14.09.2017 12:23

Навум Гальпяровіч: «Размаўляйце з дзецьмі па-беларуску!»

Адразу пасля рэспубліканскага свята беларускага пісьменства, якое прайшло ў Полацку, завітаў на творчую сустрэчу з маладзечанскімі чытачамі вядомы беларускі паэт, журналіст, галоўны дырэктар Міжнароднага радыё «Беларусь» Навум Гальпяровіч.

Навум Гальпяровіч: «Размаўляйце з дзецьмі па-беларуску!» "Маладзечанская газета"

У канферэнц-зале бібліятэкі «Верасок»     сабраліся чытачы, навучэнцы ўстаноў горада, каб даведацца пра ўражанні вядомага літаратара пра нядаўнюю адметную падзею, задаць свае пытанні, разам паразважаць пра надзённае.

Для Навума Якаўлевіча Полацк не толькі крыніца беларускай дзяржаўнасці і культуры, але і родны горад. З вершаў, прысвечаных яму, выступоўца і пачаў свой дыялог з маладзечанцамі. «І тут я словам беларускім аднойчы моцна захварэў», — дэкламаваў творца, а пасля прыгадаў, як яму пашчасціла стаць сведкам устаноўкі ў Полацку помніка Францыску Скарыну. Працуючы на той час карэктарам у мясцовай газеце, ён напісаў артыкул пра гэту адметную падзею. «Ганаруся, што мая першая публікацыя ў рэспубліканскім друку была прысвечана «доктару Францыску Скарыну са слаўнага горада Полацка», — зазначыў паэт. Па яго меркаванні, постаць Скарыны, яго ўклад у развіццё не толькі беларускай, але еўрапейскай асветы і культуры можна параўнаць з такімі тытанамі Адраджэння, як Мікеланджэла, Тыцыян. Між тым беларусы доўгі час мала што ведалі пра Скарыну. Радуе, што тыя часы ў мінулым, а ў юбілейны год беларускага кнігадрукавання ў нашай краіне ў розных друкарнях выдадзена два дзясяткі кніг і два камплекты юбілейных паштовак, прысвечаных першадрукару. Тое, што адбываецца сёння, я назваў бы вяртаннем памяці, якую на пэўны час страцілі беларусы. І таму ў Полацку мы не проста адзначылі юбілейную падзею. Гэта было свята нашай дзяржаўнасці, якая зарадзілася менавіта тут. У маім родным горадзе захавалася Спаса-Праабражэнская царква, пабудаваная у XII стагоддзі, уцалелі фрэскі таго часу, і гэта найвялікшая каштоўнасць. Гэта тое, што дазваляе нам зразумець, хто мы, адкуль мы…».
Чатыры дні доўжылася ў Полацку маштабнае свята, у рамках якога ладзіліся круглыя сталы з пісьменнікамі, літаратурныя чытанні, навуковыя канферэнцыі, выстаўкі, канцэрты і многае іншае. Усё гэта праходзіла ўрачыста і цікава. Але некаторыя моманты засмуцілі паэта. Ён з сумам канстатаваў, што ў Дзень ведаў у гарад-
ской гімназіі не прагучала ніводнага беларускага слова. Прыгадаў выступленні фіналістаў рэспубліканскага конкурсу «Жывая класіка»: вучні выдатна чыталі творы беларускіх паэтаў, але як толькі пакідалі сцэну, пераходзілі на рускую мову.

«Мы багатыя людзі, у нас дзве дзяржаўныя  мовы. Мы свабодна валодаем рускай, але і беларускую трэба ведаць», — выказаў сваё меркаванне выступоўца і сказаў, што са сваім трохгадовым унукам ён размаўляе толькі па-беларуску. І хлопчык адказвае яму, разумее, што з дзедам трэба гаварыць на роднай мове. «Многія пытаюцца: як навучыць дзяцей? Проста заўсёды размаўляйце з імі па-беларуску. Уключайце ім беларускую калыханку, чытайце кнігі», — падзяліўся ўласным вопытам Навум Гальпяровіч. «У краіне тысячы настаўнікаў беларускай мовы, яны маюць спецыяльную адукацыю і павінны на сваіх уроках навучыць дзяцей любіць родную мову! Але самае лепшае, калі мы пра мову гаварыць не будзем, а проста будзем на ёй размаўляць», — сказаў выступоўца.

А яшчэ ён заклікаў слухачоў ганарыцца сваёй малой радзімай. Сказаў, што Маладзечна яму вельмі падабаецца, прыгадаў, што ўпершыню прыехаў у наш горад, каб пазнаёміцца з Міколам Ермаловічам.

Зазначыў літаратар, што свята ў Полацку – нагода падумаць, абмеркаваць тое, як мы будзем жыць далей, што трэба зрабіць, каб вярнуцца да роднай мовы і адчуваць сябе сапраўднымі носьбітамі спадчыны Францыска Скарыны. «Постаць Скарыны павінна заклікаць да роздуму пра наша жыццё», — перакананы палачанін, які шмат гадоў шчыра і самааддана служыць беларускай ідэі, славіць родную краіну ў вершах і прозе, расказвае пра яе здабыткі, яе слынных людзей на ўвесь свет.

Матэрыял падрыхтаваны да 500-годдзя Беларускага кнігадрукавання.

Прочитано 2647 раз Последнее изменение 14.09.2017 12:23
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.