Конкурс маладых эстрадных выканаўцаў з’яўляецца неад’емнай часткай Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна».
Абласны адборачны тур конкурсу адбыўся 7 лютага ў Палацы культуры. У наш горад прыехалі больш за дваццаць прадстаўнікоў з розных куточкаў Міншчыны, каб у голас заявіць аб сабе.
Дзве беларускамоўныя кампазіцыі маладыя спевакі выконвалі пад «мінусоўку». І пры гэтым стараліся паказаць журы ўсе свае плюсы. А значыць, быць артыстычнымі, запамінальнымі, стварыць адметны сцэнічны вобраз.
Маладзечанскі раён прадстаўлялі Мілана Соніч і Дзмітрый Апяцёнак. Мілана -- адзінаццацікласніца гімназіі №10. З ранняга дзяцінства займаецца ў вакальнай студыі эстрадных спеваў «Брава!» дзіцячага цэнтра культуры «Расток» і не ўяўляе свайго жыцця без творчасці. Таленавітая дзяўчына другі раз спрабуе свае сілы ў гэтым прэстыжным творчым праекце. Першая спроба адбылася летась. Тады адзначалася, што маладзечанка мае ўсе падставы прэтэндаваць на перамогу, а для гэтага Мілане трэба творча падрасці. (Дарэчы, яна была адной з самых маладых канкурсантак).
-- Выступаць на сцэне вельмі адказна, але гэта прыносіць непаўторныя эмоцыі, дае магчымасць праявіць сябе. Пасля заканчэння гімназіі планую паступаць ва ўніверсітэт культуры і мастацтваў, атрымаць прафесійную адукацыю, -- дзеліцца маладая спявачка.
На сцэне Палаца культуры Мілана Соніч прадставіла дзве музычныя кампазіцыі «Развітальны блюз» (музыка А. Атрашкевіч, словы Б. Макарэвіча) і «Свечка» (музыка Р. Волазнева, словы М. Багдановіча).
Неаднойчы сваім выступленнем упрыгожваў канцэртныя праграмы і наш зямляк Дзмітрый Апяцёнак, выпускнік Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага, саліст Маладзечанскага маладзёжнага тэатра. Зусім нядаўна Дзмітрый прымаў удзел у Міжнародным фестывалі класічнай музыкі «Студзеньскія музычныя вечары» ў Брэсце, які завяршыўся вялікім канцэртам сімфанічнага аркестра каледжа. Вопыт выступлення з гэтым калектывам у яго напрацаваны. А ў марах выступленне ў суправаджэнні Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі. На абласным этапе ў рамках конкурснай праграмы ў выкананні Дзмітрыя Апяцёнка прагучалі песні «Ой, княжна» (музыка і словы У. Шарапава) і «Малітва» (музыка У. Мулявіна, словы Я. Купалы). Наш зямляк адзначыў, што «песняроўскі рэпертуар» для яго мае асаблівую значнасць. Перад выхадам на сцэну ён хвалюецца, нягледзячы на тое, што атмасфера на конкурсе вельмі добразычлівая.
Узначаліла конкурснае журы Алена Атрашкевіч, старшыня Беларускага саюза кампазітараў. Пасля выканання конкурснай праграмы былі аб’яўлены вынікі. Ад сталічнага рэгіёна ў фінале Нацыянальнага конкурсу выступяць Вераніка Высоцкая і Данііл Савеня -- навучэнцы Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, Маргарыта Шабаева з Мінскага раёна.
Людміла ЦАР.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.