13.01.2018 9:25

В Молодечно пели песни Сергея Никитина

На кожны Новы год мы глядзім «Иронию судьбы, или С легким паром!», разам з героем Андрэя Мягкова спяваем «Если у вас нету тети» і іншы раз забываем, што сапраўдны выканаўца песні Сяргей Нікіцін, які застаецца за кадрам. А хто з нас не ведае «Аляксандру» з аскараноснага «Москва слезам не верит», «Под музыку Вивальди», «Когда мы были молодыми», «Диалог у новогодней елки», «Золотая Брич-мулла». Музыку да ўсіх гэтых і многіх іншых шэдэўраў напісаў кампазітар, выканаўца Сяргей Нікіцін, які летась адзначыў 55-годдзе творчай дзейнасці.

В Молодечно пели песни Сергея Никитина "Маладзечанская газета"


Выпускнік фізічнага факультэта МДУ, кандыдат фізіка-матэматычных навук, ён са студэнцтва ўсур’ёз захапіўся бардаўскай песняй, сябраваў з Булатам Акуджавам, які прысвяціў Нікіціну гэтыя радкі:

«Физик, к стиху прикипевший,
Ученый, влюбленный в струну…».

Ён ніколі не пісаў сам вершы, затое паклаў на музыку цудоўныя творы Барыса Пастарнака, Яўгенія Еўтушэнкі, Юны Морыц, Генадзія Шпалікава і іншых. У яго творчай скарбонцы каля 400 песень. Пік папулярнасці дуэта Сяргея Нікіціна і яго жонкі Таццяны прыпаў на 70-80-я гады мінулага стагоддзя. У студэнцтве мне пашчасціла трапіць на іх творчую сустрэчу са студэнтамі БДУ, адчуць на сабе талент, абаянне, інтэлігентнасць, гумар і адкрытасць гэтай пары. І вось феномен: змяніліся пакаленні, а іх песні па-ранейшаму любімыя. Засынаючы, мой унучак Ванюша нязменна просіць спець яму пра «ежика резинового с дырочкой в правом боку»…

У нашым горадзе ў мэтра бардаўскай песні шмат прыхільнікаў.

Гэта пацвердзіў музычны вечар «Спяваем Нікіціна разам» у гарадскім Палацы культуры, які стаў цудоўным навагоднім падарункам усім, хто любіць яго, — ад вучняў пачатковых класаў да пенсіянераў.
Даўно не бачыла ў адным месцы столькі гітар. Такое ўражанне, быццам усе гітарысты горада сабраліся ў малой зале Палаца. Арганізатары музычных вечароў бардаўскай песні — трыа «Фіеста» ў складзе Наталлі Паўлюшчык, Святланы Кулашка і Кацярына Дубовік, якіх падтрымалі супрацоўнікі Палаца культуры. «Фіесце» пашчасціла чуць Нікіціна на Грушынскіх фестывалях бардаўскай песні, на фестывалі «Синий перекресток» у Маскве. Падтрымалі трыа ўдзельнікі творчых калектываў навучальных устаноў, асобныя выканаўцы. Усе яны спявалі песні Сяргея Нікіціна, у кожную ўкладвалі не толькі талент і майстэрства, але і сваю душу, добры гумар, жыццёвую філасофію. І разам з гледачамі адчувалі сябе часцінкай вялікага брацтва, якое ведае, разумее і любіць сапраўдную музыку, размаўляе на адной мове. На вялікім экране дубліраваліся словы кожнай песні, але, як слушна заўважыла абаяльная і крэатыўная вядучая вечарыны Наталля Жук, тым, хто прыйшоў на канцэрт, падказкі не патрэбныя, гэтыя словы яны ведаюць на памяць. Зала з задавальненнем падпявала ледзь не кожнаму музыканту. Як заўсёды, здзіўлялі, радавалі, хвалявалі ўдзельніцы «Фіесты». Уражваў прафесіяналізмам, сугучнасцю галасоў вакальны ансамбль «Менестрэлі», прымушаў часцей біцца сэрцы, напаўняў залу лірызмам і рамантычнасцю дуэт Вольгі Кохан і Андрэя Шабовіча. Асобнае дзякуй за «Золотую Брич-Муллу» вакальнаму ансамблю выкладчыкаў гімназіі №10 і яго салісту Васілію Маліноўскаму. Бард са стажам Юрый Бялоў сваім голасам і абліччам нечым няўлоўным нагадаў Андрэя Мягкова. Таксама ў праграме прынялі ўдзел выхаванцы клуба аўтарскай песні «Свечка» ЦТДіМ «Маладзік» пад кіраўніцтвам Сяргея Шымана, які паказаў прыгожыя кампазіцыі разам з Ангелінай Такушэвіч і Іларыяй Вештарт. Запомнілася выступленне Арыны Гурман з гімназіі №7, Дзіяны Яркевіч з СШ №14. Нельга было не парадавацца за выхаванцаў гімназіі №10, якім нераўнадушныя педагогі прывілі выдатны музычны густ. Віка Ляўчук, Ангеліна Сарока, Вера Пархімовіч і Аня Яравікова, вакальны ансамбль хлопчыкаў пятага класа (саліст Паша Сыракваш) пад кіраўніцтвам Святланы Кісялёвай, вакальны ансамбль шостых класаў (салісты Дар’я Задорская і Уладзіслава Бань) пад кіраўніцтвам Кацярыны Дубовік і многія іншыя дарылі гледачам свае выступленні.

«Слухаць добрую музыку, ці то гэта класіка, джаз, эстрада, ці то бардаўская песня, я магу суткамі», — сказаў у адным са сваіх інтэрв’ю Сяргей Нікіцін. А мы ўсё жыццё слухаем і спяваем яго песні і з узростам цэнім іх яшчэ больш. На жаль, у наш горад дуэт Нікіціных з канцэртам не прыязджаў, магчыма, такая сустрэча яшчэ наперадзе.

Фота: Яўгеній СТЭЛЬМАХ.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/kultura/item/2127-v-molodechno-peli-pesni-sergeya-nikitina.html#sigProId3b53e56751
Прочитано 2828 раз Последнее изменение 13.01.2018 9:25
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.