06.01.2023 9:04

Дзед Мароз пад ёлкай слухаў, як спявае «Харашуха»

Весялілі маладзечанцаў у навагоднюю ноч на Цэнтральнай плошчы, пры марозе мінус 30 не змерзлі на канцэрце ў Смаргоні, рыхтавалі маскі для навагодняга «агеньчыка» з немцамі, без папярэджання прыйшлі калядаваць да дырэктара сваёй установы…

Нямала вясёлых навагодніх гісторый набралася за 30 гадоў творчай дзейнасці ва ўдзельнікаў народнага ансамбля народнай песні «Харашуха» выкладчыкаў дзіцячай школы мастацтваў. Разам з мастацкім кіраўніком Вольгай Бялько, яе паплечніцамі з першых дзён існавання калектыву Галінай Скурат, Людмілай Раінчыкавай мы, нібы вымаючы ёлачныя цацкі з прыхаванай да часу скрынкі, аднаўляем святочныя імгненні з біяграфіі ансамбля.

Куранты прабілі — касцюмы апранулі і на сцэну

Удзельнікі «Харашухі» лёгкія на пад’ём. Пабывалі ў многіх гарадах Беларусі, станавіліся пераможцамі, удзельнічалі ў прэстыжных музычных фестывалях у Расіі, Украіне, Германіі, Прыбалтыцы, Чэхіі, Венгрыі, Малдове, іншых краінах. А колькі замежных дэлегацый, ганаровых гасцей сустрэлі з хлебам-соллю і беларускай прывітальнай песняй на мяжы нашага раёна! Ні мароз, ні завея ім не перашкода. Любога сагрэюць сваёй гасціннасцю, шчырасцю, весялосцю. — Мы як разыдземся, дык са сцэны нас не сагнаць! — з усмешкай гавораць пра сябе.

І ў навагоднюю ноч даводзілася неаднойчы выступаць. Паспявалі дома з блізкімі дачакацца бою курантаў, а затым хуценька беглі ў музычную школу, каб пераапрануцца ў касцюмы і выйсці на сцэну на Цэнтральнай плошчы ля галоўнай ёлкі горада. У канцы 1990-х плошчу яшчэ не агароджвалі, людзей на свяце было вельмі шмат — сапраўднае народнае гулянне.

На сваё 20-годдзе калектыў атрымаў у падарунак новыя цёплыя зімовыя кажушкі васільковага колеру, упрыгожаныя вышыўкай і белым футрам — яркія, прыгожыя, як і самі ўдзельнікі. Неаднойчы Вользе Бялько даводзілася быць Снягурачкай, Івану Кісялю — Дзедам Марозам на ранішніках у школе мастацтваў.

Неяк пад Новы год ансамбль запрасілі на Беларускае радыё на запіс перадачы «Спявай, душа!». Гэта быў першы вопыт, першы выхад у рэспубліканскі эфір, на памяць пра які застаўся дыск. Пазней здымаліся і на Беларускім тэлебачанні для праграмы «Песні маёй краіны». Даводзілася выступаць на гарна-лыжным цэнтры ў Сілічах у час рэспубліканскай акцыі «Сям’я і здароўе». А пасля канцэрта самыя смелыя каталіся на цюбінгах…

«Як пайшла каляда…»

Гэта адна з калядных песень у рэпертуары калектыву з першых гадоў яго існавання. Як і «Шчодры вечар», што гучала не толькі на сцэне, але і для гасцінных гаспадароў, якія з радасцю адчынялі дзверы для звонкагалосых і вясёлых калядоўшчыкаў.

— У 1990-я гады мы выступалі на плошчы ў Смаргоні. Мароз — мінус 30. Каб ногі да зямлі не прымерзлі, увесь канцэрт танцавалі. І так самі сябе развесялілі, што, прыехаўшы ў Маладзечна, не захацелі па дамах разыходзіцца. Вывернулі кажух, надзелі на Івана Кісяля,
надзвычай артыстычнага нашага былога ўдзельніка, які пераўвасобіўся ў казу. Ды і пастукалі ў дзверы дома тагачаснага дырэктара нашай школы незабыўнай Бэцці Аўдзеенка. Яна, безумоўна, здзівілася — мы ж не папярэджвалі. Аднак гасцінна расчыніла дзверы, накрыла стол. Яшчэ мы любілі пераапрануцца ў калядоўшчыкаў і павіншаваць з днём нараджэння 27 снежня нашу калегу настаўніцу музычна-
тэарэтычных дысцыплін Галіну Сушкевіч, — вяртаюцца ў першыя гады сваёй дзейнасці мае субяседніцы.

Дарэчы, першым кіраўніком калектыву была Галіна Скурат. Яна сабрала калег-аднадумцаў, якія мелі такое ж вялікае жаданне несці людзям радасць праз песню. Праз год у музычную школу прыйшла працаваць Вольга Бялько і як прафесіянал-харавік узяла на сябе кіраўніцтва ансамблем. Сёлета Вольга Паўлаўна адзначыла 50-годдзе творчай дзейнасці. А самая вялікая для яе ўзнагарода, што яе сябры-паплечнікі як і раней, разам з ёю на сцэне і ў жыцці. Любоў да музыкі, узаемная сімпатыя, пачуццё гумару — тое, што аб’ядноўвае ўдзельнікаў «Харашухі», дае натхненне для новых выступленняў.

Касцяк калектыву застаўся тым жа: Галіна Скурат, Людміла Раінчыкава, Галіна Купрыеўская, Вольга Чычова, Наталля Багдановіч, якая з’яўляецца аўтарам інструментальных апрацовак (у яе, дарэчы, дзень нараджэння 1 студзеня), музыканты Таццяна Гражэвіч, Вольга Лявіцкая. На вялікі жаль, заўчасна пайшлі з жыцця выдатныя музыканты і педагогі Георгій Бажко, Генадзій Грэб, Аляксандр Бухціяраў, памяць пра якіх захоўваюць іх сябры па сцэне.

З настальгіяй успамінаюць мае субяседніцы і навагодні «агеньчык» у 1990-я гады ў школе мастацтваў, на якім прысутнічала дэлегацыя з Германіі. Прыйшлі на яго сем’ямі, з жонкамі і мужамі, у карнавальных касцюмах, масках. Самі пісалі сцэнарый, прыдумвалі конкурсы. Атмасфера была па-сапраўднаму святочнай і сяброўскай.

Такая ж станоўчая энергетыка панавала ў зале школы мастацтваў і ў час канцэрта, прысвечанага 30-годдзю гэтага самабытнага калектыву, які сёння аб’ядноўвае 15 удзельнікаў. Разам з музыкантамі старэйшага пакалення з задавальненнем выходзіць на сцэну моладзь. І гэта грэе сэрца — ёсць каму перадаць лепшыя традыцыі, любімыя народныя песні.

— Так павялося, што на Новы год, Каляды мы разам, заўсёды віншуем адзін аднаго, — гавораць удзельніцы «Харашухі».
А значыць, і сёлета каму-небудзь з іх сяброў ці знаёмых пашчасціць пачуць іх прыгожае шматгалоссе: «Добры вечар, пан гаспадару, мы ж твайго двара ды й не мінаем. Мы ж твайго двара ды й не мінаем, да з Святым Ражжаством, ды й велічаем!».

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО, архіў АНСАМБЛЯ «ХАРАШУХА».

Прочитано 362 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.