Ветэраны працы, якія ў гэты дзень выйшлі на сцэну будынка цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна, ігралі не толькі на гармоніку: тут гучалі баян, акардэон, піяніна, гітара і нават губны гармонік. Імёны некаторых музыкантаў добра вядомыя на Маладзечаншчыне: яны акампаніруюць калектывам, часта выступаюць на мерапрыемствах. Напрыклад, Уладзімір Данілевіч з Раеўшчыны – нязменны акампаніятар народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля «Крынічанька», якім кіруе яго жонка Валянціна. Са школьнага ўзросту Уладзімір Уладзіміравіч асвоіў двухрадку, ноты не ведае, усе мелодыі выконвае на слых. «Што ў вуха ўскочыла — тое і іграю», — усміхаючыся, гаворыць музыкант. А на сцэне яго падтрымала жонка, пад яго акампанемент спявала народную песню. Калі ж муж выконваў танец «Лысы», Валянціна Феліксаўна ля сцэны танцавала разам з сяброўкай. Дарэчы, пад гукі баяна Уладзіміра Данілевіча танцуе і моладзь: музыкант часта іграе ў цэнтралізаванай клубнай сістэме на вячорках, што ладзіць фальклорна-этнаграфічны гурт «Кола».
«Прачытаў у «Маладзечанскай газеце» аб’яву пра конкурс, патэлефанаваў у савет ветэранаў, вырашыў паўдзельнічаць», — расказвае Пётр Ракоўскі, былы майстар вытворчага навучання ПТВ-21. Ветэран успамінае, якой папулярнасцю карыстаўся гармонік у гады яго юнацтва. Ён часта іграў на вясковых танцах, якія нязменна пачыналіся і заканчваліся вальсам. Найчасцей гэта быў «Вальс расставання»: «Слышишь, тревожные дуют ветра, нам расставаться с тобою пора…». Вальс «Над Кранштатам туман» выконваў Пётр Міхайлавіч і на конкурсе.
Здзівіў публіку маладзечанец Іван Канановіч, які іграў не толькі на звычайным гармоніку, але і на губным. Усё жыццё Івана Міхайлавіча звязана з музыкай, ён быў дырыжорам ваеннага аркестра, выконваў інтэрнацыянальны доўг у Афганістане. У дуэце з яшчэ адным адметным музыкантам Віктарам Сыраквашам з Заскавіч яны цудоўна выканалі беларускую польку і «Карабейнікі».
Пра кожнага ўдзельніка ёсць што расказаць. Усе яны ўлюбёныя ў музыку, з якой не расстаюцца і на заслужаным адпачынку. У іх можна павучыцца жыццёваму аптымізму, імкненню да самаўдасканалення, жаданню прыносіць радасць людзям.
Кожнаму ўдзельніку адрасавала словы ўдзячнасці за актыўнасць і выдатныя выступленні старшыня раённага савета ветэранаў Станіслава Зубкова, якая ўзначальвала журы. Дыплом ІІІ ступені атрымаў Юрый Баравец, які саліраваў на гітары і разам з сябрамі выканаў інструментальную п’есу. Другое месца – у дуэта ў складзе Івана Канановіча і Віктара Сыракваша.
Пераможцам конкурсу стаў наш вядомы музыкант-віртуоз Барыс Харэвіч, які выконваў на гармоніку фантазіі на тэмы ваенных песень, «Орловские страдания». Барыс Пятровіч – баяніст, у свой час закончыў наша музычнае вучылішча, затым кансерваторыю. У яго шмат вучняў, неаднойчы ён быў пераможцам розных конкурсаў, у тым ліку міжнародных. Расказвае, што ў апошняе дзесяцігоддзе захапіўся гармонікам. Адбылося гэта пасля знаёмства з расійскім кампазітарам, гарманістам, прафесарам музыкі Яўгеніем Дзярбенкам, які дапамог зразумець, якімі ўнікальнымі магчымасцямі валодае гэты, здавалася б, просты інструмент. Барыс Пятровіч настолькі натхніўся, што іграў на ім па 5-6 гадзін кожны дзень – такім вялікім было жаданне асвоіць яго ў дасканаласці. «Я з радасцю згадзіўся паўдзельнічаць у конкурсе, каб паказаць слухачам шырокія магчымасці гармоніка, — адзначае пераможца. — Многія памылкова лічаць, што на ім можна іграць толькі вальсы ды полькі. Я ж выконваю на сваім гармоніку і класіку, і джаз…».
Барыс Пятровіч сыграў і для нас класічныя і джазавыя творы. Талент музыканта-самародка, тытанічная праца, улюбёнасць у інструмент, павага да гледача і жаданне даставіць яму асалоду – усё гэта было ў выступленні Барыса Харэвіча, якое нікога не пакінула раўнадушным. Дарэчы, гармонік, на якім ён іграў на конкурсе, выраблены па спецзаказе ў Туле, каштуе ён, як добры аўтамабіль.
«Мне вельмі ганарова прадстаўляць Маладзечаншчыну на абласным фестывалі-конкурсе. Пастараюся вас не падвесці!» — запэўніў гледачоў пераможца.
Фота: Аляксей ПЛАТКО, Дзмітрый КАНДРАЦЮК.