07.06.2023 12:23

Чым запомніліся вам мінулыя фестывалі? Маладзечанцы ахвотна падзяліліся з журналістамі сваімі ўражаннямі і ўспамінамі.Усёй

Усёй «Сустрэчай» едзем на «Бяседу»

Людміла КАНДРАТОВІЧ, культарганізатар Палачанскага сельскага Дома культуры:

-- Вельмі люблю наш фестываль! Стараюся ніводны не прапусціць, а ўражанні ад яго проста «зашкальваюць». У мінулыя часы ў складзе вакальнай групы «Груздаўчанка» выступала на фестывальных пляцоўках на Цэнтральнай плошчы, на Старым Месце. Гледачы вельмі цёпла прымалі нас, падпявалі, прытанцоўвалі -- хораша было на душы. Неаднаразова давялося быць на адкрыцці фестывалю ў Летнім амфітэатры. Запомніліся і сустрэчы з беларускімі літаратарамі ў бібліятэцы. Вельмі люблю беларускую паэзію, асабліва творы Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Ніла Гілевіча. Непадалёк ад Палачан знаходзіцца Яхімоўшчына, дзе ў пачатку мінулага стагоддзя жыў і працаваў Янка Купала. Яго бессмяротныя творы гучаць на кожным фестывалі. Шмат разоў даводзілася ўдзельнічаць у праграме свята «Купалле» ў Яхімоўшчыне. А сёлета на Сёмуху на сцэне Палачанскага дома культуры мы ставілі тэатралізаваны ўрывак «На другі дзень Сёмухі» паводле «Прымакоў» Янкі Купалы. Разам з жанчынамі-аднадумцамі, якія любяць беларускую песню, беларускае слова, мы стварылі вакальную групу «Сустрэча». На фестывальных пляцоўках пакуль не даводзілася спяваць, а вось на мясцовай сцэне выступаем часта. У рэпертуары калектыву беларускія народныя песні, творы з рэпертуару «Сяброў», «Песняроў», «Бяседы». Дарэчы, усім калектывам мы купілі білеты на канцэрт ансамбля народнай музыкі «Бяседа», які ў рамках фестывальнай праграмы адбудзецца 10 чэрвеня ў гарадскім Палацы культуры. Вельмі чакаем гэту падзею, спадзяёмся, што атрымаем шмат незабыўных уражанняў і штуршок для нашай далейшай творчасці.

Прочитано 534 раз Последнее изменение 07.06.2023 12:23
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.