Вольга САДОЎСКАЯ, касір білетны прыпыначнага пункту «Фестывальны»:
-- Наша кватэра размешчана ў адным з дамоў на вуліцы Прытыцкага, таму я магу сказаць, што кожны фестываль бачу з вокнаў сваёй кватэры. Люблю прайсціся па «Горадзе майстроў», палюбавацца прыгожымі рэчамі, якія ствараюць нашы таленавітыя ўмельцы. На памяць пра мінулыя фестывалі ў мяне засталіся набытыя сувеніры -- кухонныя дошкі, заколкі. Пляменніцам купляла прыгожыя вяночкі са штучных кветак, а самабытныя вырабы з саломкі нават адпраўляла сябрам у іншыя гарады Беларусі.
Мы з мужам ходзім на фестывальныя канцэрты ў Летні амфітэатр і сёлета збіраемся. З беларускіх выканаўцаў мне падабаюцца Ірына Дарафеева, ансамблі «Песняры», «Сябры». І маладыя выканаўцы цікавыя. Ведаю, што на адкрыцці будуць выступаць пераможцы «Х-Фактар Belarus», «Фактар.BY», спадзяюся, што змагу іх паслухаць. Сярод паэтаў, якія прыязджаюць на наш фестываль, заўсёды рада бачыць Кастуся Цыбульскага, аўтара не толькі цудоўных вершаў, але і прыгожых песень. З Канстанцінам Пятровічам я знаёмая, ён мой далёкі сваяк па цёці. Заўсёды з задавальненнем слухаю яго і з фестывальнай сцэны, і ў тэлепраграмах. На фестывальных пляцоўках неаднаразова выступалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці нашай чыгункі. А мы, калегі, заўсёды рады былі іх падтрымаць. У маёй роднай Выверскай школе я і сама ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці і фестывальным руху. У савецкія час наша школа ездзіла на фестывалі дружбы з суседнімі рэспублікамі, і гэта былі незабыўныя ўспаміны. Цікавасць да мастацтва, культуры перадалася і нашаму сыну Мікіту. У гімназіі №10 ён быў удзельнікам тэатра-студыі «ТэсТ». Сёлета заканчвае Акадэмію мастацтваў і будзе працаваць акцёрам у Мінскім абласным драматычным тэатры.