Сваёй творчасцю Ядвіга Іванаўна імкнецца сведчыць пра тое, што дабрыня і прыгажосць, міласэрнасць і шчырая вера выратуюць свет. Кожная яе новая работа — яскравае таму пацверджанне.
— Духоўны праект «Копіі беларускіх цудадзейных абразоў Маці Божай» распачаўся напрыканцы 2020 года. Са святарамі мы дэтальна абмяркоўвалі сюжэты, уносілі карэктывы, прадумвалі мастацкае афармленне работ. Восем абразоў былі гатовы ў першай палове мінулага года, — расказала Ядвіга Сянько.
Кожны вобраз адметны па-свойму.
Потым былі напісаны яшчэ пяць копій ікон. Мастачка прызнаецца, што не чакала такога шырокага рэзананса. Са шчырай радасцю сустракалі праект у вялікіх і малых беларускіх гарадах. Экспазіцыі ладзіліся не толькі ў касцёлах. Нямала людзей сабралася на свецкім мерапрыемстве ў Гомельскім абласным драматычным тэатры. Гучалі ўзнёслыя водгукі, словы падзякі.
— Справы духоўнасці аб’ядноўваюць нас, хрысціян, — лічыць Ядвіга Сянько. — Людзі розных веравызнанняў узносяць малітвы да Багародзіцы, просяць аб асабістым, набалелым.
Акрамя каталіцкіх, на экспазіцыі былі прадстаўлены праваслаўныя іконы, у іх ліку Жыровіцкай Божай Маці, а таксама вобраз Бялыніцкай Божай Маці, ушанаваны прадстаўнікамі розных канфесій. Нядаўна распачалася работа над спіскам цудатворнай іконы Вострабрамскай. Сваімі бліжэйшымі планамі мастачка падзялілася з прысутнымі. У прывітальным слове яна пажадала ўсім моцнага здароўя, душэўнага спакою, цярпення, вышэйшага благаславення на кожны дзень.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, маладзечанскае каталіцкае духавенства, сакратар Маладзечанскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Віталій Багданёнак, прадстаўнікі мясцовай улады.
Не пакінулі абыякавымі словы святароў аб тым, што найкарацейшай дарогай да Іісуса з’яўляецца Яго Маці Марыя. Вялікая радасць бачыць светлы воблік, адчуваць нябесную падтрымку. Спрадвеку на беларускай зямлі вобраз Багародзіцы меў асаблівае значэнне, яе называюць Заступніцай, Апякункай, Збавіцельніцай, Міласэрнай... Выявы Божай Маці з розных мясцін Беларусі сведчаць аб моцнай любві да яе і вялікай пашане.
Выстава Ядвігі Сянько працягвае свой шлях да сэрцаў людзей. Была выказана надзея на тое, што яна паспрыяе развіццю міжканфесійных адносін, кансалідацыі грамадства вакол традыцыйных духоўных каштоўнасцей.
Урачыстасць у Палацы культуры прадоўжыла выступленне дзіцяча-маладзёжнага хору «Зярняткі» маладзечанскай парафіі святога Казіміра. Перад гледачамі з творамі духоўнай тэматыкі выступіла оперная спявачка Юлія Казіміровіч. Усе жадаючыя атрымалі на памяць каляровы буклет «Цудадзейныя абразы Маці Божай». У ім ёсць такія словы: «Маці Божая сама выбрала беларускую зямлю і зрабіла яе месцам свайго аб’яўлення. Будслаў, Браслаў, Бялынічы, Мінск, Гродна, Брэст, Лагішын, Тракелі, Гудагай, Баруны — у гэтых і многіх іншых кутках Беларусі Найсвяцейшая Панна Марыя пажадала застацца з намі ў сваіх абразах, каб дапамагаць ісці нялёгкаю пілігрымкаю свайго зямнога жыцця, ведучы нас да свайго Сына Езуса Хрыста».
Тэкст і фота: Людміла ЦАР.