У выставачным фае Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага ўдзельнікі праекта прадставілі свае мастацкія работы. На вернісаж былі запрошаны творчая інтэлігенцыя, прадстаўнікі мясцовай улады, духавенства.
Сакратар Маладзечанскай епархіі, протаіерэй Віталій Багданёнак перадаў прысутным благаславенне мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веньяміна, Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі з нагоды правядзення і ўрачыстага закрыцця міжнароднага пленэру, а таксама словы прывітання ад епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага Паўла.
Ініцыятарам мерапрыемства з’яўляецца прыход царквы Еўфрасінні Полацкай у Івянцы, духоўнік пленэру — яе настаяцель протаіерэй Віктар Перагудаў. На ўрачыстасці айцу Віктару быў уручаны ордэн свяціцеля Кірыла Тураўскага 2-й ступені.
— Міжнародны мастацкі пленэр праходзіць у Маладзечанскай епархіі. Перш чым прыступіць да работы, мастакі азнаёміліся з творчымі работамі дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця Івянецкага дома-інтэрната і былі вельмі ўражаны іх талентамі, — расказаў айцец Віктар. — У пленэры прынялі ўдзел расійскія мастакі, якія далучаюцца да царкоўнага праекта, робяць першыя крокі, каб пазнаць Бога. Здаралася, што творчыя людзі, далёкія ад духоўнага жыцця, траплялі ў наша асяроддзе і пачыналі па-іншаму ставіцца да сябе і Сусвету. Напрыклад, мастак з Чэхіі, свецкі чалавек, пачаў складаць вершы, заняўся роспісам сцен манастыра. Наш праект сацыяльны па сваёй сутнасці, ён далучае мастакоў да духоўнасці, сродкі ад продажу карцін ідуць на справы дабрачыннасці — дапамогу дзецям з Івянецкага дома-інтэрната.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Клепакова павіншавала прысутных з адметнай датай — 1030-годдзем Праваслаўя на беларускіх землях, зачытала прывітальны адрас ад імя старшыні райвыканкама Юрыя Горлава. Вольга Паўлаўна выказала словы ўдзячнасці ўдзельнікам мерапрыемства, адзначыла вялікую ролю праваслаўнай царквы ва ўмацаванні маральнага здароўя грамадства, захавання духоўнай спадчыны.
На прадстаўленых палотнах адлюстравана гісторыя Беларусі, гісторыя праваслаўнай царквы. Мы бачым Еўфрасінню Полацкую і святароў, якія благаслаўляюць нашу зямлю. Некаторыя мастакі працавалі дыстанцыйна і перадалі свае работы для вернісажу. Акрамя Івянца і Маладзечна карціны будуць экспанавацца ў Мінску. У ліку тых, хто мае дачыненне да нашага горада, Аляксандр Грышкевіч і Уладзімір Зленка.
Мастак-пейзажыст Аляксандр Грышкевіч падзяліўся з журналістамі сваім меркаваннем:
— З задавальненнем прымаю ўдзел у дабрачыннай справе разам з аднадумцамі. Цяпер я не толькі пісаў карціны, але і збіраў матэрыял для будучага вялікага твора. Нездарма кажуць: чым больш набываеш вопыту, тым бліжэй ты да дому. Не трэба шукаць асаблівых матываў, каб занатаваць іх на палатне, трэба заўважаць простыя рэчы. Напрыклад, брамка ля роднай хаты — вобраз малой радзімы, яблыня – сімвал асенняга ўраджаю. Калі я не малюю царкву, гэта не значыць, што я не прысвячаю творы духоўнай тэме. Усё дадзена нам Богам. Зусім не абавязкова ўжываць прамыя цытаты, каб дакладна перадаць сваё памкненне.
Мастакі былі ўзнагароджаны за высокае прафесійнае майстэрства, прапаганду духоўна-эстэтычных каштоўнасцей і асабісты ўклад у рэалізацыю дабрачыннага праекта. Старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык падкрэсліў:
— Магу з упэўненасцю сцвярджаць, што гэта самы ўнікальны пленэр. Тут жыве малітва, ёсць благаславенне. Адна з мэт — праславіць нашу краіну, яе прыгажосць і святасць. Жадаючых далучыцца да нас становіцца ўсё больш. Каштоўная і камунікацыя паміж рознымі пакаленнямі. Маю на ўвазе заслужаных дзеячаў мастацтваў і студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, расійскіх мастакоў.
У склад творчай дэлегацыі з Расіі ўвайшла мастак-жывапісец Юлія Жукава.
— Я не першы раз прымаю ўдзел у пленэры. Самыя цёплыя ўражанні атрымліваю ад гасціннай краіны, знаёмства са шчырымі людзьмі, — дзеліцца Юлія. — Працавалася натхнёна. На палатно лягло ўсё тое, з чым я сутыкалася кожны дзень. Беларусь — край блакітных азёр, мясцовыя краявіды зразумелыя майму сэрцу.
Па словах дырэктара музычнага каледжа Дзмітрыя Раўбы, каледж з’яўляецца пляцоўкай для многіх праектаў. Асаблівае месца займаюць мерапрыемствы мастацкага пленэру «Святасць зямлі Беларускай». Нарадзілася ідэя 20 кастрычніка правесці дабрачынны канцэрт сімфанічнага аркестра, а сабраныя сродкі накіраваць дзецям з Івянецкага дома-інтэрната.
Урачыстасць завяршылася выступленнем заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі. У канцэртнай праграме прагучалі пранікнёныя лірычныя прысвячэнні роднай Беларусі і высокім пачуццям.
Тэкст і фота: Людміла ЦАР.