нара-дзіўся на хутары Забалоцце, што за дзесяць кіламетраў ад Маладзечна, закончыў Лебе-дзеўскую сярэднюю школу. Як расказвае сам, паэзія з’явілася галоўным фактарам у выбары прафесіі: пасля службы ў арміі ён паступіў на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. І хаця шмат гадоў ён аддаў службе ў міліцыі спачатку на Случчыне, затым у Мінску, з паэзіяй ніколі не расставаўся. Ён аўтар пяці паэтычных і песенных зборнікаў, чатырох дыскаў. Песні на яго вершы выконваюць многія вядомыя беларускія і замежныя выканаўцы.

Неаднойчы мы расказвалі пра творчыя сустрэчы Кастуся Пятровіча з прыхільнікамі яго паэзіі. Ён пастаянны ўдзельнік Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна».
***
Выбіраў сабе кабету
Дзесяць год старэнькі дзед.
Даў аб’яву ў газету —
Не адбіцца ад кабет!
***
Разышлася навіна,
Што ўкралі кабана.
— А ты бачыў, што ўкралі?
— Не, у газеце напісалі…
***
У «Маладзечанскай газеце»
Вершы мне за ўсё мілей.
Напішу і я кабеце,
Можа, чарачку налье.
***
І ў верасні, і ў маі
Часам ціснуць халады.
Як газету пачытаю,
На душы цяплей тады!
***
У «Маладзечанскай газеце»
Аднадумцы і сябры.
Як маяк яны мне свецяць
І завуць пагаварыць.
***
Не пытайся ў людзей,
Ці газета добрая.
Яна ў шчасці і бядзе
Як матуля родная!

«Жадаю я сваёй газеце самай лепшай быць у свеце!»

Такое вершаванае пажаданне, а разам з ім і нізку прыпевак даслала на наш конкурс жыхарка аграгарадка Яхімоўшчына Алена Асіповіч.

Прыемна было даведацца, што Алена Аляксееўна выпісвае нашу газету яшчэ з часоў «Святла камунізму». Любіць края-знаўчыя матэрыялы, заўсёды чакае выхаду паэтычнай старонкі «Купалінка».

Да пенсіі наша чытачка працавала спецыялістам па падатках і зборах у Палачанскім сельвыканкаме. Карэнная жыхарка Яхімоўшчыны, яна з замілаваннем расказвае пра родныя мясціны:

— Такой зялёнай і прыгожай вёскі больш нідзе няма! І гісторыя ў яе вельмі багатая: у Яхімоўшчыне жыў і працаваў на бровары Янка Купала, аб чым цяпер нагадвае музей.
Відаць, не толькі Песняра натхнялі яхімоўшчынскія маляўнічыя краявіды на паэтычныя творы. Алена Асіповіч з дзяцінства пісала вершы. Успамінае, што настаўніца рускай мовы Палачанскай школы Надзея Васільеўна Яцукевіч прасіла яе прыдумаць вершаваныя подпісы для школьнай насценгазеты «Пражэктар». Шмат часу мінула, і вось ужо на пенсіі Алена Аляксееўна зноў пачала складаць вершы, байкі. Расказвае, што піша толькі для сябе, нідзе не друкуецца, чытае вершы траім сынам, нявесткам, пяцярым унукам. Бывае, што знаёмыя просяць напісаць верш да юбілею блізкіх, сяброў. Такія віншаванкі Алена Аляксееўна па традыцыі пачынае радкамі: «Не Гілевіч я, не Броўка, не ўмею пісаць лоўка…».

Між тым прыпеўкі пра газету наша чытачка напісала вельмі лоўка, за што мы ёй дасылаем нашу ўдзячнасць.

***
Ой, «раёначка» мая,
Я люблю цябе ўдвая:
Ты жартуеш, ты сумуеш,
І наогул усіх чаруеш.
***
За мяжу любіш «скатацца»,
Каб усе маглі дазнацца,
Як жывецца ў Беларусі,
Хто гадуе куры, гусі.
***
Хто як бульбачку скапаў,
Хто яшчэ не пачынаў.
Хто спёк смачны піражок,
Як служыць у арміі сынок.
***
Тут рэклама, тут аб’явы
Пра культурныя ўсе з’явы,
Пра народных дэпутатаў,
Як рыхтуемся да святаў.
***
Усе навіны, усе нататкі –
Добрыя ў «МГ» задаткі.
І жадаю я газеце
Самай лепшай быць у свеце!

