31.10.2019 8:47

Па слядах баёў і маёнткаў Агінскага

Кожны год сябры фонду «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага» адпраўляюцца ў экспедыцыі, каб пашырыць свае веды пра аўтара паланэза «Развітанне з Радзімай», адкрыць невядомыя старонкі гісторыі яго роду, зрабіць новыя адкрыцці. На гэты раз шлях ляжаў у Браслаўскі раён. Мэта падарожжа — больш даведацца пра рэйд генерал-маёра паўстанцкіх войскаў Агінскага на Дынабург (сучасны Даўгаўпілс) у 1794 годзе, а таксама ўдакладніць, якія і дзе ўладанні мелі Агінскія на Браслаўшчыне.

Міхал Клеафас Агінскі. Міхал Клеафас Агінскі.

Помнік у Лучаі

Шлях наш праходзіў праз Пастаўскі раён Віцебскай вобласці. Экспедыцыя наведала Лучай, дзе знаходзіцца касцёл Святога Тадэвуша. Храм пабудаваў дзед Міхала Клеафаса. Недалёка раней стаяў палац Альжбеты Пузыны з роду Агінскіх – аматаркі навукі, заснавальніцы абсерваторыі Віленскага ўніверсітэта.
Прыемнай нечаканасцю стаў помнік нашаму славутаму земляку. Узведзены ён на мяжы былога палацавага парка. Аказваецца, Лучай адметны не толькі першым у свеце помнікам папу рымскаму Бенедыкту XVI, але і чацвёртым — Агінскаму.

Прывітанне Тызенгаўзам!

У Паставах пабывалі ў палацы Тызенгаўзаў. Узводзіць збудаванне пачаў Антоній Тызенгаўз, заснавальнік дзясятка мануфактур і ўзорнай забудовы для гараджан у Гродне і Паставах. Завяршыў будаўніцтва Канстанцін Тызенгаўз – вучоны-арнітолаг, мецэнат, мастак, сябар Віленскага друкарскага таварыства, старшынёй якога быў Міхал Агінскі.

Дарэчы, родная пляменніца Канстанціна Тызенгаўза Габрыэля Пузына – уладальніца Гарадзілава і адна з найбольш выдатных пісьменніц пазамінулага стагоддзя. Яна мела сяброўскія стасункі з жонкай Агінскага Марыяй Нэры, якой пры-свяціла свае ўспаміны.

Палац Тызенгаўзаў добра захаваўся. У ім размешчаны раённая бальніца, філіял края-знаўчага музея і кафэ. У музеі можна паглядзець адзін з першых у Расійскай імперыі фільмаў. Зняты ён у 1904 годзе і прысвечаны мясцовай кавалерыйскай школе.

Відзы і Опса

А вось і Браслаўшчына. Першы адметны пункт на гэтай зямлі, які мы наведалі, – былы горад, а цяпер мястэчка Відзы з адным з найбольш высокіх у Беларусі касцёлаў (59 метраў) і магілай паўстанца 1794 года Тамаша Ваўжэцкага. Як і Агінскі, Ваўжэцкі рабіў партызанскія рэйды ў глыбокі тыл непрыяцеля, а пасля паланення Касцюшкі ўзначаліў паўстанне.

Наступны населены пункт на маршруце – аграгарадок Опса. Гэта найстаражытнейшае ўладанне роду Агінскіх на Браслаўшчыне. У 1500 годзе вялікі князь літоўскі Аляксандр аддаў двор Опса смаленскаму акольнічаму Алёхну Глазыну ў якасці кампенсацыі за захопленыя маскоўцамі яго землі на памежжы. А праз паўстагоддзе Глазыны сталі называцца Агінскімі.

У канцы XVIII стагоддзя Опсай валодаў вядомы авантурыст і расійскі шпіён граф Мануцы. Ён пасварыўся з усімі сусе-дзямі, у тым ліку і з М.К. Агінскім. Пра гэта сведчыць павестка апошняму ў суд, якая была ўручана 21 студзеня 1793 года. Дзякуючы дакументу мы даведаліся, што наш знакаміты зямляк бываў на Браслаўшчыне.

Цяпер Опса прываблівае турыстаў цудоўнымі краявідамі з касцельнага пагорка, палацам пачатку мінулага стагоддзя і паркам, які тэрасамі спускаецца проста ў возера. Яшчэ нядаўна тут рос дуб, пад якім, згодна з паданнем, адпачываў Напалеон.

Не забыліся пра «Дружбу народаў»

Пакідаем гасцінную Опсу, накіроўваемся на захад, у аграгарадок Дрысвяты. Агінскі валодаў гэтымі землямі ў канцы XVIII стагоддзя. Недалёка ад населенага пункта знаходзіцца вельмі цікавы аб’ект — будынак былой ГЭС «Дружба народаў». Узвялі яе ў сталінскія часы сіламі некалькіх калгасаў Беларусі, Латвіі і Літвы. Дарэчы, цяпер Літва арандуе былую ГЭС, выкарыстоўваючы яе шлюзы.

Што тычыцца маёнтка ў Дрысвятах, тут захаваліся толькі два дамы для прыслугі, хлявы і запушчаны парк з экзатычнымі пародамі дрэў.

Найбольшы ўклад у добраўпарадкаванне Дрысвят зрабіў швагер Агінскага Ян Нікадзім Лапацінскі, якому Агінскі і прадаў маёнтак.

Яшчэ ў Дрысвятах прыцягвае ўвагу драўляны касцёл, пабудаваны ў 1920-я гады Лявонам Вітан-Дубейкаўскім у беларускім стылі. Ён выглядае прыгожым і зусім новым, асабліва знутры. Цікава пра Дрысвяты і наваколле нам расказала мясцовая краязнаўца Эмілія Шавела.

Наперадзе новыя падарожжы

А вось і Браслаў. Горад гэты надзвычай прыгожы, разме-шчаны ў атачэнні маляўнічых азёр. Незабыўнае ўражанне пакінулі Замкавая гара і помнік знакамітаму доктару Станіславу Нарбуту.

Затым экспедыцыя завітала ў аграгарадок Ахрэмаўцы з вялікім паркам Бяльмонт, які цяпер адраджаецца. У вёсцы Слабодка (наступны пункт падарожжа) спадабаўся прыгожы касцёл, роспісы якога выканаў самадзейны мастак з Віцебска.
Завяршылася экспедыцыя ў аграсядзібе «Васіль.ОК», гаспадары якой — Васіль і Роза Шэрыя — сябры і валанцёры фонду. Яны ўмеюць добра сустракаць гасцей.

Вынікі даследаванняў, вывучэння пісьмовых крыніц і роспытаў мясцовых краязнаўцаў у час падарожжа такія:

- Партызанскі рэйд атрада Агінскага на Дынабург праходзіў па тэрыторыі сучасных Літвы і Латвіі. Пры гэтым да яго далучыліся паўстанцы з Браслаўшчыны і іншых беларускіх зямель;

- Агінскія з даўніх часоў мелі ўладанні на Браслаўшчыне, і Дрысвяты не адзіны іх маёнтак тут. Уладанне займала больш за 1500 гектараў і насіла, магчыма, назву Пошча. Але яго дакладныя межы яшчэ неабходна вызначыць. Значыць, наперадзе новыя экспедыцыі.

Валерый БУРЭНЬ,
сябар праўлення мясцовага дабрачыннага фонду «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага».

Фота: архіў ФОНДУ.

 

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/kultura/item/5605-pa-slyadakh-bajo-i-majontka-aginskaga.html#sigProId6ad2346770
Прочитано 789 раз
Отдел информации.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.