Асобным шоу стала дэманстрацыя арыгінальных сукенак-канструкцый «Міншчына гасцінная». Уборы задоўга да «Дажынак» рыхтавалі ўсе раёны вобласці.
«Маладзечанская спадчына» -- такую назву насіў вобраз, які выпаў гонар прэзентаваць юрысконсульту гарадскога Палаца культуры Алене Паўлавай. Шыкоўная сукенка з далікатнага шоўку і атласу паўтарае асноўныя колеры герба Маладзечна. На ёй надрукаваны арнамент па матывах работы народнага майстра Беларусі нашай зямлячкі Лізаветы Чырвонцавай «Аўтапартрэт». На прымацаваным да сукенкі калажы «Гістарычная спадчына Маладзечанскага раёна», які здалёк нагадвае крылы -- выявы галоўных помнікаў архітэктуры, храмаў нашага краю. У аснове формы калажу -- праект Лізаветы Чырвонцавай «Мая малітва», яго адваротны бок упрыгожваюць надрукаваныя на крэп-атласе арнаменты выцінанкі гэтай вядомай мастачкі. Гарманічна спалучаецца з сукенкай галаўны ўбор з саломкі з інкрустацыяй стразамі, дэкаратыўнымі элементамі з тканіны. Яго па матывах работы Лізаветы Чырвонцавай «Макош» стварылі супрацоўнікі раённага цэнтра рамёстваў Таццяна Пархамчук і Маргарыта Мажуць. Залатая карона з саломкі нагадвае прамяністае сонейка, і гэта не выпадкова: усе ведаюць, што Маладзечна -- горад сонца. У руках Алена трымала залатую галінку папараці -- яшчэ адзін сімвал нашага горада.
Агульную канцэпцыю касцюма распрацавалі супрацоўнікі мастацка-афарміцельскага аддзела гарадскога Палаца культуры на чале з яго начальнікам Таццянай Жалубоўскай. Эскіз зрабіла мастак Юлія Сакалоўская.
-- Пры стварэнні гэтага складанага вобраза мы стараліся як мага больш поўна прадставіць гістарычную, культурную спадчыну Маладзечаншчыны. І пры гэтым прадугледзелі, каб Алене было зручна ў ім хадзіць на «Дажынках», бо яна прабыла ў ім дзве гадзіны,-- расказвае Таццяна Жалубоўская.
Намаганні нашых таленавітых землякоў не былі дарэмнымі: ад маладзечанскай прыгажуні немагчыма было адарваць вачэй. Многія ўдзельнікі «Дажынак» падыходзілі, каб сфатаграфавацца з ёю, распытвалі пра наш горад, перадавалі прывітанне яго жыхарам.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Віталій КРУПЯНЬКОЎ.