10.11.2023 8:05

«Я нарадзіўся тут»

Так называецца выстаўка работ Эдуарда Мацюшонка, якая ладзіцца ў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча.

Работы, прадстаўленыя гледачам, напісаны ў розныя гады і прысвечаны розным тэмам і асобам. На іх адлюстраваны бацькоўская хата мастака, краявіды роднай зямлі, архітэктурныя помнікі, славутыя дзеячы айчыннай гісторыі і культуры. Аб’ядноўвае творы любоў да малой радзімы, да людзей, якія жылі і жывуць на ёй.

-- Калі ты не любіш бацькоў, не шануеш свой род, не клапоцішся пра зямлю, на якой жывеш, ты не можаш лічыць сябе патрыётам, -- падкрэсліў Эдуард Мацюшонак.

У час адкрыцця выстаўкі аўтар падрабязна расказаў пра кожную работу, гісторыю яе стварэння, раскрыў абставіны, якія натхнілі на творчасць. Расказы і зрокавыя вобразы гарманічна дапаўнялі адзін аднаго, стваралі цэласную карціну Сусвету. Наведвальнікі ўспрымалі філасофію мастака, дзякавалі яму за мастацтва.

У ТЭМУ. Эдуард Мацюшонак нарадзіўся ў вёсцы Мнюта Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. З 1984 года мастак з сямъёй жыве і працуе ў Вілейцы ў гімназіі №1 «Логас», выкладае маляванне і курс «Айчынная і сусветная мастацкая культура», кіруе дзіцячай студыяй «Вясёлка». Многія яго вучні сталі дыпламантамі шэрагу конкурсаў у галіне дызайну і архітэктуры.

Творца прымае ўдзел у міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных выстаўках. Усяго адбылося больш за 15 персанальных выставак, як у Беларусі, так і за мяжой. Работы мастака знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, ЗША, Германіі.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.

Прочитано 300 раз Последнее изменение 10.11.2023 8:05
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.