«А з прачытанай «раёнкі» можна ёлачку зрабіць…»

На гэты раз нашым аўтарам стала Ванда Кучко  з аграгарадка Відзеўшчына.

— Бывае, з-за вясковых клопатаў забудуся выпісаць газету, тады кожную суботу купляю на пошце. Бягу туды з раніцы, каб не разабралі. З пенсіі абавязкова выпішу, каб атрымліваць у новым годзе! — гаворыць наша чытачка.

Цяпер яна на пенсіі, працавала паляводам, даяркай, лабарантам у мясцовай сельгасарганізацыі. Прызнаецца, што вершы ніколі не пісала, прачытала ў газеце пра конкурс і вырашыла паспрабаваць. Бо прыпеўкі заўсёды любіла, у маладосці нават падпявала свайму мужу Валяр’яну Самсонавічу, які добра іграў на гармоніку, спяваў. На жаль, яго ўжо няма на гэтым свеце. Яны выгадавалі дзвюх дачок і сына, усе жывуць у Відзеўшчыне. Фота адной з дачок, Жанны Рудкоўскай, было на старонках «МГ». Жанна прымала ўдзел у конкурсе «Супермама», і калі трэба было прыдумаць убранне з падручных матэрыялаў, змайстравала арыгінальную сукенку з нумароў «Маладзечанскай газеты». Быў і яшчэ адзін конкурс, на які яна зрабіла з «раёнкі» навагоднюю ёлачку і нават атрымала за яе прыз.

***
Паштальён прынёс
«раёнку»,
Я так зачыталася!
Як зірнула на гадзіннік,
Дык ужо хутка раніца…
***
Прачытала я «раёнку» —
Вочы радасна гараць,
Што сынок мой у калгасе
Можа столькі заараць.
***
Дзед на бабу ўсё злуе:
Не варыць булёнчыку.
Бо сягоння паштальён
Ёй прынёс «раёначку».
***
Ох, прыстаў да мяне кум:
«Выпішы «раёнку»!
Дык цяпер у мяне ў суботу
Нядоена кароўка.
***
Прачытаную «раёнку»
Не спяшайце выкідаць —
З яе можна сшыць сукенку
І на сцэне выступаць.
***
А з прачытанай «раёнкі»
Можна ёлачку зрабіць,
Ды, адправіўшы на конкурс,
Яшчэ прыз там зарабіць.

«І каб з чытачамі заўсёды дружыць!»

Падстаўляем нашага чарговага аўтара. Гэта маладзечанец Пётр Іванскі. Шмат гадоў ён працаваў участковым тэрапеўтам у паліклініцы №1. Хаця цяпер на заслужаным адпачынку, яго і сёння з вя-лікай удзячнасцю ўспамінаюць многія пацыенты. Пётр Іосіфавіч расказвае, што ў наступным годзе будзе роўна паўвека, як яго сям’я выпісвае «раёнку». «Мне падабаецца ў ёй усё», — гаворыць наш паважаны доктар. Шчырае дзякуй, што ўсе гэтыя дзесяцігоддзі былі разам з намі!

***
Нам найлепшая газета
«Маладзечанская» гэта.
Усё пра ўсё ў ёй вядома,
Што чуваць у нас тут, дома.
***
Круглы год
зімой і летам,
Не ў дакор другім
газетам,
«Маладзечанку»
з павагай
Карыстаем з перавагай.
***
Год восем дзясяткаў
Выходзіць яна,
Хай розныя назвы,
Ды мэта адна.
***
Каб нам разам з ёю
Лягчэй было жыць.
І каб з чытачамі
Заўсёды дружыць!

«На пошце я працую, усім газету прапаную»

Вольга Пашкоўская – начальнік самага новага ў нашым горадзе аддзялення сувязі №2, якое ў верасні 2017 года было адкрыта ў мікрараёне «Усходні» па Вялікім Гасцінцы.

