21.11.2017 13:33

На сцене -- «Фиеста»!

Жаночы гурт дорыць радасць слухачам ужо чвэрць стагоддзя, хаця спачатку мала хто верыў у яго «жывучасць».

На сцене -- «Фиеста»! "Маладзечанская газета"

Цяпер гэта вядомы калектыў. За вернасць жанру «Фіеста» ўвайшла ў анталогію аўтарскай песні. 25 лістапада ў вялікай зале Палаца культуры адбудзецца канцэрт, прысвечаны творчаму юбілею трыа.

«Радзіма» бардаў

Будучы кіраўнік калектыву Наталля Паўлюшчык была адной з удзельніц мясцовага клуба аўтарскай песні, які ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя размяшчаўся ў кінатэатры «Радзіма». Тут збіралася пераважна моладзь. Адны спявалі пад гітару, іншыя — слухалі. У многіх бардаў прафесіі былі абсалютна не звязаныя з творчасцю. Аўтарская песня з’яўлялася для іх захапленнем, якое, безумоўна, накладвала адбітак і на лад жыцця. «Гэта жанр свабоды і самавыяўлення», — тлумачыць Наталля.

Неўзабаве ў клуба з’явілася назва «Фіеста», якую прыдумала Таццяна Ільіна. Як і многія іншыя аматары аўтарскай песні, яна прыходзіла на сустрэчы ў «Радзіму». Таццяна па прафесіі эканаміст (цяпер – на заслужаным адпачынку). І сёння жанчына застаецца прыхільніцай бардаўскага жанру.

З цягам часу мяняліся ўдзельнікі клуба і яго месцазнаходжанне. У пачатку 1990-х Наталля Паўлюшчык разам са Святланай Кулашка і Аленай Капуцкай паспрабавалі спець на тры галасы. Ужо з першых выступленняў яны пакарылі публіку. А сваё трыа дзяўчаты назвалі, як і клуб, дзе пачыналася іх творчая біяграфія.

Жаданыя госці Грушынскага фестывалю

На вялікую міжнародную сцэну маладзечанкі ўпершыню выйшлі ў далёкім сібірскім горадзе Саянагорску, дзе праводзіўся фестываль аўтарскай песні. А пазней, у 1993 годзе, на Усерасійскім фестывалі аўтарскай песні імя Валерыя Грушына, які лічыцца адным з самых маштабных для прыхільнікаў адпаведнага жанру, яны сталі лаўрэатамі.

— Поспех нам прынесла песня мінскага аўтара Ганны Панкратавай «Блондинистый брюнет», – расказвае Наталля. – Дарэчы, у фестывалі ўдзельнічалі самадзейныя артысты
са 135 гарадоў, прычым не толькі расійскіх, але і блізкага замежжа.

«Фіеста» неаднойчы прыязджала на фестываль, але пасля першага ўдалага выступлення з канкурсантак маладзечанкі ператварыліся ў жаданых гасцей — удзельніц шматлікіх фестывальных пляцовак.

Лавіся, песня, на «вуду»!

У канцы 1990-х «Фіесту» закранулі непрадбачаныя змены: калектыў пакінула Алена Капуцкая, якая вырашыла прысвяціць сябе сям’і. Новая ўдзельніца – Таццяна Багавец — з’явілася з ліку прыхільнікаў трыа. Дарэчы, у Таццяны, як і ў Наталлі, прафесіі звязаныя з творчасцю. Яны выкладчыцы музыкі. А вось Святлана Кулашка – інжынер-радыётэхнік, цяпер працуе інспектарам па кадрах. У «Фіесце» яна вакалістка (прыгожы голас у яе ад прыроды). У такім складзе калектыў выступаў, гастраляваў і заваёваў перамогі больш за 20 гадоў.

За час дзейнасці змяняўся яго рэпертуар, удасканальвалася выканальніцкае майстэрства ўдзельніц. Спачатку яны перапявалі папулярныя кампазіцыі. Каб раздабыць тэксты, неаднойчы даводзілася ісці на выдумкі. Раней інтэрнэту не было, у бібліятэках таксама зборнікі песень – рэдкасць. Артысткі запісвалі музычныя творы на дыктафон у час розных канцэртаў і конкурсаў.

— Дыктафон у нас быў вельмі просты, тэхнічнай магутнасці не хапала, каб запісаць выступоўцу з вялікай адлегласці. Тады мы, як і многія іншыя барды, рабілі з алешыны доўгія «вуды» — чаплялі на іх тэхніку і як мага бліжэй падсоўвалі да выканаўцы, — успамінае Наталля.

Цяпер усё часцей «Фіеста» звяртаецца да беларускіх аўтараў, сярод іх і добра вядомыя маладзечанцам Лідзія Гардынец, Таццяна Атрошанка, Алена Ліхдзіеўская-Краўчанка, Мікола Шабовіч. Музыку на іх словы піша Наталля Паўлюшчык.

