29.12.2017 11:00

«Без «Надзеі» жыцця не ўяўляем»

Так могуць сказаць многія з трыццаці пяці сённяшніх удзельнікаў народнага хору ветэранаў вайны і працы «Надзея» цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна. Хор больш за 30 гадоў радуе маладзечанцаў сваёй творчасцю.

«Без «Надзеі» жыцця не ўяўляем» "Маладзечанская газета"


Нядаўна гэты калектыў падарыў маладзечанцам цудоўны музычны вечар «Пад гукі пяшчотныя раманса», сабраў у канцэртнай зале былога Дома культуры чыгуначнікаў шмат прыхільнікаў сапраўднай  музыкі. У час канцэрта гучалі як вядомыя творы накшталт «Я вас любил», «Дорогой длинною», «Милая», так і тыя, што можна пачуць нячаста. Сярод іх «Дремлют плакучие ивы», які спяваў увесь хор. І гэта свайго роду эксперымент, бо часцей раманс выконваюць сола ці ў дуэце. Прыемна, што разам з рускімі гучалі беларускія рамансы «Ночка зорная купальная», «Не шукай». Кожны новы нумар праграмы прыхільна сустракалі гледачы, пасля канцэрта падыходзілі, дзякавалі за асаблівую атмасферу, асалоду, атрыманую ад выдатнай музыкі, пранікнёнага выканання. Дарэчы, гэта ўжо другі вечар раманса. Можна сказаць, што ён прагучаў на «біс», бо пасля прэм’еры было шмат просьб паўтарыць яго.

«Мы прыдумалі назву для чарговага тэматычнага канцэрта «Ах, этот дивный вальс», -- расказвае мастацкі кіраўнік хору «Надзея» Таццяна Грэкава. – Хочацца запрасіць маладзечанцаў на музычнае віншаванне ад мужчын да 8 Сакавіка. У планах падрыхтоўка тэматычных мерапрыемстваў -- вечара танга, праграмы песень нашага юнацтва».



Між тым кожны такі канцэрт патрабуе вялікіх намаганняў. І абавязкова энтузіязму, душэўнага парыву, натхнення. Не трэба забывацца, што ўсе ўдзельнікі хору «Надзея» пенсіянеры, іх сярэдні ўзрост -- 70-80 гадоў. Самаму маладому самадзейнаму артысту – 61, старэйшай удзельніцы Алене Галаван – 89. Многім з іх на самай справе песня дапамагае жыць, забыцца на хваробы, трымаць сябе ў форме, не раскісаць. А яшчэ дае магчымасць сустракацца, дзяліцца радасцямі і бедамі з сябрамі па сцэне. За 33 гады існавання калектыву яго ўдзельнікі сталі сапраўды блізкімі людзьмі, якія не забываюцца павіншаваць адзін аднаго з днём нараджэння, іншымі святамі, заўсёды гатовы падтрымаць у цяжкія хвіліны жыцця. Нездарма ў рэпертуары хору ёсць песня «Нам друг без друга жить никак нельзя». Колькі добрых твораў падарылі яны слухачам, на якіх толькі сцэнах ні выступалі… Сярод іх канцэртная зала Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў Мінску, рэспубліканскі Палац ветэранаў, Палац культуры чыгуначнікаў і многія іншыя. Падбадзёрвалі сваімі песнямі пацыентаў рэспубліканскага шпіталя ветэранаў вайны і працы ў Бараўлянах, санаторыяў «Вяжуці» і «Сасновы бор».

Ля вытокаў стварэння гэтага калектыву стаіць выдатны музыкант і вялікі энтузіяст Надзея Зінькевіч. Ужо дзевяць гадоў кіруе «Надзеяй» прафесіянал з кансерваторскай адукацыяй і больш чым паўвекавым стажам работы Таццяна Грэкава. Таццяна Сяргееўна з вялікай павагай расказвае пра акампаніятара Леаніда Алейніка, таленавітага музыканта, віртуознага выканаўцу, які ўносіць вялікі ўклад у стварэнне канцэртных праграм, акрамя таго, сам піша песні. З удзельнікаў «Надзеі» адзначае салістаў Нілу Сыч, Ніну Падцялежнікаву, Наталлю Бладыка, Ніну Ізмайлаву, Ларысу Грынеўскую, братоў Мікалая і Веньяміна Курылавых, Пятра Крупчанку, Міхаіла Глухій. Людміла Ціхамірава спявае прыпеўкі.  Утварыліся і цудоўныя дуэты ў складзе Ірыны Былінскай і Івана Чарненкі (ён, дарэчы, піша вершы, якія выкарыстоўваюцца ў праграмах), Аліны Брыль і Паўла Дубовіка. Створаны жаночая і мужчынская вакальныя групы, нядаўна з’явіліся новы змешаны вакальны ансамбль і жаночы квартэт. Ёсць у калектыве і свае чытальнікі -- Алена Шчакаціхіна, Тамара Андрэева, свой канферансье Альгерд Фёдараў, які вельмі артыстычна вядзе канцэрты. Мастацкі кіраўнік гаворыць, што яе артысты вялікія аптымісты, якія адчуваюць сябе больш маладымі дзякуючы музыцы і сцэне.

У рэпертуары хору больш чым паўсотні твораў розных жанраў. Амаль кожную новую кампазіцыю Таццяне Грэкавай даводзіцца адаптаваць для калектыву, пісаць аранжыроўку. «Усе творы мы развучваем толькі на слых, хаця ёсць некалькі ўдзельнікаў, якія валодаюць нотнай граматай, маюць музычную адукацыю. У наш хор мы прымаем усіх, хто любіць спяваць, выступаць, -- расказвае Таццяна Сяргееўна. -- Песні выбіраем такія, каб усім падабаліся, краналі душу. Сярод іх шмат лірычных. Ёсць нават класічныя, напрыклад, малітва «Верую» Аляксандра Фляркоўскага. Заўсёды на «біс» гучыць неапалітанская баркарола «На лодцы» ў апрацоўцы Аляксандра Свешнікава. Прысутнічае ў рэпертуары і беларуская музыка -- «Юрачка», «А ў лесе, лесе», «З-пад каменя», «А ў полі азярэчка». Больш сярод іх твораў савецкага часу, але ёсць і сучасныя, напрыклад «Зязюля-варажбітка» з рэпертуару ансамбля «Бяседа». На Дзень Перамогі як наказ ветэранаў будучым пакаленням часта выконваем «Будьте долгу верны!», і яна нікога не пакідае раўнадушным. Прыемна, калі ў наш няпросты час гледачы дораць кветкі, падыходзяць пасля канцэрта, тэлефануюць, дзякуюць за творчасць. Гэта пацвярджае, што наша «Надзея» займае сваю нішу на творчым небасхіле Маладзечаншчыны, мае сваіх прыхільнікаў. А калі хтосьці прачытае матэрыял і захоча да нас далучыцца – калі ласка!».
Рэпетыцыі народнага хору ветэранаў вайны і працы «Надзея»  праходзяць у будынку цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна (былы Дом культуры чыгуначнікаў) па аўторках і пятніцах, пачатак у 17.00.

Фота: архіў ЦЭНТРАЛІЗАВАНАЙ КЛУБНАЙ СІСТЭМЫ РАЁНА.

Прочитано 2343 раз Последнее изменение 29.12.2017 11:00
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.