Юлія КЕЎРА, старшы інспектар групы інфармацыі і грамадскіх сувязей РАУС:
-- Для мяне Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна» найперш звязаны з работай. У раённым аддзеле ўнутраных спраў працую чацвёрты год, і на гэта свята даводзіцца несці службу па ахове правапарадку. Сёлета таксама не выключэнне. Як заўсёды, галоўная задача праваахоўнікаў -- забяспечыць грамадскі парадак і бяспеку. Але ёсць у мяне асабліва памятны фестываль. Калі я працавала ў сферы культуры, давялося быць вядучай аднаго з тураў конкурсу маладых выканаўцаў-эстраднікаў, што па традыцыі ладзіцца ў яго рамках і з’яўляецца адным з ключавых мерапрыемстваў. Тады і пазнаёмілася з Міхаілам Фінбергам. Канкурсанты спявалі на сцэне Палаца культуры ў суправаджэнні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Нацыянальны акадэмічны аркестр Беларусі», якім Міхаіл Якаўлевіч кіраваў на працягу доўгіх гадоў і прыклаў шмат намаганняў не толькі для яго развіцця, але ўвогуле фестывальнага руху. Цяпер аркестр носіць імя Міхаіла Фінберга. На мой погляд, адкрыццё мемарыяльнай дошкі, што адбудзецца сёлета на фестывалі, самая адметная і значная падзея. Я назаўсёды запомніла жыццялюбства Міхаіла Якаўлевіча, яго адданасць рабоце, любоў да публікі і непаўторны позірк з іскрынкай у вачах.