Вольга Пашкоўская прыязджае на работу з роднага Краснага. У сістэме паштовай сувязі яна працуе ўжо больш за 12 гадоў. Работу сваю вельмі любіць і нават прысвяціла ёй доўгі верш, які ў свой час чытала на абласным конкурсе прафесійнага майстэрства. Вельмі прыемна, што яе сям’я шмат гадоў выпісвае «раёнку», цікавіцца ўсімі падзеямі, што адбываюцца на Маладзечаншчыне. Дзякуем Вользе за дапамогу ў распаўсюджванні нашага выдання і, безумоўна, за прыгожыя прыпеўкі.

* * *
З «Маладзечанкай» сябрую,
З ёй ніколі не сумую.
І пра ўсё на белым свеце
Прачытаю ў газеце.
* * *
Колькі год ужо прайшло,
А з традыцый не сышло:
Выпісаць сваю газету
Ці то ўзімку, ці то летам.
* * *
Вось на пошце я працую,
Усім газету прапаную.
На «раёнку» падпісацца –
Без навінаў не застацца.
* * *
Як «раёнку» пагартаю,
Усе аб’явы прачытаю.
Што прадам, а што куплю.
Усё, што трэба мне, знайду!
Вольга ПАШКОЎСКАЯ.

«Маладзечна – горад сонца, а газета – дабрадзей…»

З вялікім задавальненнем прадстаўляем чарговага ўдзельніка нашага конкурсу маладзечанца Міхаіла ГЛУЗДАКОВА. Многія жыхары горада і раёна ведаюць Міхаіла Мікалаевіча. На працягу 20 гадоў ён працаваў загадчыкам аддзела сацыяльнай абароны райвыканкама. На Маладзечаншчыну прыехаў пасля заканчэння Мінскага педінстытута ў канцы 1960-х гадоў, з гэтага часу і выпісвае раённую газету. Расказвае, што памятае тагачасных рэдактараў Івана Сцяпанава, Яўгенія Меркуля, добра ведае многіх журналістаў. А з нашым незабыўным фотакарэспандэнтам Міхаілам Асаевічам неаднойчы хадзіў на паляванне.

Міхаіл Мікалаевіч творчы чалавек. Ён гарманіст-самавучка, добра іграе, спявае. І з рыфмай сябруе: у свой час складаў жартоўныя вершы сябрам-паляўнічым. Дарэчы, і свае прыпеўкі наш чытач прысвяціў не толькі газеце ў цэлым, але і многім супрацоўнікам рэдакцыі. Прачытаў з імі інтэрв’ю ў нумары за 28 верасня, прымеркаваным да 80-годдзя нашага выдання, натхніўся і склаў трапныя радкі, за што мы таксама яму вельмі ўдзячныя. А наогул, кожная чарговая нізка прыпевак – дарагі падарунак газеце, шырокай чытацкай аўдыторыі. Дзякуем Міхаілу Мікалаевічу за творчасць, добрую энергетыку, аптымізм.

***
З «Маладзечанскай газетай»
Трэба добра сябраваць:
Што ў раёне, што ў краіне
Самы першы будзеш знаць.
***
Маладзечна – горад сонца,
А газета – дабрадзей.
Калі з ёю пасябруеш,
Будзеш у курсе ўсіх падзей.
***
«Маладзечанскай газеце»
Жыхар кожны будзе рад;
Ёсць там вершы, віншаванні,
Гаспадыням шмат парад.
***
Калектыў іх – дваццаць лепшых,
І працуюць, як адзін.
Каб звярстаць адну газету,
Трацяць шмат яны гадзін.
***
У «Маладзечанскай газеце»
Журналісты – проста клас!
Матэрыялы іх чытаю
З асалодай кожны раз.
***
З нецярпеннем я чакаю,
Калі прыйдзе паштальён.
Дасканала, браткі, знаю
Я з «МГ» пра ўвесь раён!

***


 

Прочитано 653 раз Последнее изменение 03.12.2019 13:00
Отдел информации.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить