08.01.2018 9:49

Аляксандр Хазянін: «Калі аддаеш – багацееш…»

Мы часта сустракаемся на маладзечанскім «брадвеі» – вуліцы імя Прытыцкага. Як бы шпарка ні крочыў Аляксандр Аляксандравіч па сваіх справах, раз-пораз спыняецца, каб павітацца, пагаварыць са знаёмымі. Здаецца, яго ведае ўвесь горад…

Аляксандр Хазянін: «Калі аддаеш – багацееш…» "Маладзечанская газета"

Але што тут дзіўнага? Без малога чвэрць стагоддзя Аляксандр Хазянін кіраваў творчым калектывам рэдакцыі нашай газеты.

У самым росквіце сіл – у 38 гадоў – узначаліў ён рэдакцыю, стварыў калектыў, зрабіўшы стаўку на моладзь, на ўчарашніх выпускнікоў факультэта журналістыкі, які закончыў сам. Сярод іх і аўтар гэтых радкоў: на пятым курсе трапіла ў «Святло камунізму» на пераддыпломную практыку, вельмі старалася, шмат рыхтавала матэрыялаў, бо спадабаўся калектыў і атмасфера ў ім. Як падтрымаў мяне Аляксандр Аляксандравіч, калі прыехаў на размеркаванне! Такія лёсавызначальныя моманты помняцца ўсё жыццё. А іх было нямала. Гэта і забеспячэнне супрацоўнікаў жыллём (рэдакцыя будавала кватэры на ўмовах долевага ўдзелу), і ў бедныя дзевяностыя выдзяленне беспрацэнтных пазык на набыццё мэблі… Цяпер, калі адпрацавала ў рэдакцыі больш за 30 гадоў, разумею, наколькі важкая гэта была падтрымка, якая ў маладосці ўспрымалася як нешта само сабой зразумелае. Адчувалі мы яе і ў прафесійным плане. Наш рэдактар  заўсёды падтрымліваў цікавыя ідэі, шчыра радаваўся нашым удачам і толькі дакараў, але не караў за промахі, памылкі. Для творчых людзей гэта вельмі важна…

Нельга не сказаць і пра тое, што наш калектыў адным з першых сярод  раённых выданняў перайшоў на камп’ютарныя тэхналогіі, не раз перамагаў у абласных і рэспубліканскіх конкурсах, з поспехам удзельнічаў у выстаўках і міжнародных форумах. Але самае галоўнае — газета заўсёды карысталася папулярнасцю і даверам у чытачоў, рос тыраж, шырылася рэкламная база. Ва ўсім гэтым, безумоўна, вялікая заслуга Аляксандра Аляксандравіча, які ўклаў у справу свайго жыцця шмат працы, душы, здароўя…

Яшчэ помніцца, мы шмат спявалі на нашых рэдакцыйных мерапрыемствах у Дзень друку. І гэта таксама сведчыла аб добрай сяброўскай атмасферы. А салістам, галоўным запявалам заўсёды быў наш рэдактар… Ён і цяпер пастаянна цікавіцца нашымі справамі, заходзіць у рэдакцыю, дзеліцца творчымі планамі. А ў гэтыя дні была цудоўная нагода для чарговай сустрэчы: 5 студзеня выдатнік друку Рэспублікі Беларусь, заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў, член  Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Хазянін адзначыў сваё 70-годдзе.

— Аляксандр Аляксандравіч, неяк не выпадала раней пацікавіцца, адкуль пайшло ваша незвычайнае прозвішча? Часта яно сустракаецца на роднай Пухавіччыне?
— Акрамя нашай сям’і, больш Хазяніных ні ў маёй вёсцы Дукора, ні ў бліжэйшым наваколлі няма. У кнізе «І марам волю дам» майго земляка вядомага пісьменніка, краязнаўца, а цяпер міністра інфармацыі Алеся Карлюкевіча прыводзіцца сведчанне: карта-дзесяцівёрстка, якую ў 1816 годзе склалі рускія афіцэры-картографы. Згодна з ёю наша мясцовасць — невялікая частка Расійскай імперыі — называлася Хазяніны (і цяпер за пяць кіламетраў ад маёй Дукоры ёсць вёска Хазянінкі) і паходзіла ад першых пасяленцаў.

