Праект арганізаваны пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў нашай краіне. Ініцыявалі яго актывісты рэрыхаўскага руху. У Маладзечна таксама прыехалі работнікі музеяў і ўстаноў культуры, валанцёры з Беларусі, Расіі, Украіны. Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел прадстаўнікі райвыканкама.
Стартаваў праект у штаб-кватэры ў Парыжы ў 2012 годзе. За гэты час тэматычная выстаўка, прысвечаная гісторыі Пакта Рэрыха «Дагавор аб ахове мастацкіх і навуковых устаноў і гістарычных помнікаў» і актуальнасці яго міратворчых ідэй у сучасным свеце, калясіла па розных кантынентах. Яе ўжо бачылі больш чым у 150 гарадах Расіі і ў 20 -- беларускіх. Выстаўка заснавана на дакументах з архіва Мікалая Рэрыха, што быў завешчаны сынам Святаславам Міжнароднаму цэнтру Рэрыхаў у Маскве. У ёй таксама сабраны мастацкія работы Мікалая Канстанцінавіча. Яго творчасць называюць унікальнай з’явай у гісторыі сусветнай культуры. Ён вядомы не толькі як мастак, але і як навуковец, філосаф, грамадскі дзеяч, пісьменнік, паэт і вандроўнік. Акрамя 7000 мастацкіх палотнаў, Рэрых пакінуў багатую літаратурную і навуковую спадчыну. Творца быў перакананы, што культура – аснова міру на зямлі, а культурная спадчына, па сутнасці, належыць усяму свету.
Аб важнасці яе захавання для нашчадкаў гаварыла дырэктар Мінскага абласнога краязнаўчага музея Раіса Казановіч. Віцэ-прэзідэнт Міжнароднага цэнтра Рэрыхаў, старшыня Яраслаўскага Рэрыхаўскага таварыства «Арыён» Сяргей Скарадумаў выказаў спадзяванні на далейшае супрацоўніцтва ў рамках міратворчага руху з Маладзечнам. Ён расказаў аб тым, што ў Яраслаўлі створана дыяспара беларусаў, з якой рэрыхаўцы даўно сябруюць. Сяргей Уладзіміравіч заўважыў, што ў гэтым горадзе ёсць помнік Максіму Багдановічу (копія мінскага) і мемарыяльны дом-музей імені класіка беларускай літаратуры.
Старшыня аддзялення грамадскай арганізацыі «Міжнародны цэнтр Рэрыхаў» у нашай рэспубліцы Уладзімір Папоў таксама сярод тых, хто звярнуўся да прысутных і падкрэсліў важнасць міратворчага руху, супрацоўніцтва паміж рознымі краінамі.
Прэзентацыю выставачнага праекта прадоўжыў круглы стол з сімвалічнай назвай «Культура – аснова міру і супрацоўніцтва паміж народамі». Удзельнікі мерапрыемства з цікавасцю паглядзелі тэматычны відэафільм, азнаёміліся з выстаўкай літаратуры. Старшы навуковы супрацоўнік Мінскага абласнога краязнаўчага музея Лідзія Курыловіч узняла тэму захавання гісторыка-культурнай спадчыны ў музеях сталічнага рэгіёна. Былі падрыхтаваныя відэадаклады спецыялістаў адпаведных сфер, прыхільнікаў рэрыхаўскага руху з Рыгі, Таліна, Пермі.
Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА.