01.02.2023 14:22

Прыцяжэнне Мікалая Аўчыннікава

Персанальная выстава «Прыцяжэнне» маладзечанскага мастака Мікалая Аўчыннікава будзе прадстаўлена ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Урачыстае адкрыццё адбудзецца 3 лютага.

На прасторах творчасці

Пра тое, якія сюжэты прыцягваюць увагу аўтара і што ўбачаць наведвальнікі музея, мы гаварылі з Мікалаем Аўчыннікавым напярэдадні адкрыцця экспазіцыі.

-- Мікалай Віктаравіч, дазвольце павіншаваць вас са значнай падзеяй у творчым жыцці. Ведаю, што ў Нацыянальным мастацкім музеі гэта ваша другая персанальная выстава.

-- Сапраўды так. Першая экспазіцыя «Блізкае і далёкае» ладзілася ў 2008 годзе. На новай выставе прадстаўлены сорак чатыры акварэльныя работы, напісаныя ў розныя часы. Яны ўваходзяць у серыі пад назвамі «Далёка ад нас», «Тайна квазара», «Узаемапранікненне», «У кругавароце аднаўлення». Вялікая серыя звязана з помнікамі архітэктуры і культуры Беларусі.
Сюжэты розныя, але аб’яднаныя агульнай назвай «Прыцяжэнне». І грунтоўны сэнс укладзены ў гэта паняцце.

-- Паняцце бязмежнае, як і філасофскія разважанні на гэты конт. Нельга адмаўляць прыцяжэнне касмічных з’яў ці нябесных свяцілаў, якія ўплываюць на прыроду і чалавека. Калі адчуваеш прыгажосць беларускіх краявідаў, дакранаешся да сівых муроў -- сведак гісторыі, атрымліваеш ад іх моцную энергетычную падтрымку і прыцяжэнне роднай зямлі, -- гаворыць субяседнік.
Мастак шмат вандруе, адкрывае для сябе новыя тэмы, якія знаходзяць сваё ўвасабленне ў палотнах. Ён удзельнічаў у пленэрах, прысвечаных творчасці Язэпа Драздовіча, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Фердынанда Рушчыца, Казіміра Бахматовіча, а таксама Міжнародным пленэры «Святасць зямлі беларускай». Яго работы «Абуджэнне зямлі» і «Сведкі гісторыі» ёсць у пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Творы захоўваюцца ў музеі сучаснага выяўленчага мастацтва г. Мінска, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава, Мінскім абласным краязнаўчым музеі, Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, у музеях Віцебска, Бялыніч, Мядзела. Работы нашага земляка знаходзяцца ў прыватных калекцыях розных краін Еўропы.

-- Для мастака зладзіць персанальную выставу -- быццам выйсці да людзей з адкрытай душой. Кожны мастацкі твор -- гэта яго ўнутранае адлюстраванне, пазіцыя, светапогляд, настрой, -- разважае субяседнік. -- Мастацтва можа быць лірычным, жыццесцвярджальным, а можа, наадварот, трагічным. Натхняць людзей на стварэнне ці несці разбурэнне. Але ніхто не ведае, што будзе запатрабавана заўтра. Магчыма, той, пра каго мы сёння амаль нічога не ведаем, застанецца ў гісторыі як творца. Час усё расстаўляе на свае месцы.

Мікалай Аўчыннікаў піша пра тое, што яму блізка. Нарадзіўся ў вёсцы, бачыў навакольную прыгажосць, і гэта прыцягвае ўвагу. Як і цікавыя архітэктурным помнікі ў беларускім ландшафце, спакойным, някідкім. А на пытанне пра тое, чаму б не дадаць яркіх, насычаных фарбаў, адказвае так:

-- Гэта ў паўднёвых краінах усё ярка і страката. Прырода Беларусі сама па сабе стрыманая, як і мы, беларусы. Няма ў нас кідкасці, таму і краявіды такія шчымлівыя, і фарбы адпаведныя.

І адзначае, што мастацтва не абмежавана канонамі, якія павінны выконвацца безумоўна. Іншым разам адбываюцца метамарфозы, напрыклад, як чорнае неба ў Кастуся Харашэвіча, якое… дыхае. Ёсць пачуцце, суперажыванне мастака. А калі эмоцыі няма, тады гаворка ідзе пра рамеснікаў. Яны валодаюць пэўнымі прыёмамі і тэхнікамі, але рацыянальна, з халодным сэрцам робяць сваю справу.

Справа жыцця

Мікалай Аўчыннікаў упэўнены, што не толькі словамі можна выказаць пэўную думку, якая нават да канца не сфарміравана, а існуе як нейкае прадчуванне. Працяглы час ён адлюстроўваў краявіды, а потым зазірнуў у іншыя вымярэнні -- і атрымалася серыя беспрадметных работ пад назвай «У кругавароце аднаўлення».

Мікалай Віктаравіч рыхтуе творчую змену. Ён узначальвае цыклавую камісію мастацкага аддзялення гімназіі-каледжа мастацтваў. І не стамляецца паўтараць сваім выхаванцам:

-- Сапраўдны мастак -- гэта рэдкасць. Адна справа -- мастак па прафесіі, і зусім іншая -- па стане душы, калі ёсць жаданне пастаянна працаваць, сур’ёзна займацца і нешта ствараць. Ад творчага чалавека можна пачуць і тое, што ён чалавек Сусвету. Але ў якой краіне ні давядзецца жыць, вы па сваіх каранях будзеце беларускімі мастакамі.