— У Дукоры засталіся сваякі?
— Там жыве малодшая сястра Марыя. Усе чатыры сястры – Тамара, Валянціна, Ірына і Марыя — прыязджалі да мяне на юбілей, і гэта вялікае шчасце адчуваць іх любоў і падтрымку.

— Скажыце, у вашым юнацтве быў чалавек, які прывабіў да друкаванага слова?
— Так, гэта быў незабыўны настаўнік Васіль Гарбацэвіч, адзін з пачынальнікаў сучаснай беларускай драматургіі. Адна з яго п’ес — «Чырвоныя кветкі Беларусі» — была даволі папулярнай. Пад яго ўплывам я нават сам п’есу напісаў. Паставіў яе з сябрамі ў нашым клубе, іграў у ёй ролю марака. Жыве ў маім сэрцы і светлы вобраз настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Марыі Вярчук, якая кіравала школьным драматычным гуртком, удзячны таксама ўсім дукорскім педагогам. Наведваў я і школу рабселькораў Пухавіцкай раённай газеты «Сцяг працы». Тагачасны адказны сакратар Васіль Буры падарыў мне, як стараннаму селькору, кнігу «В редакцию не вернулся», якая дарагая для мяне і сёння. Яе героі – ваенныя карэспандэнты – і для сучасных журналістаў могуць быць прыкладам вернасці прафесійнаму доўгу, свайму народу і краіне. А адчуванне журналістыкі прыйшло пазней, калі ў рэспубліканскай газеце «Чырвоная змена» выйшаў мой першы нарыс «След бліскавіцы» і як лепшы быў змешчаны на рэдакцыйную «чырвоную» дошку ў Доме друку. Вось тады зразумеў, якая гэта вялікая справа – друкаваным словам дапамагаць людзям. З гадамі і вопытам усвядоміў, што журналіст павінен умець бачыць не толькі вачыма, але і душой, любіць і паважаць людзей, адчуваць чужы боль.     

— Між тым першы запіс у вашай працоўнай кніжцы не адносіцца да журналістыкі…
— Так, я пачынаў настаўнікам фізікі і фізкультуры Зоркаўскай васьмігодкі на Пухавіччыне. З першага разу не ўдалося паступіць на журфак, вось і пайшоў працаваць, у сельскіх школах на той час не хапала педагогаў. Паралельна ў мастацкай самадзейнасці прымаў удзел, хор стварыў у сваім клубе.

— Вы аднойчы прагаварыліся, што ў маладосці давялося скакаць з парашутам…
— Тры скачкі на маім рахунку. Гэта я яшчэ да арміі рыхтаваўся ў паветрана-дэсантныя войскі, ад ваенкамата нас вазілі ў Баравое.

— А ў які перыяд жыцця вам хацелася б вярнуцца?
— Навошта вяртацца ў мінулае? Трэба жыць тым, што ёсць, цаніць людзей, якія побач з табой. І самому быць чалавекам. Мяне вельмі турбуе, што ў наш прагматычны час людзі сталі «расчалавечвацца», быць больш меркантыльнымі, зайздроснымі, сквапнымі. Неяк стаў сведкам размовы двух хлопчыкаў. Адзін кажа: «Мне на ўроку гісторыі было нецікава, я навушнікі надзеў, музыку слухаю. Настаўніца запатрабавала зняць, я яе паслаў…». Мяне гэта ўсхвалявала: як «ачалавечыць» хлопчыка, для якога настаўнік перастаў быць аўтарытэтам? Хвалюе і тое, што людзі творчыя, таленавітыя нярэдка  аказваюцца на абочыне жыцця, што мерай значнасці чалавека з’яўляюцца толькі матэрыяльныя даброты – машыны, катэджы…

— Вам давялося быць галоўным рэдактарам не толькі на рубяжы тысячагоддзяў, але і на зломе савецкай сістэмы, у час перабудовы. Былі моманты, калі з-за недахопу паперы ці грошай на яе мог сарвацца чарговы нумар газеты. Між тым яна заўсёды выходзіла…
— Вельмі няпросты быў перыяд, калі Камуністычная партыя сыходзіла з палітычнай арэны. Не раз даводзілася абараняць газету і яе супрацоўнікаў у судзе, адстойваць рэдакцыйную пазіцыю: галоўны рэдактар юрыдычна адказвае за кожнае выступленне ў газеце, за кожную лічбу. Ён павінен быць не толькі мудрым, але і мужным.  