Тры гады таму з-за перамены месца жыхарства Таццяна Багавец пакінула калектыў. Хаця і працягвае творчае супрацоўніцтва з трыа, а таксама ўкараняе аўтарскую песню цяпер ужо ў вёсцы Домжарыцы на Лепельшчыне. У «Фіесту» прыйшла Кацярына Дубовік, калега Наталлі Паўлюшчык. Разам яны выкладаюць у гімназіі №10. Кацярына – піяністка, да таго ж займаецца аранжыроўкай твораў.



На адной сцэне з  Нікіціным, Кімам і Візбар

Сярод апошніх адметных падзей у творчай біяграфіі трыа – перамога на міжнародным фестывалі аўтарскай песні «За туманам», які праводзіўся ў сярэдневяковым гатычным замку ў Паўночнай Чэхіі. У конкурснай праграме, дарэчы, прынялі ўдзел звыш 40 аматараў аўтарскай песні з Чэхіі, Германіі, Ізраіля, Фінляндыі, Расіі, Літвы, Казахстана. А трапіла туды трыа пасля перамогі ў міжнародным інтэрнэт-конкурсе бардаў «Песні Юрыя Візбара».

З дыпломам маладзечанкі вярнуліся і з міжнароднага фестывалю аўтарскай песні «Пецярбургскі акорд». Шчыра іх віталі на конкурсах і з канцэртамі ў Польшчы і Германіі. У рэпертуары калектыву, дарэчы, ёсць кампазіцыі не толькі на рускай і беларускай мовах, але і на польскай. Па дыпломах і фотаздымках, прывезеных трыа з творчых вандровак (менавіта так яны называюць свае выступленні), можна вывучаць геаграфію.

— Здаецца, няма такой краіны, у якой не цікавіліся б бардаўскай песняй. Хіба толькі іншаземцы просяць спачатку расказаць, аб чым той ці іншы музычны твор. З прадстаўнікамі славянскіх краін прасцей, бо мовы падобныя. Прапагандуюць адпаведны жанр, як правіла, эмігранты з савецкіх рэспублік ці постсавецкай прасторы, — далучаецца да размовы Кацярына Дубовік.

«Фіеста» неаднойчы выступала на адной сцэне з папулярнымі прадстаўнікамі жанру аўтарскай песні – Юліем Кімам, Сяргеем Нікіціным, Таццянай Візбар. Маладзечанкі заўважаюць, што ў іх творчым цэху канкурэнцыі няма. Бо такія артысты спяваюць сэрцам. Тэксты песень заўсёды глыбокія, нават калі яны жартоўныя.

Пяе гітарная струна

Шырокая творчая прастора для бардаў і ў нашай краіне. «Фіеста» пастаянная ўдзельніца і жаданы госць на свяце «Вялікая бард-рыбалка», якая традыцыйна ладзіцца на Быхаўшчыне, а таксама на фестывалі аўтарскай песні «Зялёны Гран-пры» на Гродзеншчыне. Шчыра вітаюць трыа і на папулярным рэспубліканскім свяце ў Шклоўскім раёне «Александрыя збірае сяброў». На гэтыя мерапрыемствы з’язджаюцца барды і аматары адпаведнага жанру з многіх краін. А на тэлеканале «Беларусь-3» заснаваны тэматычны праект «Подых струн», вядучым якога з’яўляецца папулярны аўтар-выканаўца артыст Анатолій Длускі. Маладзечанкі таксама прымалі ўдзел у адной з яго праграм.

Гэтай восенню трыа засяродзіла ўвагу на мясцовай публіцы і прэзентавала ў Палацы культуры творчы праект пра знакамітых бардаў. Адкрыў яго вечар, прысвечаны Булату Акуджаву. Натхніла «Фіесту» былая ўдзельніца калектыву Таццяна Багавец. Чарговае мерапрыемства – сустрэча з творчасцю Сяргея Нікіціна — адбудзецца ўжо ў наступным месяцы. Потым запланавана вечарына, прысвечаная Юрыю Візбару, арганізаваць якую папрасілі прыхільнікі трыа. Да ўдзелу ў гэтых і многіх іншых мерапрыемствах з задавальненнем далучаюцца выхаванцы Наталлі Паўлюшчык і Кацярыны Дубовік. Прычым у гімназіі №10 бардаўскім жанрам яны захапілі не толькі вучняў, але і педагогаў.

Цяпер «Фіеста» рыхтуецца да 25-годдзя творчай дзейнасці. У канцэртнай праграме «Пяе гітарная струна» прагучаць лепшыя кампазіцыі з рэпертуару трыа. Гэта будзе сустрэча старых і новых сяброў. Артысты гарантуюць захапляльнае творчае падарожжа, да якога можа далучыцца кожны жадаючы.

Фота: архіў ТРЫА «ФІЕСТА».

Прочитано 2385 раз Последнее изменение 21.11.2017 13:33
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.