Пра сябе асабіста Мікалай Віктаравіч гаворыць, што нарадзіўся ён на Гомельшчыне, вучыўся на Віцебшчыне, жыве і працуе на Міншчыне.

Вельмі ўдзячны лёсу, што быў асабіста знаёмы з Генадзем Каханоўскім, Мікалаем Ермаловічам, Ядвігай Раздзялоўскай, Кастусём Харашэвічам, Юрыем Герасіменкам-Жызнеўскім… І Маладзечна стаў для яго невыпадковым горадам.

У кватэры Мікалая Аўчыннікава каля сотні работ: яго асабістых, жонкі Наталлі, сяброў і калег. Час ад часу ў дамашняй экспазіцыі адбываюцца змены.

-- Асобнай майстэрні ў мяне няма. У савецкія часы, калі ўступіў у Саюз мастакоў, атрымаў кватэру з дадатковым пакоем пад майстэрню. Такім чынам з’явіўся творчы кабінет, дзе я працую, -- гаворыць субяседнік.

Ён дазваляе туды зазірнуць журналістам. Дарэчы, нядаўна карэспандэнты тэлеканала «Беларусь 1» знялі сюжэт «Зімовыя пейзажы на палотнах Міколы зімняга». І гэта сімвалічна. Праваслаўныя вернікі 19 снежня адзначаюць дзень памяці Міколы цудатворца. Мастак нарадзіўся ў снежні, і імя бацькі выбралі па царкоўным календары.

У рубрыцы «Беларусы» на тэлеканале «Беларусь 24» маладзечанец падзяліўся разважаннямі пра тое, як знайсці справу свайго жыцця. І прызнаўся, што ён шчаслівы чалавек.

За плячыма Мікалая Аўчыннікава не адзін дзясятак гадоў творчай дзейнасці, таленавітыя вучні, удзячныя педагогу за спасціжэнне сакрэтаў майстэрства. А яшчэ ўдзел у замежных, рэспубліканскіх, рэгіянальных сумесных выставах, якіх больш за дзве сотні.
-- Звычайна лічыцца, што творчы шлях мастака бярэ адлік з удзелу ў рэспубліканскай выставе. Так адбылося ў 1976 годзе, калі мае работы былі прадстаўлены на выстаўцы «Слава працы», -- успамінае Мікалай Віктаравіч. -- Удзельнічаў ва ўсесаюзных выставах у Маскве і Ленінградзе. Уступіў у маладзёжнае аб’яднанне пры Саюзе мастакоў СССР. Тады быў дэфіцыт матэрыялаў, фарбаў. Па пасведчанні мог у спецыялізаваным магазіне набыць усе неабходнае для работы. У 1988 годзе прыняты ў Саюз мастакоў СССР. Рэкамендацыі браў у вядомых беларусаў Аляксандры Паслядовіч, Івана Сталярова, Кастуся Харашэвіча. Гэтыя асобы вельмі значныя для мяне.

У анатацыі да выставы ў Нацыянальным мастацкім музеі адзначана, што Мікалай Аўчыннікаў -- адзін з самых вядомых сучасных беларускіх мастакоў, яго імя добра ведаюць аматары выяўленчага мастацтва ў Беларусі і за яе межамі. Адзін з самых яркіх прадстаўнікоў маладзечанскай творчай супольнасці, якая займае значнае месца ў гісторыі беларускага выяўленчага мастацтва XX-XXI стагоддзяў.

Мікалай Аўчыннікаў узнагароджаны медалём «За заслугі ў выяўленчым мастацтве» Беларускага саюза мастакоў. На пытанне, ці ёсць у яго спакуса «забранзавець», мастак адказвае з усмешкай:

-- Вось гэтага зусім не апасаюся. Упэўнены, што многае залежыць ад характару чалавека. Для некага надзвычай важна быць заўсёды наперадзе, каб яго імя гучала. Мне гэта не трэба. Радуе, калі ўсё нармальна ў сям’і, блізкіх, калег. Магчыма, не вельмі часта сустракаемся з сябрамі, але прысутнасць іх у маім жыцці неабходная, -- гаворыць субяседнік.

Для яго, як і для кожнага з нас, шчырасць і ўзаемаразуменне -- тое, што па-сапраўднаму прыцягвае ў людзях і дае натхненне.

У ТЭМУ
Асноўная тэма пейзажаў Мікалая Аўчыннікава -- гістарычныя мясціны Беларусі, помнікі культуры, архітэктуры і археалогіі. Яго пейзажы лірычныя і рамантычныя па настроі, пранікнёныя па вобразнай ідэі, стрыманыя і празрыстыя па каларыстыцы.
Адчуваецца, што ён глыбока неабыякавы да гістарычнай памяці свайго народа і ў сваіх творах імкнецца раскрыць перад гледачом тую непарыўную сувязь.

Выстава Мікалая Аўчыннікава будзе працаваць у Нацыянальным мастацкім музеі да 5 сакавіка. За дапамогу ў яе арганізацыі мастак удзячны супрацоўнікам Мінскага абласнога краязнаўчага музея.

Людміла ЦАР.
Фота: архіў Мікалая АЎЧЫННІКАВА.

Прочитано 428 раз Последнее изменение 01.02.2023 14:22
Людміла Цар

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « Когда коса 84 сантиметра! А на гармошке играл Гармаш »