— Праблемы маралі, выхаванасці, прыстойнасці чырвонай ніткай праходзяць праз вашы кнігі «Сярод добрых людзей» і «Скарбонка мудрасці», якія прыхільна сустрэлі як чытачы, так і літаратурныя крытыкі. У прыватнасці, пісьменнік, дзяржаўны дзеяч Анатоль Бутэвіч трапна выказаў асноўную думку вашага апошняга зборніка: «каб падабрэў свет і чалавек у ім». Ведаю, што вы не спыняецеся ў творчасці, актыўна друкуецеся ў рэспубліканскіх літаратурных часопісах, калектыўных зборніках, даўно падрыхтавалі да друку трэцюю кнігу…
— Так, яе назва «Як святла крыніца…». Сюды ўвайшлі нарысы, літаратурныя партрэты нашых землякоў-маладзечанцаў, літаратурна-крытычныя артыкулы. На вялікі жаль, яна пакуль не выдадзена, вось ужо тры гады чакае свайго часу ў выдавецкім доме «Звязда». Пакуль не ўдаецца знайсці спонсара, хто б аказаў фінансавую падтрымку ў добрай справе…

— Падзяліцеся сакрэтам: як вам удаецца быць у такой выдатнай форме, выглядаць нашмат маладзейшым за свой узрост?
— Няма ніякага сакрэту. Шмат хаджу пешшу, шмат чым цікаўлюся, не даю сабе заседжвацца дома. Вынайшаў для сябе правіла, па-руску кажучы, двух «Д»: «движение и действие».

— Што вас сёння радуе? Што цешыць душу?
— Само жыццё. Усход сонца. Памятаю, як мы з незабыўным сябрам фотамайстрам Аляксеем Фяцісавым хадзілі ў мікрараёне «парашкоў» сустракаць світанак, слухаць шэпт каласоў у жытнёвым полі… Радуюць нас з жонкай Валянцінай Іванаўнай трое ўнукаў: Уладзіслаў – другакурснік Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Оля – сёлетняя выпускніца гімназіі №6, Ніка – наша маленькая танцорка, якая і спявае добра. Заўсёды з прыўзнятым настроем іду на рэпетыцыі, канцэрты нашага ветэранскага народнага клубнага аб’яднання «Адпачынак», люблю развучваць новыя песні. Дарэчы, знаёмыя часта дораць мне песеннікі, ведаюць маё захапленне. З задавальненнем прымаю ўдзел у сустрэчах з чытачамі ў бібліятэках, школах раёна, якія ладзіць пісьменнік і краязнавец Міхась Казлоўскі. Радуе, калі пішу пра тое, што цікава. Люблю цёплай парой размясціцца за сталом на сваім балконе, там добра думаецца і пішацца… Не ўяўляю свайго жыцця без добрых кніг, таленавітых вершаў, якія выразаю з газет, перапісваю… Вось і нядаўна пазначыў радкі Міхася Пазнякова, якія запалі ў душу:

«Вымярайце сябе не гадамі,
Не багаццем, што вы набылі,
А любоўю, што рухае намі,
Чысцінёю душы і зямлі».

— Сапраўды мудрыя словы, сугучныя з вашым юбілеем. Паважаны Аляксандр Аляксандравіч! Дазвольце павіншаваць вас і ад усёй душы пажадаць, каб і наступныя дзесяцігоддзі былі напоўне-
ныя любоўю да людзей, цікавасцю да жыцця, творчасцю. Каб выдаваліся новыя кнігі, светла было на душы і хацелася спяваць…

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 2069 раз Последнее изменение 08.01.2018 9:49
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.